Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прыезд Пуціна і Лукашэнкі зьмяніў Магілёў. ФОТА


Ілюстрацыйнае фота. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Менску, Чэрвень 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Менску, Чэрвень 2018 году

12 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін пабываюць на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які пачнецца 10 кастрычніка. Да іх візыту ў горадзе адбыліся самыя маштабныя за апошнія дзесяцігодзьдзі рамонт і будаўніцтва.

Пра тое, што Пуцін зьбіраецца ў Магілёў, паведаміў ягоны памочнік Юры Ўшакоў 4 кастрычніка. На форум прэзыдэнта Расеі запрасіў Аляксандар Лукашэнка.

Падрыхтоўка гораду да форуму запомніцца магілёўцам суботнікамі, заторамі на дарогах, адлічэньнямі з заробкаў, а таксама несупынным рамонтам цэнтральных вуліц. Будаўнічыя работы вяліся на аб’ектах, вызначаных як важныя для Форуму рэгіёнаў. Тыя, што псавалі выгляд, зносіліся альбо хаваліся за банэрнымі сеткамі. Пратэсты гараджанаў супраць узьвядзеньня ці зносу некаторых збудаваньняў на сытуацыю не ўплывалі.

Наводзіць парадак у Магілёве пачалі пасьля крытыкі Лукашэнкі. У 2016 годзе ён сказаў, што ў горадзе «няма лоску, добраўпарадкаваньня і выгод для людзей». Ад таго часу Магілёў «у рыштаваньнях».

Свабода нагадвае, як рыхтавалі найбольш значныя аб’екты. Работы на іх меліся быць скончаныя 20 верасьня.

Трыюмфальная арка

Трыюмфальная арка. Работы вядуцца на ёй і ў кастрычніку
Трыюмфальная арка. Работы вядуцца на ёй і ў кастрычніку

Афіцыйны кошт аркі — 750 тысяч рублёў «спонсарскай дапамогі» мясцовых прадпрыемстваў і гараджан. У 2017 годзе гаварылі пра 1,5 мільёна рублёў, але з добраўпарадкаваньнем прылеглай да аркі пляцоўкі і пракладкай падземных пераходаў.

Арка — ініцыятыва гарвыканкаму. Дазвол даў Лукашэнка. Узводзіць пачалі ў 2017 годзе. Абяцалі здаць пад сьвяткаваньне юбілею гораду, да 15 чэрвеня 2017-га. Работы вядуцца дагэтуль. Падземных пераходаў не зрабілі.

Арка на ўскрайку мікрараёну Казіміраўка — гэта ўезд у горад зь менскага напрамку. На 17-мэтровай спарудзе два савецкія ордэны — Айчыннай вайны і Леніна, герб гораду і надпіс «Стваральнікам Магілёва. У гонар 750-годзьдзя гораду». Улады лічаць, што арка ўразіць удзельнікаў Форуму рэгіёнаў.

Пакуль узводзілі арку, грамадзкія актывісты намагаліся спыніць будоўлю, бо лічылі, што такі аб’ект гораду не патрэбен і на яго марнуюцца грошы. Пратэст ня даў плёну.

Палац вобласьці

У Палацы вобласьці сустрэнуцца Лукашэнка і Пуцін. Чакаецца, што яны возьмуць удзел у пленарным пасяджэньні — галоўнай падзеі Форуму рэгіёнаў.

Палац адрамантавалі за 10 мільёнаў рублёў. У ім павесілі вялізную жырандолю, інтэр’ер адштукавалі мармурам ды ляпнінай. Замянілі перакрыцьці даху.

Палац вобласьці пасьля рэканструкцыі
Палац вобласьці пасьля рэканструкцыі
Палац вобласьці да рэканструкцыі
Палац вобласьці да рэканструкцыі

На капітальны рамонт найвялікшую канцэртную залю гораду закрылі нечакана ў 2017 годзе. Неабходнасьць у гэтым тлумачылася тым, што за 40 гадоў эксплюатацыі будынак і яго памяшканьні апынуліся ў непрэзэнтабэльным стане, які не адпавядаў сучасным патрабаваньням і стандартам. Заплянаваныя ў палацы імпрэзы былі перанесеныя ў іншыя месцы.

Лябараторна-навучальны корпус Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту

Гэты аб’ект быў даўгабудам з пачатку 1990-х гадоў. Дата ўводу неаднаразова мянялася.

Выгляд унівэрсытэцкага корпусу, якім ён быў цягам дзесяцігодзьдзя
Выгляд унівэрсытэцкага корпусу, якім ён быў цягам дзесяцігодзьдзя
Так выглядае цяпер. Зьмены адбыліся за год. Работы працягваюцца
Так выглядае цяпер. Зьмены адбыліся за год. Работы працягваюцца

На пачатку 2018 году старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч заявіў: новы корпус унівэрсытэту стане адной з пляцовак Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі. На завяршэньне будоўлі выдзелілі 10 мільёнаў рублёў і паабяцалі, што 1 верасьня ў новым корпусе пачнуцца заняткі. Работы вядуцца дагэтуль. Каб здаць будынак пад форум, на ім задзейнічана больш за 100 будаўнікоў.

Лесьвіца з фантанамі і агляднымі пляцоўкамі

Лесьвіцу з плошчы Арджанікідзэ ў цэнтры Магілёва на Падмікольле — паркавую зону на ўзьбярэжжы Дняпра — пабудавалі за 4,7 мільёна рублёў. За маштабны праект узяліся летась і сьпяшаюцца здаць да форуму.

Лесьвіца на паркавую зону Падмікольля. Аб’ект ня скончаны
Лесьвіца на паркавую зону Падмікольля. Аб’ект ня скончаны

На лесьвіцы каскадныя фантаны, клюмбы, глядзельныя пляцоўкі. Праваслаўныя актывісты маюць намер паставіць на ёй і бюст магілёўскага япіскапа Георгія Каніскага, які жыў у XVIII стагодзьдзі.

Парк на Падмікольлі, куды спускаюцца сходы, старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў назваў сваёй марай. Закладаюць яго з 2015 году і асвоілі тры гектары. Паводле эколягаў, у Падмікольлі за час яго ўпарадкаваньня засохла палова ўнікальных пасадак вязаў, бо карані пашкодзіла будаўнічая тэхніка, пракладаючы ходнікі.

Плошча Славы, пешаходная вуліца, музэй

Мэмарыял «Барацьбітам за савецкую ўладу», які на плошчы Славы, таксама рамантавалі. На ім памянялі гранітнае адштукаваньне, а на самім пляцы пераклалі плітку. 27 магілёўцаў наважыліся заплаціць 65 рублёў камунальнікам, каб на пляцы паклалі плітку зь іхнымі імёнамі. Пасьля замены брукаванкі вясельным паяздам забаранілі пад’яжджаць да ЗАГСу. Ён таксама на плошчы і будзе пляцоўкай Форуму.

Рамантуюць плошчу Славы. Мяняюць плітку і гранітнае пакрыцьцё
Рамантуюць плошчу Славы. Мяняюць плітку і гранітнае пакрыцьцё
Плошча Славы пасьля рамонту
Плошча Славы пасьля рамонту

Ратуша, якая насупраць мэмарыялу, таксама стане адным зь месцаў правядзеньня форуму.

Касмэтычны рамонт зазнала і пешаходная вуліца Ленінская. Месцамі на ёй памянялі брук, падфарбавалі будынкі, замянілі лаўкі. Па ўсёй вуліцы ўстанавілі вялікія вазоны для кветак. Крамам загадалі перакласьці ганкі і адштукаваць іх гранітам. На вуліцы зьнесьлі два старыя будынкі. На месцы аднаго зь іх цяпер пустка.

Пад Форум рэгіёнаў на вуліцы Ленінскай скончылі пяцігадовую рэканструкцыю музэю Бялыніцкага-Бірулі. У рамонт уклалі 1,5 мільёна даляраў.

Музэй Бялыніцкага-Бірулі пасьля рэканструкцыі
Музэй Бялыніцкага-Бірулі пасьля рэканструкцыі

У колькі абышлася ўся падрыхтоўка Магілёва да трохдзённага форуму?

Гэта невядома. Заяўляецца, што на ім будзе падпісана кантрактаў на 500 мільёнаў даляраў.

З Расеі ў Магілёў прыедзе больш за 2 тысячы чалавек. Чакаецца, што Магілёў наведае 21 губэрнатар і 16 кіраўнікоў прадстаўнічых органаў улады расейскіх рэгіёнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG