/
Мае бабулі захавалі вялікі сямейны архіў фатаздымкаў, найстарэйшыя зь якіх датуюцца трыццатымі гадамі мінулага стагодзьдзя. Аднойчы я іх усе старанна сабраў і склаў у адмысловую тэчку. Пазьней я прывозіў здымкі, якія знаходзіў у апусьцелых хатах Чарнобыльскай зоны, хутарах, якія зьнішчалі пад будаўніцтва Астравецкай АЭС, і клаў побач зь сямейнымі.
Цяпер тут і першыя здымкі з пашпартоў, выдадзеных кайзэраўскай уладай на акупаванай тэрыторыі, кавалеры і дзяўчаты, шлюбныя здымкі, беларусы ў польскім войску і Чырвонай арміі, на працы ў Нямеччыне падчас вайны, вяртанцы зь Сібіру і беларусы, вывезеныя на працу ў Карэлію і на Ўрал...
Мінуў час, і сёньня ўсе гэтыя фота для мяне — здымкі блізкіх і дарагіх мне людзей. Гэта візуальны летапіс майго роду і гісторыі краіны на зжаўцелых аматарскіх фатакартках.
Этнографы сьцьвярджаюць, што да хрышчэньня ў вераньнях нашых продкаў не было панятку пекла. Быў толькі Вырай-рай. Туды адляталі душы памерлых і птушачкамі жылі на галінках Дрэва Жыцьця. Няважна, якім тым быў пры жыцьці. Сьмерць усіх ачышчала, і ўсе душы станавіліся Дзядамі. З галінак дрэва яны назіралі за сваімі жывымі нашчадкамі, часам зьляталіся на сьвята ў родныя хаты. Сьвятыя Дзяды, хадзіце сюды!
Я доўга ня мог зразумець кароткую памяць беларусаў. Часцей за ўсё яна на дзядах-бабулях і спынялася. На могілках ставілі драўляныя крыжы, часам безыменныя. Век іх вельмі кароткі. І гэта мяне моцна бянтэжыла. Гэта бяспамяцтва? Але ж мы захавалі нашыя ўнікальныя абрады і традыцыі і валодаем адным з самых вялікіх у сьвеце зборам фальклёру... Адказ я атрымаў зусім нядаўна.
Ня ведаю большасьці тых людзей, здымкі якіх зьбіраю і захоўваю. Вельмі часта і я не магу сказаць, дзе і калі зробленыя тыя здымкі. Але падсьвядома ведаю, што на іх мае даўнія сваякі і продкі. І гэтае маё «бяспамяцтва» падаравала мне разуменьне куды глыбейшае і адказала на ўсе пытаньні.
Вы ўсе — мае Дзяды.
Пашпарты ўзору 1917 году выдавалі мясцоваму насельніцтву на тэрыторыі Беларусі, акупаванай кайзэраўскім войскам. Дзеля эканоміі перад камэрай садзілі па некалькі чалавек, якія трымалі асабістыя нумары ў руках. Пасьля супольныя здымкі разразалі і ўклейвалі ў дакумэнты.
Для вяскоўцаў гэта былі першыя фота, таму пашпарты старанна захоўвалі. Часам з пашпартоў рабілі першыя сямейныя фотаальбомы. Часьцей за ўсё ў бацькоўскі пашпарт дадавалі здымкі з пашпартоў жонкі і дзяцей альбо пазьнейшыя фота. Вокладку зь нямецкім арлом зьнішчалі, каб не было лішніх пытаньняў ад тых жа палякаў. На пабачаных мною пашпартах зь Вільні паралельна зь нямецкай мовай ідзе беларуская.
З тае пары (1917 год) у мяне захаваліся яшчэ два здымачкі гарачага патрыёта Беларусі Пятра Зяновіча. Яго імя мала вядомае сёньня. Нарадзіўся ў Лебедзеве Маладачанскага раёну. У чэрвені 1914 году скончыў Маладачанскую настаўніцкую сэмінарыю, працаваў настаўнікам на Віленшчыне. Пісаў лісты і артыкулы ў «Нашу Ніву», укладаў беларуска-польскі слоўнік. З 1919 году працаваў настаўнікам у роднай вёсцы, спрычыніўся ў пачатку 1920-х да адкрыцьця беларускіх школаў у родных ваколіцах. З 1923 году рабіў настаўнікам у школах Віленскага ваяводзтва. Надалей выкладаў і за часамі нямецкай акупацыі.
Арыштаваны ў 1944, абвінавацілі ў «антысавецкай агітацыі». Этапаваны ў Паўночна-Пячорскі лягер НКВД Комі АССР. Загінуў у зьняволеньні. Рэабілітавалі Зяновіча ў 1988 годзе.
Найранейшым зь сямейных здымкаў можна лічыць вясельны партрэт маей прабабкі Вольгі Садоўскай і яе мужа Восіпа Касабуцкага 1930 году. Прабабка была яшчэ тая аматарка фатаграфіі. Дзякуючы таму, што яна не шкадавала на гэтую забаву грошай, я маю зь дзясятак цікавых сямейных здымкаў пэрыяду 30–40-х гадоў мінулага стагодзьдзя.
Фатаграфія — што тады і што цяпер — гэта крыху ілюзія: якім хацелася б сябе бачыць, выглядаць у паўсядзённасьці, крыху зманіць перад нашчадкамі, паказаўшы сябе багацейшым і прыгажэйшым. На сьцяну альбо над дзьвярыма ў сенцах вешалася посьцілка саматканая, і зьбіралася ўся сям’я для агульнага здымку. На адной лаве і вакол яе паўставалі ўсе бліжэйшыя сваякі. Бабулі і дзядулі, самі гаспадары, іхныя дзеці, браты, сёстры... Калі дома ёсьць кішэнны гадзіньнік, і не адзін, то будзе ў бацькі і ягонага старэйшага сына абавязкова вісець з кішэні ланцужок, кабеты надзенуць найлепшыя сукенкі і прыбяруць валасы ў модныя грабеньчыкі, дзетак апрануць у прыгожую вопратку.
Але часам надараецца знайсьці з той пары і «студыйныя» партрэты. І цікавыя яны ня толькі зьместам фатаздымку, але і абрыўкам газэты, прыклееным да фатакарткі. Газэта гэта не звычайная, а вельмі папулярная ў Заходняй Беларусі «Беларуская Крыніца». То цалкам верагодна, што сям’я, якая на здымку, залічвала сябе да беларускіх каталікоў-хадэкаў. Паглядзіце, якія твары, якія постаці... Сьветлыя сукенкі, гольфікі, гальштук-мятлік, стылёвыя пінжакі і каралі альбо ружанчык у гаспадыні. Імаверна, здымак зроблены побач з домам гэтых людзей якімсьці заежджым фатографам. Гэта можа падказаць звычайны зэдлік, на якім сядзіць гаспадар, і фон, падвешаны над зямлёю, а не прымацаваны да сьцяны, як было б у студыі.
Гісторыя была такая. Мой дзед, Лескець Пятро Фёдаравіч, нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Сівіца Смаргонскага раёну Горадзенскай вобласьці. Вёска была зьнішчана пажарам у 1907 годзе, і таму ўсім прыходзілася нялёгка. Самыя сьмелыя і авантурныя ехалі працаваць у ЗША, Францыю альбо Аргентыну і празь некаторы час вярталіся з «добрым прыбыткам», за які можна было купіць зямлю і пабудаваць дом. Іншыя ж спрабавалі палепшыць сваё становішча цяжкай працай.
Савецкая прапаганда праз радыё вяла перадачы пра «райскае жыцьцё» на савецкай тэрыторыі. Дыктары казалі, што там уся зямля падзеленая пароўну і раздадзеная сялянам. Мабыць, гэта і штурхала майго прадзеда на пошукі лепшай долі і авантуру зь пераходам мяжы паміж Польшчай і СССР. Прадзед Фёдар, за прыкладам свайго брата Тараса, які паехаў у Амэрыку працаваць і зарабіць грошы на зямлю, выбраў такі самы шлях, але ў іншай краіне.
Так ці інакш, але прадзед з двума сынамі быў арыштаваны савецкімі памежнікамі ў траўні 1936 году. Паўгода яны ўсе сядзелі ў менскай «амэрыканцы». Чэкісты з асаблівым цынізмам прызначылі суд на 7 студзеня, на Каляды. Фёдара арыштавалі на 4 гады, а старэйшага сына Дзьмітра на тры гады і з турмы ў Менску адправілі ў «Ухтижемлаг» (Ухта-Іжэмскі папраўча-працоўны лягер НКВД існаваў на тэрыторыі Комі АССР у 1938–1955 гадах).
Там яны былі да 1940 году і вярнуліся дахаты ўжо ў далучаную да БССР Заходнюю Беларусь. Да дзяцей «ворагаў народу» ў савецкіх уладаў было асаблівае стаўленьне. Дзеду пашанцавала, што на момант пераходу мяжы з 18-гадовым братам і бацькам яму было ўсяго толькі 12 гадоў. Яму выпала доля трапіць у дзіцячы дом з цыркавым ухілам. Так-так, дзеці ворагаў народу мусілі забаўляць пралетарыят! Там ён навучыўся граць на інструмэнтах, жангляваць і хадзіць на руках.
Пра «прыгоды» падчас зьняволеньня прадзеда я даведаўся толькі сёлета дзякуючы архіўным дакумэнтам, якія апублікавалі валянтэры. «Ухтижемлаг» быў адным з найстрашнейшых месцаў у сталінскім ГУЛАГу. За час прадзедавай адседкі ў 1937–1938 гадах з прыблізна шасьці тысяч асуджаных болей як палову расстралялі. І гэта ня лічачы памерлых ад голаду і хваробаў. Сталіністы выконвалі свае пляны, і калі не было нагоды, то й самыя выдумлялі яе. Згадваецца, што ў гэтым лягеры яны часам накіроўвалі калёну з зэкамі на кулямётную засаду, і іх усіх расстрэльвалі за «спробу ўцёкаў». Можна толькі здагадвацца, што перажыў там мой прадзед і якім цудам ён вярнуўся дадому.
