Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павіншаваў Пуціна з днём народзінаў і нагадаў пра «саюзьніцкія адносіны»


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Сочы, жнівень 2018 году
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Сочы, жнівень 2018 году

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка павіншаваў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з днём народзінаў.

«Глыбока перакананы, што наш дыялёг, які заснаваны на прынцыпах узаемнага даверу і павагі, будзе і надалей усяляк садзейнічаць разьвіцьцю саюзьніцкіх адносінаў і стратэгічнага партнэрства паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

У сваім віншаваньні Лукашэнка адзначыў, што Пуцін, «зьяўляючыся агульнанацыянальным лідэрам братняга расейскага народу, робіць вялікі ўнёсак ва ўмацаваньне магутнасьці і дабрабыту Расеі, пераадоленьне ёй многіх выклікаў і пагрозаў сучаснасьці».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, якому 7 кастрычніка спаўняецца 66 гадоў, зьбіраецца сьвяткаваць свой дзень народзінаў «з роднымі, блізкімі і сябрамі», паведаміў напярэдадні прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў. Каго канкрэтна Пуцін запрасіў на дзень народзінаў, Пяскоў не ўдакладніў.

Вядома, што адным з запрошаных гасьцей зьяўляецца былы прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі. Ён апублікаваў у Facebook фатаграфію з борта самалёта і паведаміў, што ляціць у Расею на дзень народзінаў Пуціна.

«Лячу ў Расею на дзень народзінаў майго сябра Ўладзіміра Пуціна. Скарыстаюся гэтай магчымасьцю, каб абмеркаваць галоўныя міжнародныя пытаньні», — напісаў Бэрлюсконі. У мінулым годзе ён таксама прылятаў на дзень народзінаў Пуціна.

Улетку 2018 году Пуцін распавёў, як у 2013 годзе адзначаў дзень народзінаў у кампаніі старшыні КНР Сі Цзіньпіна. «Ня буду хаваць, мы выпілі па чарцы гарэлкі, проста нарэзалі нейкую каўбасу», — распавёў Пуцін. Ён адзначыў, што Сі Цзіньпін — адзіны з дзейных сусьветных лідэраў, з кім яму давялося адзначыць дзень народзінаў.

Як адзначаюць экспэрты, апошнім часам адносіны прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі цяжка назваць цёплымі. У жніўні гэтага году Лукашэнка казаў, што «ў нас цяпер цяжкі пэрыяд, расейцы паводзяць сябе па-барбарску ў адносінах да нас, яны ад нас патрабуюць чагосьці, як быццам мы васалы ў іх, а ў рамках ЭАЭС, куды яны нас запрасілі, яны выконваць свае абавязаньні не жадаюць».

На пачатку сустрэчы ў Сочы, як зьвярнулі ўвагу назіральнікі, Лукашэнка ў 5 сказах 5 разоў ужыў слова «праблемы». Апошнія сустрэчы прэзыдэнтаў адбываліся на тле «малочных» і «мясных войнаў», спрэчак пра аб’ёмы паставак расейскіх энэрганосьбітаў у Беларусь, «недапераведзенага» расейскага крэдыту ды іншых пытаньняў і ўзаемных прэтэнзіяў. Ніводнае пытаньне не было пакуль канчаткова вырашанае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG