Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з Патрыярхам Маскоўскім і Ўсяе Русі Кірылам. Кіраўнік Беларусі падкрэсьліў важнасьць адзінства царквы, заявіўшы, што «раскол — гэта заўсёды дрэнна» і што «мы як прыхаджане будзем старацца падтрымліваць яднаньне ўсіх працэсаў».
«На жаль, наша Царква вельмі часта ў гісторыі станавілася закладніцай міждзяржаўных адносін. Часам нашых няправільных учынкаў. Вы павінны ведаць нашу непахісную дзяржаўную пазыцыю, што раскол — гэта заўсёды дрэнна. І гэта дрэнныя наступствы. Наступствы небясьпечнейшыя за ўсё. таму мы вельмі балюча ставімся да таго, што адбываецца сёньня ў праваслаўі», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.
Лукашэнка падкрэсьліў, што сучасны сьвет зьмяніўся.
«Мала таго, што паскорыўся, ён зьмяніўся ня ў лепшы бок. І закладнікі ўжо ўсё насельніцтва нашай плянэты. Гэта перш за ўсё кепскі настрой. А настрой — гэта заўсёды было адказнасьцю Царквы. Таму гэта б’е найперш па Царкве, па яе служках», — адзначыў Аляксандар Лукашэнка.
Ён таксама пажадаў патрыярху Кірылу мудрасьці і цярпеньня. «Мы як прыхаджане будзем старацца падтрымліваць яднаньне ўсіх працэсаў, каб захаваць мір на зямлі. Ужо занадта блізка мы падышлі да небясьпечнай рысы».