Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі вырабілі ядзернае паліва для першага блёку БелАЭС


Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

На Новасыбірскам заводзе хімічных канцэнтратаў выраблена і прайшло кантроль якасьці ядзернае паліва для пачатковай загрузкі ў рэактар першага энэргаблёку Беларускай АЭС.

Пра гэта паведаміла «Топливная компания «Росатома». Чакаецца, што прывязуць паліва ў Беларусь на пачатку 2019 году.

Усяго для Беларусі выраблена 180 цеплавыдзяляльных зборак, 163 зь іх будуць загружаныя ў рэактар, астатнія 17 застануцца ў рэзэрве.

«Для першай у Беларусі АЭС будзе пастаўлена найбольш сучаснае і эфэктыўнае ядзернае паліва, якое мае пазытыўны рэфрэнны досьвед эксплюатацыі», — заявіў прадстаўнік кампаніі Канстанцін Вергазаў.

Цяпер з Наўгародзкай вобласьці ў Беларусь вязуць вырабленую ў Расеі дэталь атамнага рэактара. Прычэп з дэтальлю суправаджаюць супрацоўнікі ДАІ і аўтамабілі прыкрыцьця, паколькі нават нязначная памылка пры транспартаваньні можа прывесьці да пашкоджаньня корпуса шлюза, паведамляе мясцовы тэлеканал.

Раней прадстаўнік дзяржкарпарацыі «Росатом» Аляксандар Лакшын адзначыў, што Беларуская АЭС будзе гатовая да завозу ядзернага паліва ў пачатку 2019 году. Будаўніцтва яе першага блёку знаходзіцца на завяршальным этапе.

На пляцоўцы БелАЭС працуюць каля 8 тысяч чалавек будаўніча-мантажнага пэрсаналу, беларускімі арганізацыямі выканана прыкладна 60% агульнага аб’ёму работ.

Беларуская АЭС ўзводзіцца за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекту ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд даляраў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га.

Эколягі Беларусі і Расеі ня раз выказвалі крытыку рашэньня пабудаваць АЭС у Беларусі. Супраць яе будаўніцтва на дзяржаўным узроўні выступае Літва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG