Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 лістапада — рэвалюцыйнае сьвята стабільнасьці і парадку Беларусі


Сьвяткаваньне 7 лістапада падкрэсьлівае ўсю эклектычнасьць, «усёеднасьць» і супярэчлівасьць беларускай афіцыйнай ідэалёгіі.

Задумайцеся — самая антырэвалюцыйная на постсавецкай прасторы ўлада, мантра якой — стабільнасьць і парадак, адзначае гадавіну рэвалюцыі, якая ня толькі радыкальна зрынула ранейшы лад, але і фізычна пазьнішчала яго прыхільнікаў.

Улада, якая далдоніць пра незалежнасьць як найвышэйшую каштоўнасьць, адзначае гадавіну рэвалюцыі, якая адбылася зусім у іншай краіне — у краіне, якая сама ўжо даўно афіцыйна адмовілася ад гэтай даты.

У рэаліях сёньняшняй Беларусі прыхільнасьць да рэвалюцыйных сьвятаў — на самой справе прыкмета савецкага «традыцыяналізму» і «кансэрватызму». Пры гэтым, калі не зацыклівацца на нейкіх стэрэатыпах пра «саўковую» Беларусь — што рэальна засталося ў краіне ад савецкага ладу? Фактычна нічога — няма ўлады саветаў, няма адзінай партыі, памірае ў няроўнай барацьбе з рынкам сацыялістычная плянавая эканоміка.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Парадаксальным чынам сьвяткаваньне гадавіны рэвалюцыі для цяперашняй беларускай улады якраз азначае захаваньне стабільнасьці і старых каштоўнасьцяў. Штосьці як у позьнім СССР 70-х — 80-х, калі дзядкі з Палітбюро, не мяняючыся там дзесяцігодзьдзямі, сьпявалі бадзёрыя камсамольскія песьні.

Лукашэнка не зьбіраецца адмаўляцца ад гэтага сьвята, хоць і разумее, што тэма даўно «астыла» і не выклікае захапленьня ў грамадзянаў. «Час ідзе, і яго трэба было напоўніць нейкім іншым сэнсам», — заявіў ён днямі. Якім новым сэнсам? Які новы сэнс павінны будуць увапхнуць прапагандысты ў 7 лістапада? Перайначыць яго ў сьвята стабільнасьці і парадку? Вельмі верагодна.

Ці можа — назавуць яго сьвятам нараджэньня беларускай дзяржаўнасьці?

Урэшце, пра што гэта я? Беларуская незалежнасьць, як ведаюць чытачы газэты адміністрацыі прэзыдэнта «Беларусь сегодня», нарадзілася ў 1994 годзе, адразу пасьля абраньня першага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Ніяк не раней.

У такой «парадыгме» не зьдзіўлюся, калі і 7 лістапада афіцыйна будзе прызнана сьвятам стабільнасьці і парадку. Неяк жа выводзіць прапаганда, што савецкія вайскоўцы, вызваляючы Менск у 1944-м годзе, — аказваецца, змагаліся за незалежнасьць Беларусі. А рэвалюцыйныя матросы Санкт-Пецярбургу на самой справе марылі аб прэзыдэнцкай Беларусі зь яе нязьменным кіраўніком.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG