Лукашэнка адклаў на чатыры гады рэалізацыю Парыскага пагадненьня аб клімаце. Цяпер дакумэнты павінны быць распрацаваныя да 2022 году. Свабода высьвятляла, што гэта значыць.
Аляксандар Лукашэнка 22 сьнежня падпісаў указ, які пераносіць тэрмін прыняцьця мераў па рэалізацыі Парыскага пагадненьня аб клімаце. (PDF) Згодна з ранейшымі дакумэнтамі Беларусь павінна была зрабіць гэта да 1 сьнежня 2018 году, цяпер — да 2022-га.
Што такое Парыскае пагадненьне аб клімаце
Паводле Парыскага пагадненьня аб клімаце кожная краіна, якая ратыфікавала яго, мусіць зьменшыць выкіды ў атмасфэру вуглякіслага газу. Такія захады адкладуць глябальнае пацяпленьне і захаваюць рост сярэдняй тэмпэратуры на плянэце ў межах 2 градусаў паводле Цэльсія.
Парыскае пагадненьне ратыфікавалі 200 краін, у тым ліку Беларусь.
Чаму Беларусь пераносіць тэрміны
Да 1 сьнежня 2018 году Беларусь мусіла выпрацаваць канкрэтны плян і стратэгію, каб зьменшыць выкіды вуглякіслага газу ў атмасфэру, як прадугледжвае Парыскае пагадненьне. Гэтага не адбылося, бо «дэталёвы плян ня быў прыняты ў межах самога Парыскага пагадненьня аб клімаце». Яго прынялі толькі ў 2018 годзе на канфэрэнцыі ў Польшчы.
«Тры гады распрацоўвалася кніга правілаў, але цяпер яна ёсьць, і мы можам нешта рабіць у сябе. Да таго ж такія дакумэнты стратэгічнага ўзроўню, як стратэгія нізкавугляроднага разьвіцьця, нацыянальны плян адаптацыі да зьменаў у клімаце — гэта вельмі складаныя дакумэнты, якія сіламі Беларусі цяжка зрабіць, у нас няма такіх экспэртаў. Мінпрыроды ня мае такога ні чалавечага, ні фінансавага патэнцыялу. Таму мы чакалі міжнароднай тэхнічнай дапамогі», — патлумачыла Свабодзе Анастасія Бекіш, дарадца таварыства «Зялёная сетка» па кліматычнай палітыцы.
Беларусь чакае міжнародных дакумэнтаў, але распрацоўвае свае
У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя чакаюць прыняцьця міжнародных дакумэнтаў, у прыватнасьці, дапаможніка па фінансавых мэханізмах. Пра гэта Свабодзе сказала начальніца ўпраўленьня па рэгуляваньні ўзьдзеяньня на атмасфэрнае паветра, зьменаў клімату і экспэртызы Натальля Алейнікава.
«Мы працуем, але ня можам прымаць у Беларусі нейкія дакумэнты і ўносіць зьмены, пакуль гэтыя зьмены ня будуць прынятыя ў сьвеце. Калі ключавыя моманты будуць прапісаныя, будзем працаваць далей», — сказала яна.
Пры гэтым праца па Парыскім пагадненьні ў Беларусі вядзецца. Адпаведны плян быў падпісаны ў 2017 годзе і цяпер ён рэалізуецца, паведаміла Натальля Алейнікава.
А што астатнія краіны, якія падпісалі пагадненьне?
Ужо чатыры гарады ва Ўкраіне, якая таксама падпісала Парыскае пагадненьне, абвясьцілі пра поўны пераход на крыніцы альтэрнатыўнай энэргетыкі. Пра гэта распавядае Анастасія Бекіш.
«Украіна на крок наперадзе Беларусі ў гэтым пляне. Ва Ўкраіне чатыры гарады заявілі, што пяройдуць на ўзнаўляльныя крыніцы энэргіі. Гаворка вядзецца пра аб’екты муніцыпальнага падпарадкаваньня. Такі горад ёсьць таксама ў Грузіі. Нашы ж абавязкі па Парыскім пагадненьні шмат у чым абапіраюцца на запуск БелАЭС», — гаворыць Анастасія Бекіш.
Парыскае пагадненьне пакуль не падпісала Расея, а ЗША выйшлі з яго ў 2017 годзе — на той падставе, што барацьба з глябальным пацяпленьнем прывядзе да страты людзьмі працоўных месцаў.