Старшыня Камітэту дзяржбясьпекі Беларусі Валеры Вакульчык 5 верасьня адказаў на шэраг пытаньняў журналістаў, у тым ліку пра лёс затрыманых у «справе мэдыкаў».
«Справа мэдыкаў»
Паводле Валерыя Вакульчыка, усе фігуранты справы аб карупцыі ў дзяржаўных закупках у мэдыцыне прызналі віну, прынамсі ў некаторых эпізодах. Ён удакладніў, што ў дачыненьні бальшыні затрыманых разглядаецца не адзін эпізод.
Частыя затрыманьні карупцыянэраў
Вакульчык мяркуе, што затрыманьні карупцыянэраў адбываюцца масава не таму, што іх стала больш, а таму, што «сталі больш эфэктыўна працаваць, выяўляць», у тым ліку старыя эпізоды. Ён часткова пагадзіўся з тым, што праблема з карупцыяй у дзяржаўных закупках існуе менавіта праз сыстэму закупак: маўляў, сыстэма мусіць быць празрыстай, камэрсанту павінна быць выгадна працаваць законна, а чыноўніку — нявыгадна браць хабар і немагчыма гэта ўтаіць. КДБ унесла свае прапановы ў Савет Міністраў і Мінздароўя наконт празрыстасьці і эфэктыўнасьці закупак у мэдыцыне.
Турма за нявыплату падаткаў
На пытаньне аб магчымасьці дэкрыміналізацыі эканамічных злачынстваў, напрыклад нясплаты падаткаў, Вакульчык адказаў: затрыманым «даюць магчымасьць выправіцца», «не называюць прозьвішчы». Нявыплата падаткаў, казаў ён, гэта злачынства, за якое трэба несьці адказнасьць, але не абавязкова ў выглядзе пазбаўленьня волі: кампэнсацыя шкоды з «адсоткамі» па патэнцыйна недаплачаных падатках у іншых пэрыядах (але гэта «ня тое, што адкупіўся», дадаў Вакульчык).
Дзьве пэрсоны нон-грата — «шпіёны-дыпляматы»?
Паводле Вакульчыка, на бягучым тыдні два чалавекі былі абвешчаныя пэрсонамі нон-грата ў Беларусі, але грамадзянамі якіх краінаў зьяўляюцца гэтыя два чалавекі, ён не адказаў, бо «пытаньні шпіёнскай дзейнасьці зьвязаныя з замежнай палітыкай і стасункамі між дзяржавамі».
Абмен «шпіёнамі»
На пытаньне пра «абмен шпіёнамі» ў «справе Шаройкі» Вакульчык перапытаў: «А каго абменьваць на каго?». Юрыя Палітыку, якога ва Ўкраіне судзяць за шпіянаж, Вакульчык ня лічыць шпіёнам. Тым часам як у дачыненьні затрыманага ў Беларусі грамадзяніна Ўкраіны Паўла Шаройкі, кажа ён, дэманстравалі доказы, у тым ліку працу кадравым супрацоўнікам выведкі і заданьні (украінскі бок заяўляе, што Шаройка — проста журналіст). Разглядаецца не абмен, а «пытаньне аб памілаваньні Шаройкі».
Замежнае ўмяшаньне ў беларускія выбары
Вакульчык ня бачыць падставаў меркаваць, што ў беларускія прэзыдэнцкія ці парлямэнцкія выбары варта чакаць замежнага ўмяшаньня (яно ня можа быць дапушчана «няважна, адкуль — з Захаду, з поўдня», казаў ён).
Нелегальная зброя — з Расеі ці з Украіны?
Журналістка спытала Вакульчыка, што КДБ робіць наконт нелегальных паставак зброі — старшыня КДБ адказаў, што гэта перадусім кампэтэнцыя МУС, і тыя «добра спрацавалі» ў Гарадзеі. Затым журналістка паспрабавала спытаць, адкуль у Беларусь больш прыходзіць нелегальнай зброі — з Расеі ці з Украіны. Вакульчык не пасьпеў адказаць, як чалавек за ягонай сьпінай сказаў: «Калегі, паважаныя, дзякуй». Пасьля старшыня КДБ сышоў.