Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет па беларускай мове… пры Лукашэнку? Ня сьмешна


Украінская карыкатура
Украінская карыкатура

Пішу такі запыт, гугл адказвае зь неразуменьнем дзесяць разоў запар: «савет па рускай мове пры прэзыдэнце Пуціне». Вось бачыце: зь беларускай мовай поўны ажур, Лукашэнку няма патрэбы турбавацца. Ніякіх «саветаў» ня трэба! Чаго ня скажаш пра Расею: там з расейскай, як выглядае, зусім швах, сам прэзыдэнт мусіць трымаць на кантролі.

Чаму гэта мяне зацікавіла? Днямі скасавалі раду па расейскай мове пры старшыні ўраду Мядзьведзеве. Выканала сваю ролю? Ды не. Проста — «каб не дублявалі» адна адну дзьве аднолькавыя рады, пакінулі пуцінскую. Узмацнілі значэньне прэзыдэнцкай. Цяпер яна будзе аднаасобна дбаць пра «дзяржпадтрымку і разьвіцьцё расейскай мовы».

«Дзяржпадтрымка беларускай мовы» гучыць у нашым выпадку наіўнасьцю…

З другога боку, мядзьведзеўская рада ў Маскве моцна ня парылася, апошні раз зьбіралася год таму. Над чым галаву ламала? Над выкладаньнем расейскай мовы ў школе. Ну проста сьмеху варта, гучыць як анэкдот. Што ў Расеі пагражае расейскай мове? Пішуць на платах тры літары? Ну дык бяз гэтага ж нікуды. Гэта самая соль «языка». Яскравы прыклад — адвечны праўдаруб і думскі гаварун Жырыноўскі. Вельмі высокага ўзроўню начальнік. У чалавека два моўныя бзікі: любіць абмацярыць у прамым эфіры і нагвалт патрабуе замяніць усе замежныя словы лексыкай часоў «раньше ели редьку с квасом…»

Але яшчэ большы анэкдот — пуцінская рада не зьбіралася два гады. Гучыць даволі падазрона. У чым прычына? Зараз выкажу здагадку. Але пачакайце.

Перш выклікае пытаньне: навошта пры Пуціне стварылі раду па расейскай мове, калі такая існавала пры старшыні ўраду? Каб дубляваць, ці што? Аб гэтым тады ня думалі, «каваць жалеза» трэба было, «не адыходзячы ад касы». Час быў які! Пільны.

Мядзьведзеўская рада ўзьнікла ў 2013-м. Год Майдану! Пуцінская неўзабаве — 9 чэрвеня 2014-м. Калі за справу «абароны і прасоўваньня за мяжой» (а гэта, як выглядае, асноўная задача) расейскай мовы ўзяўся будаўнік «Новороссии» Ўладзімір Пуцін. Трэба было ўсё рабіць хутка. «Абараняць» расейскую мову са зброяй у руках! На танках, зразумелая справа.

Ну, а як не атрымалася з «новарасійскай» хімэрай, то й цікавасьць да справы часова зьнікла. Так, у Крыме «абаранілі» расейскую, у Данбасе таксама. У «ДНР» і «ЛНР» задача выкананая з артпадтрымкай проста на выдатна: украінскай днём з агнём не знайсьці болей. А набраўшы такі разьбег, хочацца — кроў з носу — расейскую за мяжой распаўсюджваць і замацоўваць надалей. На вялікі крамлёўскі жаль, у Сырыі прасоўваць бяз сэнсу.

Аднак таптацца на месцы нельга, спыняцца на дасягнутым. І затуманены моўнымі перамогамі ў Данбасе погляд пачынае блукаць па дзяржаўным навакольлі.

І зьнянацку падае голас арганізацыя зь ня вельмі цямнай назвай «Россотрудничество». Аднак гэта не абы што, сябры, гэта Расейскае фэдэральнае агенцтва! Яно ўжо ў Менску, Гомелі, Берасьці і хоча ў Магілёў. Жанчына на чале, Элеанора Мітрафанава. Зьбірае журналістаў у сталіцы Беларусі, каб заявіць, што «калі мы ня будзем займацца расейскай мовай у Беларусі, яна хутка зьнікне». Як хутка, жанчына? Заўтра, пасьлязаўтра?

Начхаць, што беларуская мова на задворках, што школы закрытыя, што на мяжы выжываньня. З пляча сячэ Мітрафанава:

«Россотрудничество» будзе пашыраць прасоўваньне расейскай мовы ў Беларусі». Прыехалі! А што яна хіба не пашыраная тут? Хіба не прасунутая? Хіба гучыць паўсюль ангельская, польская ці яшчэ нейкая? Шыльды ўсе на швэдзкай? Хіба Рэспубліка Беларусь — гэта не дзяржава расейскай мовы? Ці Мітрафанава зь Месяца звалілася і хадзіла па Менску з навушнікамі і ў чорных акулярах, нічога ня чуючы і ня бачачы?

Самы галоўны прамоўца ў нас вельмі часта ў грудзі сябе б’е як змагар за расейскую. Як вялікі любіцель. І толькі часам робіць ласку: прачытае з трыбуны на беларускай нешта. І так гэта рэдка здараецца, што ўсе палітолягі надаюць несусьветнае значэньне і дружна галовы ломяць — што б гэта магло значыць, каму і які сыгнал адпраўлены? Ня цямячы, што гэта нічога ня значыць. Што РБ была і застаецца бастыёнам расейскай мовы, уціснутым паміж Украінай і Балтыяй. Баста!

Усім вядома: асноўная «пагроза» існаваньню расейскай мовы ў Беларусі з гонарам зьліквідаваная яшчэ ў 1995-м. Знай, Валодзя! Недзе толькі рыпаецца яшчэ, як птушка зь перабітым крылом, родная… Прыбіць, прытаптаць, каб галаву занадта не ўзьнімала! Мэта была дасягнутая пасьпяхова. Філія «Русского мира» — калі ласка! Знутры, сваімі сіламі падбалі.

Але «Русскому миру» заўсёды будзе мала. Вось і жанчына прыехала з фэдэральнага агенцтва, каб сказаць сваю крамлёўскую праўду-матку. Паразу на адным фронце, новарасійскім, пасьля першых перамог на агульнаўкраінскім, вострая прага ўраўнаважыць новай перамогай на іншым.

Што рабіць начальству РБ? Самы час — пераняць эстафэту. Лепшага моманту не прыдумаць. Савет па расейскай мове заснаваць. Каб пашыраць, прасоўваць, замацоўваць, цэмэнтаваць… Як, яшчэ няма? Ніводнага? Ні пры ўрадзе, ні пры прэзыдэнце? Што вы кажаце? Гэта яўнае «упущение в работе». Хутчэй трэба! Валодзя ацэніць. Як піць даць. А калі два зрабіць — пагатоў.

Што яшчэ вымысьліць можна? А хоць бы жанчыну запрасіць з Масквы ў свой савет. У мядзьведзеўскім была прадстаўніца «Русского мира», але савет распусьцілі па дамах, як вядома. Вось абрадуецца!

Якое прыўкраснае, аднак, словазлучэньне, што лашчыць расейскае вуха — «Русский мир». Што праўда, раніць вострым лязом сьвядомасьць грамадзян суседніх краінаў. Але для «Русского мира» гэта толькі бальзам на фантомныя раны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG