У сьпісе асноўных удзельнікаў сустрэчы Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, якая пройдзе 31 кастрычніка — 1 лістапада 2018 году ў Менску, ёсьць і імя прэзыдэнта Косава Хашыма Тачы.
З гэтай нагоды прэзыдэнт Косава напісаў у сваім твітэры: «Чакаю майго першага візыту ў Беларусь. Дзякуй, амбасадар Ішынгер, за запрашэньне на Мюнхэнскую канфэрэнцыю ў Менск (нямецкі дыплямат Вольфганг Ішынгер ачольвае штогадовую Мюнхэнскую канфэрэнцыю па бясьпецы). Працэсы прымірэньня і міру ў Эўропе могуць умацоўваць адзін аднаго плюс садзейнічаць міру на нашым кантынэнце. Усё ў Косава прысьвечана прасоўваньню наперад на нашым шляху Эўразьвяз — Атлантыка».
У сьпісе ўдзельнікаў, які атрымалі сёньня журналісты, Хашым Тачы пазначаны як «палітычны дзеяч». Так напісана, верагодна, таму, што Беларусь дагэтуль не прызнала сувэрэнітэт і незалежнасьць Косава.
Цяпер Косава, як самастойную, незалежную ад Сэрбіі дзяржаву, прызналі 111 краін сьвету, якія ўваходзяць у ААН. У той жа час траціна такіх дзяржаў альбо наагул не прызнае Косава, альбо заяўляе аб сваім нэўтралітэце ў гэтым пытаньні. Сярод іх і два сталыя чальцы Савету бясьпекі ААН — Кітай і Расея.
Сярод удзельнікаў менскай сустрэчы пазначаная і Ана Брнабіч. Яна з чэрвеня 2017 году ачольвае ўрад Сэрбіі.
Дачыненьні паміж Сэрбіяй і Косавам застаюцца складанымі.