Выданьне The Insider апублікавала аўдыёматэрыялы, якія, як сьцьвярджаецца, сьведчаць пра сувязі расейскага прадпрымальніка Генадзя Пятрова зь цяперашнім кіраўніком службы эканамічнай бясьпекі генэрал-маёрам ФСБ Сяргеем Каралёвым.
Пятрова называюць лідэрам «Тамбоўска-малышаўскай» злачыннай групоўкі. Ён праходзіў па справе так званай «расейскай мафіі» ў Гішпаніі.
Выданьне сьцьвярджае, што мае доступ да больш чым тысячы запісаў тэлефонных перамоваў Пятрова, якія ўтрымліваюцца ў гішпанскай сьледчай справе. Insider публікуе фрагмэнты аўдыёзапісу, якія, паводле словаў журналістаў, адносяцца да 2007 году.
Частка запісаў адносіцца да 20 сьнежня. У гэты дзень у Расеі адзначаецца дзень ФСБ. У прыведзенай выданьнем размове Пятроў і яго суразмоўцы віншуюць адзін аднаго з «днём чэкіста» і абмяркоўваюць, як сьцьвярджае выданьне, высокапастаўленых асобаў, у тым ліку Сяргея Каралёва, цяперашняга кіраўніка Сьледчага камітэту Расеі Аляксандра Бастрыкіна і пракурора Санкт-Пецярбургу Сяргея Ліцьвіненку, а таксама тагачаснага міністра абароны Анатоля Сердзюкова. Прозьвішчы ў тэлефонных размовах ўдзельнікі дыялёгу не называюць.
Insider піша, што Пятроў спрабаваў праз Каралёва лабіраваць прызначэньне Бастрыкіна кіраўніком Сьледчага камітэту. У 2007 годзе Каралёў быў памочнікам Сердзюкова.
У размовах, паводле сьцьверджаньня журналістаў, таксама фігуруе дэпутат Дзярждумы Ўладзіслаў Рэзьнік. Разам зь Пятровым ён праходзіў па справе «расейскай мафіі» у Гішпаніі.
18 кастрычніка суд у Гішпаніі апраўдаў 17 чалавек, якіх падазраюць у дачыненьні да дзейнасьці так званай «Тамбоўска-малышаўскай» злачыннай групоўкі, у тым ліку дэпутата Дзярждумы Ўладзіслава Рэзьніка. Пры гэтым суд адзначыў у сваёй пастанове, што «камэрцыйныя апэрацыі, у якіх удзельнічалі фігуранты справы па даручэньні Пятрова, былі вельмі дзіўныя, падазроныя і часта пазбаўленыя эканамічнай лёгікі, што характэрна для адмываньня грошай».
Аднак гэтага аказалася недастаткова для таго, каб суд прызнаў злачыннасьць такіх дзеяньняў і лічыць, што гэтыя асобы належаць да злачыннай групоўкі.
Радыё Свабода неаднаразова пісала пра іспанскай справе «руская мафія».