За дзевяць зь лішнім гадоў існаваньня ініцыятывы «Усходняга партнэрства» яна не зрабілася канфрантацыйнай і павінна заставацца такой, заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімер Макей.
«Як бы хто ні хацеў, гэтая ініцыятыва не ператварылася ў нейкую канфрантацыйную канцэпцыю, накіраваную супраць трэціх дзяржаваў. І мы і сёньня на закрытым пасяджэньні чарговы раз падкрэсьлілі, што гэтая ініцыятыва павінна насіць неканфрантацыйны характар. Яна павінна быць накіраваная на збліжэньне, аб’яднаньне ўсяго, што існуе ў нашым рэгіёне, а не на будаўніцтва новых падзяляльных ліній», — сказаў беларускі міністар у панядзелак у Люксэмбургу пасьля міністэрскай сустрэчы «Усходняга партнэрства».
Паводле яго, «такое разуменьне прысутнічае ў пераважнай большасьці нашых суразмоўцаў».
«Прыемна і тое, што за гэтыя дзевяць гадоў удалося выпрацаваць пэўную праграму эканамічнага ўзаемадзеяньня, у рамках якой мяркуецца рэалізаваць, і ўжо рэалізуецца, шэраг рэгіянальных праектаў. Мы сёньня зьвярнулі на гэта асаблівую ўвагу, падкрэсьліўшы, што так, ёсьць нейкія зрухі, але рэальнага прагрэсу, які быў бы заўважны нашым звычайным людзям, няма», — падкрэсьліў У. Макей.
У сувязі з гэтым ён заклікаў надаваць больш увагі праграмам, «якія будуць накіраваныя на павышэньне дабрабыту нашых народаў, на эканоміку». «І эканоміка павінна быць на першым месцы», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі, чые адказы прэсе трансьлявала тэлеслужба Эўразьвязу.
«Праблемы ў нас ва ўзаемаадносінах з Эўрапейскім зьвязам застаюцца, але ёсьць адназначнае разуменьне, што трэба рухацца насустрач адны адным, трэба разьвіваць узаемадзеяньне, якое мусіць быць нацэленае на павышэньне ўзроўню дабрабыту людзей, на разьвіцьцё эканомікі краін. І гэта самае галоўнае», — падкрэсьліў міністар.
У адказ на пытаньні аб магчымых паездках прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў шэраг дзяржаваў ЭЗ У. Макей заявіў, што прапрацоўка такіх візытаў вядзецца.