Яго часта называюць прэс-сакратаром Беларускай праваслаўнай царквы, але насамрэч некалькі сакратароў акурат яму падначаленыя: протаярэй Сергій Лепін — старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускага экзархату. Айцец Сергій яшчэ і настаяцель Праабражэнскай царквы ў мястэчку Ракаў.
Сьвятар, праваслаўны функцыянэр, муж, бацька, беларус Сергій Лепін даў вялікае інтэрвію. Поўная гутарка — у відэа.
«Сытуацыя з рашэньнем менскага Сыноду сумная, але не эксклюзіўная»
«Нешта падобнае было ў нашых адносінах з Канстантынопалем у дачыненьні да рэлігійнага жыцьця ў Эстоніі. А калі шукаць нешта падобнае па маштабах і кананічнай сутнасьці, то з 2014 году існуе эўхарыстычны разлад паміж Антыяхійскай і Ерусалімскай цэрквамі».
«Шрамко пакараны за некарпаратыўныя паводзіны»
«Аляксандар Шрамко звольнены са сваёй сьвятарскай пасады. Ён працягвае быць сьвятаром, але ён пазбаўлены сваёй сьвятарскай дзеяздольнасьці. І гэта здарылася празь яго некарпаратыўныя паводзіны».
«На Афон нельга, і гэта пытаньне дысцыпліны»
«Беларускім праваслаўным, якія адносяцца да Маскоўскага патрыярхату, нельга ўдзельнічаць у набажэнствах у храмах Канстантынопальскага патрыярхату. Але гэта ня значыць, што там хлеб не ператвараецца ў Цела Хрыста. Праблемы нашых адносінаў зводзіцца да кананічных, а не дагматычных. Гэта пытаньне дысцыпліны».
«Царква можа вучыць і крытыкаваць уладу»
«Царква лічыць сваім абавязкам вучыць народ, а значыць — і дзяржаву».
«Царква не выказваецца, каб не станавіцца на бок той ці іншай палітычнай партыі»
«Царква выказваецца па рэзанансных тэмах, але пры гэтым імкнецца ня стаць пад чыесьці сьцягі. Напрыклад, Курапаты — ставіць ці ня ставіць крыжы. Здаецца, звычайная тэма, якую можна было б паспрабаваць вырашыць і без усякіх палітычных партый. Але не — і тут палітычныя партыі. А пасьля зьдзіўляюцца, што ёсьць хтосьці, а няма нас. Таму што мы не бяром удзелу ў палітычнай барацьбе».
«Мы супраць дзедаўшчыны, але навошта пра гэта яшчэ раз гаварыць?»
«Мы супраць забойстваў, мы супраць гвалту, мы супраць рабаўніцтва, разбою. Але ці трэба гэта ўдакладняць асобна ў кожным выпадку? Зразумела, ёсьць тэхналёгіі, якія б дазволілі нам дадаткова прапіярыцца. Ну, я думаю, што ніхто не сумняваецца, што праваслаўная царква супраць дзедаўшчыны. Я таксама не сумняваюся, што і ўлады супраць дзедаўшчыны».
«Ня трэба ўсё рускае аддаваць расейцам»
«Ёсьць два кантэксты ўжываньня слова „рускі“. Напрыклад, Вялікае Княства Літоўскае было і Рускім. Старажытныя Менскае, Віцебскае, Полацкае княствы таксама былі рускія. Але яны не былі расейскімі. І гаварыць, што мы ўсё рускае павінны аддаць расейцам, было б няправільна. Тое самае і з „русским миром“. Ёсьць „русский мир“ як пэўная палітычная дактрына, якая ўяўляе сабой спробу адбудаваць Расейскую імпэрыю — гэта адно. А ёсьць „русский мир“ — як кананічная тэрыторыя Рускай праваслаўнай царквы, зона кананічнай адказнасьці Рускай праваслаўнай царквы — гэта нешта іншае».
«Ёсьць цыбуліны, якія мне падабаюцца»
«Цыбуліны на праваслаўных храмах бываюць розныя. І многія дасьледчыкі кажуць, што першыя цыбуліны зьяўляюцца ў нас тут, няхай і не залатыя. Напрыклад — храмы Полацкага манастыра. Увогуле, ёсьць цыбуліны, якія мне падабаюцца і якія я лічу адпаведнымі гістарычнаму кантэксту. А ёсьць цыбуліны, якія мне не падабаюцца. Ёсьць шпілі, якія мне падабаюцца, тэма шпіляў зараз актуальная».
«Курапаты — гэта мэтафара»
«Курапаты для нас — гэта сьвятое месца. Гэта могілкі, гэта месца жахлівых масавых забойстваў і гэта помнік гісторыі і культуры. Але Курапаты — гэта і ня толькі дакладнае месца, гэта яшчэ і мэтафара ўсіх могілак, усіх забітых у гэтыя жудасныя часы. Мы спадзяёмся, што там зьявіцца неўзабаве якая-небудзь каплічка».
«Пікеты — гэта дэмакратычнае права»
«Людзі, якія пратэстуюць супраць рэстарацыі „Поедем поедим“, маюць права быць нязгоднымі і маюць права на пікеты. Але адно права не павінна перашкаджаць праву іншых весьці бізнэс. Я лічу, што перашкаджаць весьці бізнэс у адпаведнасьці з атрыманым дазволам можа толькі суд. Разам з тым рашэньне пра надзяленьне правам будаваць там рэстарацыю не беззаганнае, мякка кажучы. І добра, што мы з гэтым не пагаджаемся».
«Поп, рабін, мула — пастаянныя пэрсанажы анэкдотаў»
«Інтэнцыі да сьвятасьці ў кожным народзе абцяжарваюцца здольнасьцю да прафанацыі і нават блюзьнерства. Гэта па-першае. А па-другое, тое, што выдае пошукавік пасьля слова „батюшка“, адлюстроўвае попыт з боку людзей. Чаму гэта так — няпростае літаратуразнаўчае пытаньне. Але ў нас таксама ёсьць пачуцьцё гумару, і мы таксама жартуем, у тым ліку пра журналістаў».
«У мяне трое дзяцей: жонка і дзьве дачкі»
«Я звычайны муж, мая жонка — звычайная жанчына. Так, мы молімся, у нас ёсьць сьвечкі і іконы, але мы, бывае, і паспрачаемся, і пасварымся. Бывае, што і дочкі нешта пачуюць у свой адрас».
«ЛГБТ — гэта хвароба»
«У ЛГБТ-людзей ёсьць свае правы. Яны людзі — такія, як і я. У іх ёсьць правы на ўсе правы, якія гарантуе наша Канстытуцыя — на абарону іх жыцьця, на адукацыю, на працу, на мэдыцынскае абслугоўваньне. Але мы не пагаджаемся з тым, што гомасэксуальнасьць — гэта норма. ЛГБТ — гэта хвароба, гэта парушэньне сэксуальнасьці чалавека. А калі кажуць, што людзі такімі нараджаюцца, можна адказаць, што людзі з многімі хваробамі нараджаюцца».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.