Да пачатку вайны ўся сям’я зноў была ў зборы. Але і тут ня ўсё добра было. Са словаў бабулі, Пятра павезьлі ў Нямеччыну ў 1942 годзе. Яго працавітасьць і цыркавыя ўменьні яму там вельмі спатрэбіліся. Дзед працаваў у нямецкага фэрмэра, у вялікай гаспадарцы. І калі меркаваць з тых аматарскіх здымкаў, якія ён слаў дадому, жылося яму нядрэнна.
«Артыста» вельмі любілі дзеці фэрмэра, асабліва малодшая дачка. На адным са здымкаў яна нецярпліва выглядае з-за сьпіны дзеда і яго таварышаў у касьцюмах-«тройках». На іншым — трымае за руку.
Асаблівую ўвагу надавала яму і старэйшая дачка фэрмэра, але ніяк праявіць гэтага не магла. Толькі на разьвітаньне падарыла сваё фота зь белым конікам.
Пятро Лескець памёр у 1986 годзе. Памяць аб савецкай турме і дзіцячым доме ня надта дазваляла апавядаць аб працы ў Нямеччыне. Дый у тыя часы не прынята было на такія тэмы гаварыць нават з блізкімі сваякамі. Як скончылася для яго вайна і калі ён вярнуўся дадому, можна толькі здагадвацца. Ягонага брата Дзьмітра і бацьку Фёдара Міхайлавіча рэабілітавалі толькі ў 1995 годзе.
Лёс гэтых людзей мне невядомы. Здымак мне даслаў чалавек, які нічога пра іх ня ведае. Хто гэтыя беларусы з Усходу, якія ў эвакуацыю патрапілі ў Сібір і па сканчэньні вайны вяртаюцца дадому? Альбо проста мясцовыя сібіракі, якіх у тыя часы вельмі часта высылалі ў спустошаныя вайной заходнія рэгіёны Беларусі жыць і працаваць? Мне старыя людзі апавядалі, як у пасьляваенныя галодныя часы савецкія ўлады прысылалі «пастаяльцаў» з Расеі. Мясцовыя іх баяліся і ня надта любілі. Рабіць у гаспадарцы яны не хацелі, але жыць — жылі ў хаце з усімі. І ня выправадзіш такога госьця — баяліся, і сказаць лішняе — ня скажаш. У савецкай імпэрыі быў свой экспэрымэнт — стварэньне савецкага народу.
Такая ж доля гасьцей на чужой зямлі часам чакала і беларусаў. Мае бабуля і дзядуля па маці атрымалі «шчасьлівую пуцёўку» на лесанарыхтоўкі ў Карэлію. Мне дзед распавядаў, што жыхары былой Заходняй былі на асобным уліку. Да іх не было вялікага даверу, і заўжды іх першымі адпраўлялі на прымусовыя працы. Вярнуліся яны адтуль толькі ў другой палове 60-х
Адна мая сваячка вымушаная была ехаць зь іншымі дзяўчатамі «падымаць цаліну». Але тое, што яна там пабачыла, тое, як сябе паводзіла савецкая моладзь, выклікала ў яе агіду і шок. Яна ня вытрымала і без дакумэнтаў і грошай вырашыла вярнуцца да бацькоў. Ірына папрасілася праехаць у правадніцы вагона. Браць дзяўчыну з цаліны было небясьпечна і вельмі рызыкоўна, але тая пагадзілася і адвяла яе ў каморку з вугалем. Так Ірына і вярталася. Здымак яна захавала як напамін аб тым побыце і людзях. Але болей зь дзяўчатамі, якія праз пэўны час вярнуліся ў Беларусь, не сябравала.
Хрушчоўская адліга і павольнае аднаўленьне жыцьця на старых фатакартках аднаўляюць кола чалавечага жыцьця. Дзеці, школа, вячоркі, моднікі і кавалеры, войска і вясельле, дзяды і ўнукі, пахаваньне...
Сяргей Лескець. Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маладэчанскім раёне. Скончыў БДПУ імя Максіма Танка па спэцыяльнасьці «гісторыя», Беларускі Калегіюм па спэцыяльнасьці «Найноўшая гісторыя». З 2013 году працуе як фатограф-фрылянсэр для шэрагу беларускіх і замежных СМІ (The Guardian, BBC World Service, Atlas Obscura, The Huck, LIFO, Calvert Journal, Belarus Digest і інш.) Яму цікавыя найперш беларуская правінцыя, жыцьцё і паўсядзённасьць, абрады і традыцыі, трансфармацыі ў беларускім грамадзтве.