Адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч выйшаў з ізалятара часовага ўтрыманьня ў Берасьці, дзе адбываў 5 сутак пакараньня за ўдзел у акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу 14 кастрычніка.
Сустракаць Міколу Статкевіча да ізалятара Ленінскага РАУС Берасьця прыйшлі некалькі актывістаў зь ліку праціўнікаў пабудовы акумулятарнага заводу ды журналісты.
Некаторым зь іх міліцыянты на месцы ўручылі позвы — зьявіцца ў пастарунак у час наступнай акцыі ў нядзелю. Людзям патлумачылі, што яны мусяць зьявіцца для тлумачэньняў наконт удзелу ў акцыі 14 кастрычніка.
«Такім чынам, пэўна, хочуць, каб людзі не пайшлі на плошчу ў нядзелю. Блогеры Пятрухін і Кабанаў сядзяць, астатнім — позва на нядзелю», — кажа незалежны журналіст Яўген Скрабец.
Пасьля вызваленьня Мікола Статкевіч сказаў, што затрыманьні на мінулай акцыі былі чаканымі, а яму давялося «адрывацца ад хваста», каб даехаць зь Менску ў Берасьце.
«Я чакаў такога разьвіцьця, таму што людзям ужо надакучыла карміць галубоў, яны пачалі больш жорстка вылучаць свае патрабаваньні да ўладаў, якія і адрэагавалі», — сказаў Мікола Статкевіч пра затрыманьні на акцыі супраць акумулятарнага заводу 14 кастрычніка.
Мікола Статкевіч прапануе берасьцейскім пратэстоўцам сабрацца разам ды адначасова 9 лістапада прынесьці падаваць скаргі Аляксандру Лукашэнку ў Менску.
«Калі прыйдуць шмат людзей са сваімі зваротамі, праблема зрушыцца. Бо гэта проста жахлівая сытуацыя — побач з 300-тысячным горадам такую вытворчасьць будуюць. Гэта ж у галаву не ўкладаецца», — кажа Мікола Статкевіч.
Мікола Статкевіч узяў удзел у акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Берасьці 14 кастрычніка. Падчас акцыі было затрымана каля 15 чалавек. Міколу Статкевічу і берасьцейскім блогерам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву прысудзілі па 5 сутак арышту. Але Статкевіча накіравалі ў ізалятар адразу, а блогераў адправілі адбываць пакараньне толькі 18 кастрычніка.
Акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу адбываюцца ў Берасьці штонядзелі некалькі месяцаў. Абураныя берасьцейцы пратэстуюць супраць будоўлі акумулятарнага заводу. Людзі баяцца, што завод будзе шкодзіць іх здароўю і навакольнаму асяродзьдзю.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.