Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шорац зьняты з пасады старшыні Менгарвыканкаму. На яго месца прызначаны Сівак


Андрэй Шорац
Андрэй Шорац

Аляксандар Лукашэнка зьняў Андрэя Шорца з пасады старшыні Менскага гарадскога выканаўчага камітэту. На яго месца прызначаны Анатоль Сівак, які раней працаваў на пасадзе міністра транспарту і камунікацый, перадае БелТА.

Лукашэнка падкрэсьліў, што даўно хацеў разабрацца з кадравымі пытаньнямі ў Менгарвыканкаме і выказаў незадаволенасьць яго працай на чале з Андрэем Шорцам, зьвязваючы свае прэтэнзіі з карумпаванасьцю гарадзскіх уладаў.

"Праз тры тыдні падрыхтуйце маё наведваньне актыву гораду ў гарвыканкаме — дэпутаты, кіраўніцтва — усе тыя, хто вызначае твар горада, жыцьцё ў сталіцы Беларусі, — сказаў Лукашэнка. — Мне трэба сур'ёзна пагаварыць з апаратам, з выканкамам. У мяне вельмі шмат прэтэнзій і вельмі шмат пытаньняў не толькі да былога кіраўніцтва на чале з Шорцам, але і да саміх членаў выканкаму — работнікаў апарату".

У кастрычніку Лукашэнка адмяніў рашэньне Менгарвыканкаму забараніць продаж алькаголю пасьля 22 гадзін вечару. Тады ён назваў такое рашэньне бязглуздым.

Гаворачы аб прызначэнні Анатоля Сівака, Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што разглядалася больш за дзясятак кандыдатур на пасаду новага кіраўніка горада.

Анатоль Сівак
Анатоль Сівак

«І гэта ня сёньня вырашаецца пытанне, яно ўжо даўно паўстала», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Анатоль Сівак у ранейшыя гады эфэктыўна працаваў на пасадзе памочніка прэзыдэнта — галоўнага інспэктара па горадзе Менску.

«Павінен сказаць — быў эфэктыўным памочнікам, інспэктарам па кадрах з усіх тых, якія працавалі пасьля і да яго. Гэта, напэўна, асноўны матыў і фактар», — дадаў Лукашэнка.

Разам з тым, яшчэ ў красавіку 2018 году Лукашэнка моцна крытыкаваў тагачаснага міністра транспарту і камунікацый. Тады, выказваючыся пра карупцыю, прэзыдэнт заявіў, што «ўжо блізкі да таго», каб адправіць Сівака ў адстаўку.

Што тычыцца Андрэя Шорца, які кіраваў Мінгарвыканкамам зь лістапада 2014 году, Лукашэнка прыняў рашэньне аб яго пераводзе на іншую працу.

"Дадаць так, як гэта трэба, ён ня можа. Я гэта адчуваю. Таму мной прынята рашэнне аб пераводзе яго на іншую працу", - растлумачыў ён.

Да свайго прызначэньня на пасаду старшыні Менгарвыканкаму Андрэй Шорац таксама быў міністрам — жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

У 2017 годзе ён сустракаўся з прадстаўнікамі апазыцыйных палітычных структураў для абмеркаваньня будаўніцтва каля ўрочышча Курапаты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG