Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі заявілі, што Захад перапісвае гісторыю, «каб зрабіць з нас дурняў»


«Заходнія апанэнты перапісваюць гісторыю, каб з нас зрабіць дурняў», — лічыць удзельнік Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, старшыня Нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых аб’яднаньняў Расеі Грыгорый Петушкоў. На адной з сэкцыяў Форуму ён заклікаў агульнымі намаганьнямі беларускай і расейскай моладзі «супрацьстаяць перапісваньню агульнай гісторыі».

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі пачаўся 10 кастрычніка. 11-га праходзілі сэкцыйныя пасяджэньні, падпісваліся пагадненьні аб супрацоўніцтве паміж беларускімі і расейскімі ўдзельнікамі.

Сэкцыя «Сацыяльная і грамадзянская актыўнасьць моладзі Беларусі і Расеі: традыцыі і навацыі», на якой выступаў Петушкоў, праходзіла ва ўнівэрсытэце імя Куляшова. Цягам трох гадзін дзяржаўныя функцыянэры ды лідэры прадзяржаўных моладзевых арганізацый дзьвюх краін гаварылі пра патрыятызм, сацыяльную адказнасьць ды грамадзянскую самасьвядомасьць маладога пакаленьня. Нацыянальных адметнасьцяў выступоўцы не закраналі.

Петушкоў: перапісваюць гісторыю, каб зрабіць з нас дурняў

Грыгорый Петушкоў у сваім выступе адзначыў: бараніць «агульную гісторыю» Беларусі і Расеі варта супольнымі намаганьнямі на міжнароднай арэне. У гутарцы з журналістам ён сказаў, што на сустрэчах з моладзьдзю эўрапейскіх краін тыя «ведаюць гісторыю зь іншага ракурсу, а іншым разам абсалютна іншую, перавернутую на 180 градусаў». З тлумачэньня суразмоўцы вынікала, што так не павінна быць.

Моладзевы функцыянэр настойваў, што «чачэнец, беларус ці расеец ня могуць спакойна глядзець, як заходнія апанэнты перапісваюць увесь сэнс Другой Усясьветнай вайны, яе перадумовы і вынікі».

На сэкцыі ў Магілёўскім унівэрсытэце. Выступае міністар адукацыі Ігар Карпенка «;.
На сэкцыі ў Магілёўскім унівэрсытэце. Выступае міністар адукацыі Ігар Карпенка «;.

«Перапісваньне гісторыі адбываецца не для таго, каб нашкодзіць народам былога СССР, — казаў ён, — а для таго, каб выкарыстаць сёньняшнюю палітычную сытуацыю ў сваіх інтарэсах».

«Пры такім перапісваньні нас усіх робяць дурнямі», — казаў Петушкоў.

Ці маюць беларусы права на сваё бачаньне гісторыі?

Агульная гісторыя Беларусі і Расеі, яго думку, трымаецца на сямейным выхаваньні, падабенстве школьных ды ўнівэрсытэцкіх праграм, а таксама на чытаньні адных кніг ды праглядзе «агульных зразумелых фільмаў».

На заўвагу, што беларусы маюць сваю мову, традыцыі і ўласнае, адметнае ад расейскага, бачаньне гісторыі, Грыгорый Петушкоў адказаў: «У Расейскай Фэдэрацыі яшчэ больш нацыянальнасьцяў, моваў, і гэта не перашкаджае вялікай краіне жыць, разьвівацца ды мець адзіную гісторыю».

Унівэрсытэт імя Куляшова, у якім праходзіла сэкцыя Форуму пра моладзевую палітыку
Унівэрсытэт імя Куляшова, у якім праходзіла сэкцыя Форуму пра моладзевую палітыку

«Тое ж самае ў нас зь Беларусьсю. Ніхто не прыніжае гістарычных фактаў двухсот, — трохсотгадовай даўнасьці, якімі трэба ганарыцца», — падсумаваў суразмоўца.

Чым запомніцца Форум магілёўцам?

З Расеі ў Магілёў на Форум прыехалі больш за дзьве тысячы расейцаў. Сярод іх два дзясяткі губэрнатараў і 16 кіраўнікоў прадстаўнічых органаў улады. У цэнтры Магілёва 11 кастрычніка разгарнуўся вялізны кірмаш. У яго адкрыцьці ўдзельнічалі старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч і старшыня Савету Фэдэрацыі Расеі Валянціна Матвіенка.

У апошні дзень форуму, 12 кастрычніка, чакаецца прыезд у Магілёў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Спачатку яны паразмаўляюць між сабой, а потым возьмуць удзел у пленарным пасяджэньні, якое адбудзецца ў Палацы вобласьці. У яго рамонт было ўкладзена 10 мільёнаў рублёў.

На кірмашы прэзэнтавалі музэй «Назад в СССР»
На кірмашы прэзэнтавалі музэй «Назад в СССР»

Перад візытам горад зазнаў маштабны рамонт і будаўніцтва. Размах працаў быў нечуваны за апошнія дзесяцігодзьдзі.

Падрыхтоўка гораду да форуму запомніцца магілёўцам суботнікамі, заторамі на дарогах, адлічэньнямі з заробкаў, а таксама несупынным рамонтам цэнтральных вуліц. Будаўнічыя працы вяліся на аб’ектах, вызначаных як важныя для Форуму рэгіёнаў. Тыя, што псавалі выгляд, зносіліся альбо хаваліся за банэрнымі сеткамі. Пратэсты гараджанаў супраць узьвядзеньня ці зносу тых ці іншых збудаваньняў на сытуацыю не ўплывалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG