Аляксандар Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі для расейскіх СМІ паабяцаў адказаць на адрасаваны яму ліст Брыжыт Бардо пра абарону жывёлаў, паведамляе БЕЛТА.
«Рыхтуем ёй адказ. Брыжыт Бардо — велічыня, мала таго — вельмі важную тэму ўзьняла», — сказаў Лукашэнка.
Адказваючы на пытаньне пра сытуацыю з усыпленьнем бяздомных жывёлаў у Менску, ён заявіў, што больш падрабязна вывучыць гэтае пытаньне.
«Калі здаровыя жывёлы кінутыя і іх усыпляюць — гэта бязладзьдзе. Але бязладзьдзе наша з вамі. Я як вясковы чалавек ведаю, адкуль зьяўляюцца бяздомныя каты і сабакі — гэта ад нас, гэта мы іх выкідаем на вуліцу. Таму мы будзем вечна змагацца з гэтай праблемай, пакуль самі мазгі ў рукі ня возьмем», — сказаў Лукашэнка.
28 лістапада француская актрыса Брыжыт Бардо апублікавала на сайце свайго фонду адкрыты ліст, адрасаваны Аляксандру Лукашэнку. Копію ліста яна таксама даслала ў адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі.
У лісьце Бардо папрасіла Лукашэнку зрабіць захады, каб сродкі, якія выдзяляюцца на адлоў і забойства жывёл, накіравалі на праграмы стэрылізацыі ў супрацоўніцтве зь мясцовымі зоаабаронцамі, а таксама на прытулкі-лячэбніцы.
Актрыса паведаміла, што гатовая накіраваць у Беларусь прадстаўніка свайго фонду, каб «патлумачыць і ўкараніць канцэпцыю рэгуляцыі залішняй колькасьці сабак і катоў бяз болю і пакутаў».
У Беларусі дасюль няма закону, накіраванага на гуманнае абыходжаньне зь бяздомнымі жывёламі. Законапраект «Аб абыходжаньні з жывёламі» ня могуць прыняць ужо больш за дзесяць гадоў.
У беларускім заканадаўстве не прапісана, што такое «жорсткае абыходжаньне і зьдзек з жывёлаў». Гэта запавольвае судовае рашэньне па многіх справах.
Статус жывёлы дагэтуль вызначаецца ў Грамадзянскім кодэксе (артыкул 137) як маёмасьць. Гэта правакуе выключна спажывецкі падыход да ўсіх жывёлаў. Гэта значыць, калі жывёла ня мае ўладальніка, то лічыцца дзяржаўнай уласнасьцю.
У краіне няма дзяржаўнай праграмы стэрылізацыі вулічных жывёлаў. Бяздомных жывёлаў адлоўліваюць і зьнішчаюць альбо адстрэльваюць на месцы. На гэта дзяржава выдзяляе велізарныя сумы грошай, аднак праблему гэта не вырашае.