Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм'ер Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй ня пойдзе ў адстаўку


Тэрэза Мэй
Тэрэза Мэй

Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй не пакіне сваёй пасады. Тайнае галасаваньне, якое праходзіла ў парлямэнце наконт яе кандыдатуры, скончылася на карысьць Мэй — 200 галасоў супраць 117, паведамляе «Настоящее время».

Тэрэзе Мэй удалося пераканаць дастаткова парлямэнтароў падтрымаць яе кандыдатуру і даць магчымасьць завершыць пагадненьне аб Brexit. Цяпер Мэй як мінімум на год захавае недатыкальнасьць як прэм’ер і пакуль можа не асьцерагацца адстаўкі.

Мэй, якая стала прэм’ер-міністаркай краіны ў 2016 годзе, перажывае палітычны крызіс з прычыны заключанага ёй пагадненьня пра Brexit (выхад Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу).

Выхад Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу мае адбыцца 29 сакавіка, а само пагадненьне Палата абшчын брытанскага парлямэнту павінна разгледзець да 21 студзеня 2019 году. Дакумэнт выклікаў шмат крытыкі як у праціўнікаў Brexit, так і ў партыі кансэрватараў-торы, якую ўзначальвае Мэй.

Праціўнікі пагадненьня лічаць, што Вялікая Брытанія ў выніку пагадненьня атрымае нявыгадныя ўмовы ў галіне ўзаемнага гандлю з Эўразьвязам, а таксама ў галіне міграцыі і мяжы з Ірляндыяй. Таксама, паводле ўмоваў пагадненьня, Лёндан пакуль застанецца ў эўрапейскім мытным зьвязе, прычым невядома, на які тэрмін, а брытанскія вытворцы будуць абавязаныя падпарадкоўвацца эўрапейскім правілам рэгуляваньня, у тым ліку і ў галіне экалёгіі.

Неабходныя 48 лістоў парлямэнтароў з патрабаваньнем правесьці галасаваньне па кандыдатуры Мэй былі сабраныя 12 сьнежня. Пасьля гэтага ў парлямэнце было прызначана тайнае галасаваньне. Калі б Мэй на ім не атрымала падтрымку мінімум 159 дэпутатаў (і ад сваёй партыі, і ад апазыцыі), яна была б вымушаная пакінуць пасаду кіраўніка ўраду.

Кіроўная партыя торы пасьля гэтага павінна была б альбо абраць новага лідэра, альбо аб’явіць новыя парлямэнцкія выбары. А на іх у кансэрватараў быў вялікі шанец прайграць лейбарыстам. Экспэрты ацэньвалі гэты варыянт як вельмі верагодны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG