Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі паведаміла, што пачалася праца над стварэньнем сумеснай расейска-беларускай групы інтэграцыі.
«Цяпер якраз фармуецца рабочая група. Яна ствараецца зыходзячы з Саюзнай дамовы, там цэлы набор напрамкаў», — цытуе «Інтэрфакс» кіраўніка ведамства Максіма Арэшкіна.
Міністар эканамічнага разьвіцьця адзначыў, што кантакты зь беларускім бокам ужо ідуць, канкрэтны графік перамоваў узгадняецца.
«Неўзабаве будзем дакладваць прэзыдэнтам плян, як працаваць далей», — дадаў расейскі чыноўнік.
Пра намер стварыць сумесную рабочую групу для падрыхтоўкі прапаноў у інтэграцыі і вырашэньні спрэчных пытаньняў было заяўлена 25 сьнежня пасьля сустрэчы Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Фактычна гэта адзіны абвешчаны вынік перамоваў кіраўнікоў Расеі і Беларусі.
Раней прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў і міністар фінансаў Антон Сілуанаў агучылі прэтэнзіі ў адрас кіраўніцтва Беларусі, якое патрабуе роўных эканамічных умоваў, але амаль два дзясяткі гадоў ігнаруе саюзныя пагадненьні, якія маюць на ўвазе адзіную валюту, адзіную мытню, адзіны суд і г.д.
Напярэдадні паездкі ў Маскву Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з удзелам кіраўніцтва ўраду, прысьвечаную супрацоўніцтву з Расеяй. Ён запэўніў, што мае намер ла апошняга адстойваць сваю пазыцыю, а таксама сказаў, што шантажаваць Беларусь не атрымаецца.