Чаму ў адных мясьцінах зімовыя сьвяты называюць Каляды, а ў іншых — Раство? Свабода працягвае праект „Моўныя мапы“.
Слова Каляды нашыя далёкія продкі пазычылі ў рымлянаў яшчэ ў старажытнасьці. Calendae на лацінскай мове азначае першы дзень месяца або сьвята пачатку году.
У гаворках ёсьць два варыянты націску: Каля́ды і Кóляды. Аднак на мапе не пазначаныя асаблівасьці мясцовага вымаўленьня. Напрыклад, на паўночным усходзе скажуць прыблізна так: Кыля́ды. А на Заходнім Палесьсі бываюць і Кóлядэ.
Слова Раство таксама запазычанае. Яно паходзіць ад царкоўнаславянскага Рождьство і звычайна сустракаецца ў рэгіёнах і вёсках, дзе пераважае праваслаўнае насельніцтва. Беларуская мова асвойвала слова адпаведна сваім гукавым законам: Ражаство, Раздво, Раство.
На мапе абазначаныя адным значком варыянты: — Раждзяство (Разьдзяство, Ражджаство); — Ражаство (Ражство, Ражтво, Раштво, Раждво, Рашство); — Раздво мае дыялектныя варыянты вымаўленьня накшталт Руздво.
Крыніца нашай моўнай мапы— „Лексічны атлас беларускіх народных гаворак“. Словы для яго сабралі ў палявых экспэдыцыях беларускія дыялектолягі ў 1970–90-я гады.
Чытайце пра назвы Калядаў больш падрабязна ў перадачы „Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам“.
Дарэчы, як называюць Каляды ў вашай сям’і? Пішыце ў камэнтарах пад пастамі ў нашых сацыяльных сетках: Facebook, Вконтакте.