Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біскуп: Выказваньні мітрапаліта Паўла пра баптыстаў недапушчальныя


Баптысты ў Менску сьвяткуюць Каляды
Баптысты ў Менску сьвяткуюць Каляды

Біскуп беларускага Саюзу эвангельскіх хрысьціян баптыстаў (ЭХБ) Леанід Міховіч асудзіў заявы праваслаўнага мітрапаліта Менскага і Заслаўскага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Паўла пра баптыстаў.

Пра гэта паведамляе інтэрнэт-рэсурс krynica.info. Мітрапаліт Павал назваў баптыстаў сэктантамі, параўнаў іх адмоўна з цыганамі і заклікаў не кантактаваць зь імі на рэлігійныя тэмы.

«Мы лічым такія заявы на адрас іншых вернікаў або асобаў іншай нацыянальнасьці недапушчальнымі, асабліва ад чалавека, які займае такое высокае становішча. Гісторыя і культура Беларусі вучыць нас памяркоўнасьці і зычлівасьці ў дачыненьні да людзей любых нацыянальнасьцяў і вернікаў розных канфэсіяў, улічваючы, што права на свабоду веравызнаньня замацаванае Законам,» — заявіў Леанід Міховіч.

Ён выказаў надзею, што мітрапаліт Павал прызнае, што ня меў рацыю.

«У той жа час разумеем, што ў гэтым грахоўным сьвеце немагчыма дамагчыся поўнай справядлівасьці. Памятаючы запаведзі Хрыста, будзем добраслаўляць тых, хто праклінае нас, будзем рабіць дабро тым, хто ненавідзіць нас, і маліцца за крыўдзіцеляў (Эвангельле ад Матфея, 4:44). Будзем таксама маліцца аб тым, каб у нашым грамадзтве праўда цякла як моцны паток (Кніга прарока Амоса, 5: 24), каб Эвангельле — добрая вестка пра Боскую любоў і выратаваньне празь веру ў Ісуса Хрыста — напаўняла зямлю» — сказаў біскуп ЭХБ.

Ён таксама падзякаваў Богу за шматлікіх шчырых праваслаўных людзей, зь якімі можна разам абмяркоўваць пытаньні веры і служэньня Хрысту. «Жадаем бласлаўленьня і дастатку ўсім народам, якія насяляюць наш прыгожы край, у тым ліку цыганам, і асабліва цыганам-баптыстам, якія ёсьць у нашых цэрквах» — падкрэсьліў Леанід Міховіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG