Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крым перакінута больш за 10 расейскіх зьнішчальнікаў


Су-27 на аэрадроме Бельбек у Крыме.
Су-27 на аэрадроме Бельбек у Крыме.

Больш за 10 расейскіх зьнішчальнікаў Су-27 і Су-30 у суботу прыбылі на аэрадром Бельбек пад Севастопалем у анэксаваным Крыме. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на відавочцаў.

Перакідка баявых самалётаў адбылася на фоне росту напружанасьці вакол Азоўскага мора пасьля інцыдэнту 25 лістапада, калі Расея захапіла ў Чорным моры тры ўкраінскія баявыя караблі і іх экіпажы.

Украіна пасьля гэтага ўвяла ваеннае становішча на частцы тэрыторыі. Прэзыдэнт краіны Пётар Парашэнка заявіў, што існуе пагроза ўварваньня расейскай арміі, і паведаміў, што каля межаў Украіны разгорнутая расейская групоўка колькасьцю больш за 80 тысяч вайскоўцаў.

У сваю чаргу, у расейскіх СМІ пачалі зьяўляцца паведамленьні пра нібыта рыхтаваны наступ ўкраінскіх войскаў на сэпаратыстаў у Данбасе, якіх падтрымлівае Расея, ці на Крым.

З засьцярогамі аб магчымым наступе выступіў і МЗС Расеі, а кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў сказаў, што ўкраінскі прэзыдэнт Пётар Парашэнка перад Новым годам рыхтуе правакацыю ў Крыме. Ніякіх доказаў сваіх сьцьвярджэньняў ён не прывёў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у чацьвер на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве заявіў, што Расея будзе прымаць тыя меры для ўмацаваньня абараназдольнасьці Крыму, якія палічыць патрэбным.

У пятніцу ў порт Адэсы прыбыў шматмэтавы гідраграфічны карабель брытанскага ваенна-марскога флёту. Як паведамляе Бі-бі-сі, брытанскія вайсковыя караблі будуць зьмяняць адзін аднаго ў Чорным моры і такім чынам знаходзіцца там практычна ўвесь час. Таксама ў пятніцу стала вядома, што Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў аб павелічэньні фінансавай падтрымкі ВМС Украіны на 10 мільёнаў даляраў.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG