«Я ахоўваў тэлецэнтар у Рызе, а брат — будынак МУС»
RU

Раз на год на невялікія вясковыя могілкі ў Докшыцкім раёне прыяжджае дэлегацыя латвійскай паліцыі. Сёлета да яе далучыліся беларускія калегі.

Ад вёскі Старына да Докшыцаў каля дзясятка кілямэтраў. Звычайны для Беларусі краявід, нічога асаблівага. Паваленыя платы, разьбіты асфальт, невялікія старыя хаты. У адной зь іх нарадзіўся Ўладзімер Гамановіч. Беларускі вясковы хлопец, пра якога расказваюць у паліцэйскіх школах Латвіі. У гонар Гамановіча рыскі «Музэй барыкад» трымае цэлую экспазыцыю, а на адной з вуліц Рыгі сталічныя ўлады паставілі памятны знак — вялікі камень зь імем беларуса.

Уладзімер Гамановіч загінуў 20 студзеня 1991 году падчас абстрэлу будынка МУС Латвіі, яму быў 31 год. Беларус стаў адной з апошніх ахвяр латвійскай барацьбы за незалежнасьць у пачатку 90-х. Пахаваны Гамановіч на радзіме, у суседніх з роднай Старынай Тумілавічах. Сёлета на яго магілу прыехаў кіраўнік паліцыі Латвіі, генэрал Інтс Кюзіс. Пра падзею нават напісала мясцовая раёнка «Родныя вытокі». «Міліцыянэр з Докшыц ахвяраваў жыцьцём за незалежнасьць Латвіі», — пад такім загалоўкам апублікавалі невялікую заметку з фатаздымкам. На фота латвійскі генэрал стаіць ля магілы Ўладзімера Гамановіча разам зь ягоным братам Станіславам. Мясцовае міліцэйскае начальства таксама не змагло праігнараваць прыезд высокіх гасьцей. З раёну прыехала дэлегацыя, прывезьлі вянок. Як кажуць браты Гамановіча, ці не ўпершыню.

Тры браты

Уладзімер Гамановіч нарадзіўся ў 1959 годзе ў сям’і вяскоўцаў. Маці Тацяна, бацька Аляксандар. Абое родам былі адсюль жа, працавалі ў калгасе. Уладзімер быў першым дзіцем у сям’і. Праз два гады ў Гамановічаў нарадзіўся другі хлопчык — Станіслаў. Яшчэ празь дзесяць трэці — Юры. Старэйшыя на той момант ужо адвучваліся ў мясцовай школе, рыхтаваліся паступаць у вучэльню. Пра тое, што абодва стануць міліцыянтамі, ніхто ня думаў.

«Воўка быў не такі, як я, — расказвае Станіслаў Гамановіч. — Ён спакайнейшы, больш разважлівы такі быў. Гэта я актыўны, выбуховы. Мы разам зь ім расьлі, не сварыліся. Тады тут у вёсцы ўсё ня так было, як цяпер. Цяпер, бачыш, пустыя вуліцы. А тады жыцьцё кіпела, вёска была больш жывая. Тут дом стаяў, тут другі. Шмат людзей, шмат дзяцей. Вёска большая была, дамы будаваліся. Вучыліся мы нармальна ў школе. Ну як нармальна, тады ж часы былі іншыя. Вучыліся як вучыліся».

Пасьля школы Ўладзімер Гамановіч паступіў у спэцыялізаваную прафэсійную вучэльню, вучыўся на электраманцёра. Потым пайшоў у войска, трапіў служыць у адну з часьцей у Рызе, быў ракетчыкам. Станіслава пасьля той жа вучэльні забралі ў барысаўскія Печы, адкуль маглі накіраваць у тагачасную Чэхаславаччыну. Аднак у апошні момант пакінулі сяржантам у Барысаве.

Пасьля службы ў войску Ўладзімер застаўся ў Рызе, пайшоў у міліцыю, даслужыўся да старшага лейтэнанта. Ягоны брат Станіслаў таксама стаў міліцыянтам. Некалькі гадоў адслужыў у Віцебску, патруляваў вуліцы.

8 кастрычніка 1988 году ў Латвіі ствараецца Народны фронт, які першапачаткова падтрымліваў перабудову, а паступова перайшоў на незалежніцкія пазыцыі.

«Мясцовыя хлопцы ў асноўным у калгас ішлі працаваць, нехта ў Менск ехаў, — успамінае Станіслаў Гамановіч. — Каб штораз іншае, то рэдка. У міліцыю мала хто ішоў, жаданьне такое ня ў кожнага было. Не сказаць, што гэта была вельмі прэстыжная праца. 120 рублёў у месяц. Я таксама думаў пасьля арміі электраманцёрам уладкавацца, па спэцыяльнасьці. Але стаў міліцыянэрам. Спадабалася мне, і ўсё. Не было такога, каб я марыў пра працу ў міліцыі. Не. Але неяк стаў і стаў. Тады праца ў міліцыі больш шанавалася, чым цяпер. Часы былі зусім іншыя, погляды ў людзей іншыя былі, больш сьціплыя. Такое тады было жыцьцё. Але мне падабалася ў міліцыі, хоць і заробак малы».

7 студзеня 1989 году ўтвараецца арганізацыя кансэрватыўных чальцоў Кампартыі — «Інтэрфронт». Ён дзейнічаў як супрацьвага Народнаму фронту і выступаў за тое, каб Латвія заставалася ў СССР. Паступова ў краіне сфармавалася двоеўладзьдзе. Дзяржаўныя органы Латвійскай ССР, у тым ліку рэспубліканскі МУС, падпарадкоўваліся мясцовым уладам. Партыйныя ўстановы — Маскве. Яе ж загады выконваў і рыскі АМАП.

У 1986 годзе Станіслаў Гамановіч пераехаў у Рыгу да брата. Спачатку спыніўся ў яго на службовай кватэры, затым атрымаў пакой у міліцэйскім інтэрнаце. Пачаў служыць у міліцэйскім палку, які займаўся аховай дзяржаўных будынкаў. Праца, спартовыя спаборніцтвы, сумесны адпачынак. З прыкладна 700 чалавек у палку беларусамі былі толькі Гамановічы. Рэшта — з усяго СССР: з Украіны, Грузіі, Узбэкістану, Расеі. Браты камандавалі ўзводамі, кожны меў у падпарадкаваньні каля 35 чалавек. Праца нагадвала вайсковую службу з магчымасьцю пайсьці дадому пасьля дзяжурства і праходзіла больш-менш спакойна. Да студзеня 1991-га.

Барыкады

23 жніўня 1989 году адбываецца «Балтыйскі шлях» — сумесная акцыя Народнага фронту Латвіі, Народнага фронту Эстоніі і літоўскага «Саюдзіса» ў падтрымку незалежнасьці ад СССР. Каля 2 мільёнаў чалавек сталі жывым ланцугом ад Таліна да Вільні

4 траўня 1990 году Латвія прымае Дэклярацыю аб аднаўленьні дзяржаўнай незалежнасьці.

Рыга канца 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя была ня самым спакойным месцам. У горадзе адна за адной ладзіліся вулічныя акцыі прыхільнікаў і праціўнікаў незалежнасьці. Шэсьці Народнага фронту зьмяняліся дэманстрацыямі пракрамлёўскага «Інтэрфронту». Пасьля штурму тэлевізійнай вежы ў Вільні Народны фронт Латвіі вырашыў дзейнічаць на апераджэньне. Цэнтар Рыгі перакрылі барыкадамі з грузавікоў, трамваяў і бэтонных пліт. Прыхільнікі незалежнасьці дзяжурылі пад дзяржаўнымі ўстановамі дзень і ноч — не хацелі дапусьціць, каб іх захапілі прасавецкія сілы.

«Я шмат пра што магу расказаць, — кажа Станіслаў Гамановіч. — Але цяпер ужо не хачу варушыць мінулае. Былі мітынгі, нас пасылалі туды пастаянна. Мы ж мусілі ахоўваць спакой і парадак. Міліцыянты з нашага палку пастаянна стаялі ў ачапленьні. Каб нічога ня здарылася такога. Нічыйго боку мы не прымалі, вядома. Нашай задачай быў парадак, і ўсё. А яны хай мітынгуюць сабе. Вядома, крычалі рознае ў наш адрас, усякае бывала. Але безь вялікіх канфліктаў. Што я буду падрабязнасьці расказваць, не хачу ў іх паглыбляцца. У нас у палку наконт гэтага (магчымай незалежнасьці Латвіі. — РС) канфліктаў ніякіх не было. Ні з латышамі, ні з кім. Усе проста рабілі сваю працу. Разважаць пра палітыку — гэта была ня наша справа. Наша справа — каб усё было ў парадку. А хто латыш, хто беларус, хто ўкраінец — мы сябе так не дзялілі».

13–27 студзеня 1991 году на вуліцах Рыгі і іншых латвійскіх гарадоў адбываецца збройнае супрацьстаяньне прыхільнікаў і праціўнікаў незалежнасьці. У гісторыю яно ўвойдзе пад назвай «Барыкады». 13 студзеня 1991 году, пасьля падзей у Вільні, на вуліцы Рыгі выйшла каля 500 тысяч чалавек. Яны выказалі падтрымку Вярхоўнаму Савету краіны і забарыкадавалі цэнтральныя вуліцы, а таксама базу АМАПу, які падпарадкоўваўся МУС СССР. АМАП быў створаны ва ўсіх савецкіх рэспубліках у 1988 годзе. У яго склад уваходзілі былыя дэсантнікі, удзельнікі баявых дзеяньняў у Аўганістане. З 14 студзеня амапаўцы пачалі нападаць на ахоўнікаў барыкад. Палілі аўтамабілі, зьбівалі пратэстоўцаў, захапілі будынак рыскай філіі Менскай школы міліцыі, расстрэльвалі барыкады са стралковай зброі.

6 верасьня 1991 году — Незалежнасьць Латвіі прызнаная Вярхоўным Саветам СССР.

16 студзеня ад кулі амапаўца загінуў адзін з ахоўнікаў барыкад на вуліцах Рыгі, шафёр Робэртс Мурніекс. Пасьля гэтага кіраўнік МУС Латвіі накіраваў у Маскву папярэджаньне, што па байцам АМАПу, якія наблізяцца да аб’ектаў МУС Латвіі, будзе адкрыты агонь на паражэньне. Праз два дні пасьля гэтага, увечары 20 студзеня, каля будынка МУС адбылася збройная сутычка. Хто пачаў страляць першым, дакладна не вядома дагэтуль. Сярод пяці чалавек, якія загінулі ў той вечар, быў і старшы лейтэнант міліцыі з-пад Докшыцаў, беларус Уладзімер Гамановіч.

Расстрэл

19 кастрычніка 1988 году — стварэньне аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту.


30 кастрычніка 1988 году — разгон першага мітынгу Беларускага Народнага Фронту ў Курапатах.

«Вы мяне ўсё распытваеце, няўжо нічога нідзе не напісана? Тыя падзеі ў жывой трансьляцыі паказвалі, кожны можа паглядзець, калі хоча, — кажа Станіслаў. — Тое, што я ведаю, гэта я ведаю. Праўду ведаю толькі я, больш ніхто. А варушыць старое я не хачу, хай застаецца пры мне... У той вечар мы блякавалі ўсе пункты — Дом друку, тэлецэнтар, тэлевізійную вышку. Усё бралі пад ахову, быў загад Міністэрства ўнутраных спраў. А Ўладзімер... Так выйшла, што яму выпала на дзяжурства ісьці ў будынак міністэрства. У 21.30 усё здарылася прыкладна. Разам зь ім у міністэрстве было 12–13 байцоў. На пяць паверхаў вялікага будынка».

Сам Станіслаў Гамановіч у дзень сьмерці брата ахоўваў тэлевізійны цэнтар, яго дзяжурства скончылася за некалькі гадзін да абстрэлу будынка МУС. Пасьля дзяжурства ён прыехаў дадому адпачыць, аднак Станіслава паднялі па трывозе адразу, як пачалася страляніна ў цэнтры. Ён удзельнічаў у ачапленьні, зусім недалёка ад таго месца, дзе загінуў брат. Але пра сьмерць Уладзімера даведаўся не адразу.

27 ліпеня 1990 году — Вярхоўны савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце.


25 жніўня 1991 году — Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР атрымала канстытуцыйны статус.


19 верасьня 1991 году — БССР перайменаваная ў Рэспубліку Беларусь.


8 сьнежня 1991 году — Беларусь увайшла ў склад СНД.

«Пасьля зьняцьця ачапленьня будынка МУС нам загадалі заняць абарону ў распалажэньні нашага палку, — кажа Станіслаў Гамановіч. — І калі ў полк вярнуліся хлопцы, якія з братам былі каля МУС падчас абстрэлу, яго зь імі ўжо не было. Я пачаў шукаць, але ніхто не казаў, дзе Валодзя. Хто ж скажа. Там такі вэрхал быў, што не зразумець нічога было. Знайшоў я яго толькі пад раніцу. У моргу. Звычайны рыскі морг. „Гайлезэрс“ называўся. Далі мне братавы дакумэнты і сказалі, што можна забіраць».

Паводле афіцыйнай вэрсіі падзей, супрацоўнікі АМАПу пасьля пачатку перастрэлкі ўзялі будынак МУС штурмам. Уладзімер Гамановіч загінуў на пляцоўцы паміж 4 і 5 паверхамі. Куля трапіла яму ў шыю, адно зь нешматлікіх месцаў, якія не былі прыкрытыя бронекамізэлькай і каскай. Акрамя беларуса, у той вечар каля будынка Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі загінуў яшчэ адзін міліцыянт — Сяргей Кананенка. А таксама школьнік Эдзі Рыекстыньш і тэлеапэратары Андрыс Слапіньш і Гвіда Звайгзнэ. Яшчэ восем чалавек атрымалі раненьні.

АМАПаўцы вярнуліся на сваю базу ўначы. Дзяжурства ля барыкадаў на вуліцах Рыгі працягвалася да 27 студзеня. Пасьля падзей 20–21 жніўня ў Маскве Рыскі АМАП тэрмінова пераправілі на базу пад Цюмень, агулам у Расею разам зь сем’ямі перабраліся 124 байцы. Некаторыя зь іх пазьней удзельнічалі ў падзеях у Прыднястроўі, Абхазіі і Босьніі.

Перад пераездам АМАПаўцы зьнішчылі ўсю дакумэнтацыю атраду. Суд па справе аб нападзе на будынак МУС Латвіі прайшоў толькі ў 1999 годзе. Дзесяць былых амапаўцаў былі асуджаныя на ўмоўныя тэрміны ад 1,5 да 4 гадоў пазбаўленьня волі. У 2004 годзе ўмоўныя тэрміны прысудзілі яшчэ дваім. Некаторых з удзельнікаў Рыскага АМАПу праваахоўныя органы Латвіі шукаюць дагэтуль.

Герой

Станіслаў Гамановіч вырашыў адвезьці цела брата ў родную вёску пад Докшыцамі. Уладзімерава жонка Натальля (Гамановіч-старэйшы ажаніўся ўжо ў Рызе, меў траіх дзяцей) была ня супраць. Пахавалі міліцыянта на старых могілках пад Тумілавічамі. На пахаваньні, акрамя родных, былі мясцовыя міліцыянты. Калі труну апусьцілі ў магілу, яны далі разьвітальны залп. Празь некалькі гадоў Гамановічы за свае грошы паставілі на магіле Ўладзімера помнік. На ім напісана, што міліцыянт загінуў пры выкананьні службовых абавязкаў.

«Пасьля пахаваньня брата я хацеў пабыць з бацькамі нейкі час, але ня змог, вярнуўся ў Рыгу амаль адразу, — кажа Станіслаў Гамановіч. — Цягнула мяне. Бацькі не хацелі адпускаць, вядома. Прасілі застацца. У Рызе я праслужыў яшчэ некалькі месяцаў, да траўня. Потым ужо вярнуўся ў Докшыцы назаўсёды. Мяне выклікалі ў МУС, прапанавалі застацца ў Рызе. Мог кар’еру рабіць, я ўжо быў малодшым лейтэнантам. Але я вярнуўся. Ня тое каб не хацеў заставацца. Там усё ж прайшлі лепшыя гады майго жыцьця. Але трэба было падтрымаць бацькоў, і неяк так атрымалася. Больш я ў Рызе ня быў. Цяжка ўсё гэта ўзгадваць, не хачу я. Прыяжджаў сюды гэты генэрал (Інтс Кюзіс, кіраўнік паліцыі Латвіі. — РС), пагаварылі мы зь ім па сваіх справах. Як там абстаноўка, туды, сюды. Успомніліся тыя гады. Ай, не хачу я шавяліць».

У 2000-х на запрашэньне ўладаў Латвіі ў Рыгу езьдзіў малодшы брат Уладзімера Гамановіча Юры. Быў у Музэі барыкадаў, адна з заляў якога прысьвечаная міліцыянту зь Беларусі. У невялікім пакоі сабраныя фатаздымкі, выстаўлены міліцэйскі мундзір Гамановіча.

«Шмат хто зь міліцыянтаў нашага палку ў 1991 годзе зьехаў з Рыгі, — успамінае Станіслаў Гамановіч. — Усе ж былі з розных краін. У выніку полк расфармавалі. Я, калі вярнуўся ў Докшыцы, больш у міліцыі не служыў. Электрыкам працаваў, у калгасе. Чым толькі не займаўся».

Цяпер Станіслаў Гамановіч робіць у калгаснай кацельнай. Час ад часу падпрацоўвае, робіць людзям печы. Гаворыць, што аплату бярэ сувымерна з прыбыткамі заказчыка, нажывацца на людзях ня хоча. У Латвіі засталася былая жонка, якая ў 1991 не захацела пераяжджаць з мужам у Беларусь. Іхны сын цяпер жыве ў Вялікай Брытаніі.

«Ці застаўся б брат у незалежнай Латвіі, калі б не загінуў тады, я ня ведаю, — кажа Станіслаў. — У яго была зусім іншая сытуацыя, вялікая сям’я, пэрспэктывы былі, камандзірам роты мог стаць. Ён пасьпяхова прасоўваўся па службе, самастойна. Ці быў брат героем, ці была яго сьмерць выпадковасьцю? Я ня ведаю. Не гераізм гэта. Ён проста выконваў свой абавязак. Калі б я трапіў на месца брата, то таксама выконваў бы сваю задачу да канца. Проста так усё склалася на той момант. Латвія аддзялялася, для іх тыя падзеі былі важныя. Брат проста не спалохаўся тады, ня ўцёк. Ніхто тады ня ведаў, чым усё скончыцца».

25 сакавіка 1997 году, праз шэсьць гадоў пасьля сьмерці Ўладзімера Гамановіча, яго ўдава Натальля і дзеці Сьвятлана, Ларыса і Віталь у парадку выключэньня атрымалі грамадзянства Латвіі. Спэцыяльную пастанову аб уручэньні пашпартоў выдаў Сэйм. Сям’і Гамановіча таксама далі новую кватэру і грашовую дапамогу. Усе яны дагэтуль жывуць у Латвіі, прозьвішча сабе пакінулі беларускае. Станіслаў Гамановіч сувязі зь сям’ёй брата не падтрымлівае.

У 2010 годзе Ўладзімер Гамановіч быў пасьмяротна ўзнагароджаны дзяржаўным ордэнам «Віестура». Узнагародай, якую даюць за падтрыманьне і ўмацаваньне дзяржаўнай бясьпекі і грамадзкага парадку.