Carlo Rovelli, «The Order of Time», Riverhead Books, New York, 2018; 240 старонак.
Пачну з цытаты:
«Затрымліваюся і нічога не раблю. Нічога не адбываецца. Ня думаю ні пра што. Слухаю, як мінае час.
Гэта час, знаёмы нам і блізкі. Ён нясе нас з сабою. Імклівы рух сэкундаў, гадзін, гадоў, які спачатку выпіхвае нас у жыцьцё, а потым зацягвае ў нішто… Мы жывем у часе, як рыба жыве ў вадзе. Нашае быцьцё ёсьць быцьцём у часе. Яго ўрачыстая музыка ўзгадоўвае нас, адчыняе перад намі сьвет, турбуе нас, палохае і заспакойвае. Сусьвет разгортваецца ў будучыню, цягнуты часам, ды існуе згодна з парадкам часу.»
Так пачынае ўводзіны ў сваю найноўшую кнігу італьянскі фізык Карлё Равэлі (Carlo Rovelli, нар. 1956). Хтосьці можа сказаць — фізык-лірык. Але ягоная кніга, якая выйшла летась па-італьянску і сёлета ў ангельскім перакладзе пад назвай «The Order of Time» («Парадак часу») — далёкая ад лірыкі, калі пад лірыкай разумець тэкст, які апэлюе перш за ўсё да эстэтычнага адчуваньня рэчаіснасьці. Насамрэч, «Парадак часу» — спроба фізыка даходліва і бяз формулаў растлумачыць людзям далёкім ад фізыкі, што час — гэта нешта іншае, чым большасьць людзей пра яго думае. Дарэчы, загаловак папярэдняй кнігі Равэлі, якая спрабуе растлумачыць людзям далёкім ад фізыкі, чым ёсьць «квантавая тэорыя гравітацыі» (сфэра тэарэтычнай фізыкі, у якой працуе аўтар), можна перакласьці як «Рэчаіснасьць выглядае інакш, чым нам падаецца» (анг. «Reality Is Not What It Seems»).
У гарах людзі старэюць хутчэй
Першая частка «Парадку часу» мае назву «Разбурэньне часу». Яна пачынаецца як удар малатком па галаве: «Пачнём з простага факту: час мінае хутчэй у гарах, чым на ўзроўні мора. Розьніца невялікая, але яе можна зьмерыць дакладным часамерам, які ў інтэрнэце каштуе некалькі тысяч даляраў». Прызнайцеся, толькі шчыра: вы пра гэта ведалі? Думалі пра гэта?
Я пытаю не пра кошт таго дакладнага гадзіньніка ў інтэрнэце, а пра тое, што час у гарах цячэ хутчэй, чым над морам. Вось я, прыкладам, пра гэта чуў і некалі нават задумаўся над гэтым — зусім не таму, што я больш кемлівы за іншых, а проста таму, што некалі пра гэта гаварылі ва ўнівэрсытэце, перш чым выпісаць мне дыплём фізыка.
У нашым крывым сьвеце няма аднаго часу
Але ж — і тут я пагаджаюся з Равэлім — пераважная большасьць людзей без дыплёму фізыка думае пра наш сьвет як пра «ньютанаўскі», у якім час і пустая прастора існуюць аб’ектыўна і нязьменна, незалежна ад таго, ці нехта жывы ў іх акунаецца, ці не. Праўда ж пра наш сьвет больш бязьлітасная, «айнштайнаўская»: ніякай пустаты няма, а наш сьвет — гэта ўсюдыіснае гравітацыйнае поле, то бок скрыўленая скупішчамі масы часапрастора. Маса, як даказвае нам Айнштайн у агульнай тэорыі адноснасьці, запавольвае час поблізу сябе, таму для людзей на раўнінах (бліжэй да цэнтру Зямлі) час цячэ павальней, чым для людзей у гарах (далей ад цэнтру Зямлі).
Што гэта значыць? Гэта значыць, што няма аднаго часу на ўсіх. Кожны чалавек мае свой індывідуальны час, залежны ад яго месца ў крывой айнштайнаўскай часапрасторы (то бок ад таго, як далёка ён знаходзіцца ад нейкай масы). У розных месцах час плыве па-рознаму. Гэта першы магутны ўдар па «традыцыйным» часе, які нанесла фізыка дваццатага стагодзьдзя. Але не адзіны.
Законы фізыкі ня бачаць розьніцы паміж учора і заўтра
Ды ўсё ж час, — усклікне нехта, і я разам зь ім, — ці ён хуткі, ці марудны, існуе як такі! Існуе для нас мінулае (учора, напрыклад, я глядзеў матч Барсэлёны) і цяперашняе (вось у гэты момант я пішу гэтыя словы), і будучае (у суботу я пагляджу матч Баварыі). Ніхто не адбярэ ад нас перакананьня, што сьвет ідзе сваім парадкам у часе — спачатку нам трэба парэзаць палец, каб адчуць боль потым, а не наадварот; спачатку шклянка падае на падлогу, потым бачым, як яна разьлятаецца на аскепкі. І час не цячэ ўзад — ніхто ня бачыў (калі не лічыць фільму, пушчанага ўзад), каб аскепкі разьбітай шклянкі зноў склаліся ў цэлую пасудзіну. Час — гэта тое, што адрозьнівае мінулае ад будучыні. Час — рэальны чыньнік у нашым жыцьці, як жа безь яго?..
Самае жахлівае ў кніжцы Карлё Равэлі тое, што аўтар пазбаўляе чытача ўпэўненасьці, што час — гэта аб’ектыўная дадзенасьць, якая існуе ў прыродзе па-за мозгам і сьвядомасьцю чалавека. Равэлі зьвяртае ўвагу на той дзіўны факт, што ўсе асноўныя раўнаньні фізыкі — і клясычнай, і квантавай — не «адрозьніваюць мінулага ад будучыні», не залежаць ад «парадку часу». Раўнаньні фізыкі, якія дазваляюць нейкую пасьлядоўнасьць здарэньняў у часе, дазваляюць таксама такую самую пасьлядоўнасьць, калі б «пусьціць час узад». Калі ўявіць сабе, што гады плывуць узад, то раўнаньні ньютанаўскай мэханікі кажуць нам, што Месяц вакол Зямлі круціўся б у адваротным кірунку з такой самай хуткасьцю, як і цяпер.
Яблык падае ўніз, а ня ўверх — гэта важна?
Ёсьць толькі адзін асноўны закон фізыкі, які адрозьнівае мінулае ад будучыні і, такім чынам, як быццам устанаўляе «парадак часу» ў прыродзе. Гэта другі закон тэрмадынамікі, які датычыць працэсаў абмену цяплом і кажа нам, што ўсе рэальныя працэсы ў прыродзе — неабарачальныя і адбываюцца з павелічэньнем энтрапіі (павелічэньнем неўпарадкаванасьці і неарганізаванасьці матэрыі ў нашым сьвеце). Яблык падае зь яблыні ня зямлю, а не наадварот — ён не падымаецца зь зямлі і не павісае зноў на галіне. Упаўшы, яблык абменьваецца цяплом зь зямлёю, і няма магчымасьці, каб гэтае цяпло абярнулася назад у энэргію, якая падыме яблык на галіну. Інакш кажучы, там, дзе маем дачыненьне з абменам цяпла, энтрапія заўсёды павялічваецца. Дык вось, энтрапія — уздыхаем мы, заклапочаныя ўратаваньнем часу, з палёгкай — і ёсьць той велічынёй, якая аб’ектыўна ўстанаўляе парадак часу ў прыродзе. Некалі сьвет меў мінімальную энтрапію, і з таго мінімальнага ўзроўню яна ўвесь час павялічваецца. Значыць, будучыня — гэта такі стан прыроды, у якім энтрапія большая, чым у мінулым. Яшчэ інакш: у прыродзе існуе «тэрмічны час», зьвязаны з абменам цяплом паміж фізычнымі аб’ектамі…
Час плыве толькі ў нашай галаве
Здавалася б, тут ужо няма выкруткі. Час існуе аб’ектыўна! Але не для Равэлі. Італьянскі фізык сьцьвярджае, што нашае ўспрыманьне плыні часу цалкам залежыць ад няздольнасьці чалавечага мозгу бачыць сьвет ва ўсіх яго дэталях. Квантавая неакрэсьленасьць — немагчымасьць уведаць месцазнаходжаньне і хуткасьці ўсіх часьцінак у сусьвеце — спрычыняе тое, што мы бачым сьвет «невыразна», у «затуманеным» або «размытым» выглядзе. Калі б наш мозг мог рэгістраваць дакладную карціну сьвету, ніякага павелічэньня энтрапіі не было б (як няма яго на квантавым узроўні рэчаіснасьці); як вынік, не было б і руху часу ўперад (як няма яго на квантавым узроўні). Падсумоўваючы гэтае месца разважаньняў італьянца, можна прыблізна сказаць: павелічэньне энтрапіі — гэта ілюзія, выкліканая недасканаласьцю і абмежаванасьцю нашага назіраньня за сьветам. А гэта значыць, што і рух часу — ілюзія, суб’ектыўнасьць, выкліканая асаблівасьцямі чалавечага ўспрыманьня і канструкцыяй чалавечага мозгу. У сусьвеце без чалавека няма часу. Інакш кажучы, час існуе толькі ў нашай памяці як ілюзія.
Показка пра фізыка і лірыка
Я адчуваю, што ўсё гэта можа гучаць даволі цьмяна, а магчыма, што і зусім незразумела для чытачоў, якія не прывыклі чытаць кнігі пра ідэі фізыкі. Італьянскаму аўтару спатрэбілася 240 старонак, каб выкласьці сваё бачаньне сьвету бяз часу. У мяне столькі месца тут няма. Дый я не прэтэндую на тое, што ўсё ў разважаньнях Равэлі мне зразумела. Але спадзяюся, што сваім тэкстам я выклікаў вашае зацікаўленьне гэтым аўтарам у прыватнасьці і фізычнымі ідэямі ў агульнасьці. Людзей, якія ўмеюць талкова і папулярна (без фізычна-матэматычных формулаў!) напісаць пра тое, чым займаецца фізыка — вобмаль. Карлё Равэлі — адзін з тых, хто несумненна ўмее. Адзначым, што ягоная невялікая кніжачка з 2014 году — «Сем кароткіх расповедаў пра фізыку» — стала міжнародным бэстсэлерам і была перакладзеная на 40 моваў. Я яе таксама прачытаў, а цяпер чытаю «Рэчаіснасьць выглядае інакш, чым нам падаецца». І мне пакуль ня хочацца чытаць ніякай фікшн, ні беларускай, ні амэрыканскай… У свой час, калі я быў студэнтам фізыкі, сярод нас хадзіла показка пра прафэсара-фізыка, якому сказалі, што адзін ягоны вучань пакінуў фізыку і стаў пісаць вершы. «Ах, я заўсёды падазраваў, што для фізыкі ў яго не хапала фантазіі», — адказаў прафэсар.