Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што ў Беларусі шануюць М. Калініна


Рамонт помніка Калініну ў Менску, 14 лістапада 2018 году
Рамонт помніка Калініну ў Менску, 14 лістапада 2018 году

У Менску распачалі рэканструкцыю помніка Міхаілу Калініну, аднаму са сталінскіх паплечнікаў, подпіс якога стаіць пад многімі «расстрэльнымі» сьпісамі 1930-1940-х гадоў. Кошт рэканструкцыі перавышае 60 тысяч даляраў.

Якія заслугі Калініна перад беларускай дзяржавай і народам, ня здолее дакладна сказаць нават самы зацяты камуніст. Пэўна вядома толькі тое, што ён аднаго разу (20 чэрвеня 1919 году) прыбыў у Менск на агітцягніку і заклікаў на плошчы да сусьветнай рэвалюцыі. Пра іншыя ягоныя дасягненьні і ролю ў беларускай гісторыі нічога невядома.

У савецкай гісторыі вобраз Калініна малявалі пераважна ружовымі фарбамі. Называлі «ўсесаюзным старастам», паказвалі сьціплым, прастадушным, клапатлівым дзядком, які дапамагаў простым людзям.

Міхаіл Калінін
Міхаіл Калінін

У канцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў, калі сталі даступнымі многія раней сакрэтныя дакумэнты, выявілася зусім іншая праўда пра «старасту». Менавіта ён 1 сьнежня 1934 году, у дзень забойства Кірава, падпісаў пастанову ЦВК і СНК СССР, зь якой пачаўся вялікі тэрор супраць «шпіёнаў» і «дывэрсантаў».

Іронія лёсу: праз чатыры гады на падставе гэтага ж антытэрарыстычнага закону была арыштаваная і кінутая на 15 гадоў у лягеры за «антысавецкую дзейнасьць» і «сувязь з трацкістамі» жонка Калініна Кацярына — маці іхных чацьвярых дзяцей.

Пісьменьнік Леў Разгон успамінаў, што сустрэў жонку Калініна ў пячорскім лягеры Важаель, дзе яна вычышчала вошай з вопраткі «зэкаў». Ейны муж у гэты час у Крамлі славіў «вялікага правадыра», на асабісты загад якога яе і кінулі ў лягер.

Кацярыну Калініну вызвалілі пасьля многіх прыніжальных просьбаў і пакаянных лістоў толькі ў чэрвені 1945-га, за год да сьмерці мужа.

Што да «сьціпласьці» Міхаіла Калініна, то вось адметны факт. У 1931 годзе зьявіўся ўказ «Аб перайменаваньні гораду Цьвер у горад Калінін». Подпіс пад указам: М. Калінін.

Асабіста ў мяне і маёй сям’і да грамадзяніна Калініна свае рахункі. У 1992 годзе былі рассакрэчаныя дакумэнты пра катынскія злачынствы. Праз 52 гады мы нарэшце даведаліся праўду пра трагічны лёс свайго дзеда і бацькі — Уладзіслава Саковіча, сьляды якога зьніклі ў верасьні 1939 году, пасьля таго, як ён, вайсковец польскай арміі, трапіў у савецкі палон. Тады ж у друку зьявіўся арыгінал дакладной запіскі Бэрыі Сталіну, паводле якой у Катыні, Медным і Харкаве было расстраляна больш як 20 тысяч польскіх ваеннапалонных, у тым ліку і мой дзед. (Сярод расстраляных, дарэчы, былі сотні ўраджэнцаў Беларусі.) На запісцы — рэзалюцыі Сталіна, Варашылава, Молатава і Мікаяна. Збоку пазнакі: «т. Калінін — за, т. Кагановіч — за».

Першы аркуш дакладной запіскі Берыі Сталіну з прапановай аб расстрэле палонных польскіх вайскоўцаў
Першы аркуш дакладной запіскі Берыі Сталіну з прапановай аб расстрэле палонных польскіх вайскоўцаў

У Менску помнік Калініну зьявіўся ў 1978 годзе — у той самы год, што і ў Маскве. У Маскве ён, праўда, прастаяў нядоўга. На пачатку 90-х гадоў, калі стала вядомая праўда пра «ўсесаюзнага старасту», помнік дэмантавалі і разьмясьцілі ў экспазыцыі парку «Музеон», Калінінскаму праспэкту вярнулі гістарычныя назвы Вазьдзьвіжанка і Новы Арбат, а горад Калінін зноў стаў Цьвер’ю. Гучалі прапановы перайменаваць і Калінінград, але вяртаць гістарычную назву Кёнігсбэрг у Маскве не адважыліся.

У Менску ж усё засталося па-ранейшаму: бронзавы Калінін на плошчы Калініна, зь якой пачынаецца вуліца Калініна, якую, у сваю чаргу, перасякае завулак Калініна. Зьнікла толькі цытата Калініна з даху 8-павярховага будынка, насупраць якога стаіць помнік. Гучала яна так: «СССР — краіна дружбы народаў» і подпіс — М.Калінін. Дэмантавалі яе тады, калі ў «краіне дружбы народаў» адзін за другім пачалі ўспыхваць міжэтнічныя канфлікты — у Нагорным Карабаху, Баку, Прыднястроўі, Абхазіі...

Улады абгрунтоўваюць неабходнасьць рэстаўрацыі помніка тым, што ён усё больш занепадае і неўзабаве мог бы апынуцца ў аварыйным стане. Сапраўды, якасьць ягонага вырабу і мантажу ў 70-я гады была ня надта. Апошнім часам гранітная плітка то тут, то там адвальвалася, зьявіліся расколіны. Пастамэнт пад Калініным з усіх бакоў замазвалі растворам і фарбай... Ды і сама бронзавая статуя была ўжо ў незайздросным стане.

Ці варта было траціць немалыя грошы на рэканструкцыю гэтай сумнеўнай зь любога пункту гледзішча фігуры? Куды таньней было б вярнуць плошчы яе першапачатковы гістарычны выгляд. Старэйшыя менчукі памятаюць: да 1978 году пасярод плошчы была вялікая клюмба.

І наўрад ці хто-небудзь пашкадаваў, каб з плошчы зьнік «усесаюзны стараста». Апошнія паўтара дзесяцігодзьдзя я амаль штодня праходжу ля гэтага месца. Не прыгадаю ніводнага выпадку, каб ля бронзавага Калініна зьявілася хоць кветачка — ні ў дні бальшавіцкіх сьвятаў, ні ў юбілеі самога Калініна, пра якія даўно ніхто ня памятае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG