Макрон паабяцаў выканаць патрабаваньне пратэстоўцаў і ўсклаў на сябе частку адказнасьці за пагаршэньне жыцьця французаў.
У звароце да нацыі 10 сьнежня прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон выступіў з прапановай падвысіць у краіне мінімальны заробак на 100 эўра і не абкладаць падаткам звышурочную працу, зьнізіць падатковую нагрузку на пэнсіянэраў і людзей зь нізкімі даходамі (меншымі за 2000 эўра на месяц).
Такім чынам ён пагадзіўся з патрабаваньнем «жоўтых камізэлек» – удзельнікаў масавых пратэстаў, якія адбываюцца ў Францыі трэці тыдзень. Разам з тым Макрон асудзіў акты гвалту і напады на паліцыюў, што чыніць частка ўдзельнікаў пратэстаў.
Макрон заявіў, што лічыць «шмат у чым апраўданымі» прэтэнзіі пратэстоўцаў. Ён пагадзіўся, што нясе «сваю долю адказнасьці» за тое, што эканамічны стан французаў апошнім часам пагоршыўся.
Прадстаўнік міністэрства эканомікі і фінансаў Францыі пазьней заявіў, што захады, на якія пагадзіўся Макрон, могуць каштаваць дзяржаве 8–10 млрд эўра.