Уладзімер Пуцін падпісаў 19 сьнежня распараджэньне аб зацьверджаньні ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, якую беларускі ўрад ухваліў яшчэ ў лістападзе.
Папярэдні такі дакумэнт зацьвярджалі ў 2001 годзе.
Цяпер слова за кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Свабода спытала экспэрта, ці варта ставіць Лукашэнку свой подпіс пад дакумэнтам, які ўзаконьвае шчыльнае вайсковае супрацоўніцтва зь дзяржавай, якая вядзе ўзброеную агрэсію супраць Украіны і пагражае сувэрэнітэту Беларусі.
Заснавальнік аналітычнага парталу Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў мяркуе, што двухбаковае зацьвярджэньне ваеннай дактрыны так званай Саюзнай дзяржавы ня зробіць істотнага ўплыву на палітычныя стасункі Беларусі з Расеяй, якія застаюцца праблемнымі.
«Палітычныя з эканамічнымі і пытаньні бясьпекі ў беларуска-расейскіх стасунках заўсёды былі разьведзеныя. Калі паглядзець у мінулыя гады, то якімі б кепскімі не былі палітычныя адносіны, гэта мала ці амаль ніяк не ўплывала на дачыненьні ў галіне бясьпекі. Таму ў гэтым выпадку беларускі бок, які прытрымліваецца старой практыкі, свае абавязаньні хутчэй за ўсё выканае.
Але праблема ў тым, што расейскі бок пачаў мяняць падыход. Яны пачалі ўвязваць пытаньні бясьпекі і пытаньні ўзаемадзеяньня ў вайсковай сфэры з агульным, скажам так, надвор’ем у палітычных двухбаковых стасунках. Да чаго гэта можа прывесьці, вялікае пытаньне», — мяркуе Андрэй Паротнікаў.
Пытаньне, ці варта Лукашэнку падпісваць ваенную дактрыну Саюзнай дзяржавы, Андрэй Паротнікаў лічыць заўчасным, пакуль не апублікаваны яе тэкст.
«Што тычыцца самой ваеннай дактрыны, дык гэта дэкляратыўны палітычны дакумэнт, які ў прынцыпе ні на што ўплываць ня будзе. Больш глыбокага вайсковага ўзаемадзеяньня, чым ужо ёсьць, празь яго ня будзе. Хаця ён цікавы як зрэз поглядаў падпісантаў на бягучыя выклікі ў сфэры бясьпекі.
Калі б мы пабачылі тэкст гэтага дакумэнту, то, умоўна кажучы, маглі б сказаць, што менавіта сёньня бянтэжыць і палохае афіцыйныя Менск і Маскву. Але празь месяц сытуацыя можа зьмяніцца.
На постсавецкай прасторы і на Захадзе ваенная дактрына — гэта дакумэнты зусім рознай вагі. Там дактрына — гэта дакумэнт наўпроставага дзеяньня, а ў нас гэта палітычная дэклярацыя. Але ў любым выпадку трэба дачакацца яе тэксту, каб больш дакладна казаць пра тое, ці варта яе было падпісваць».