Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Білі падначаленых палкай, не выдавалі грошай». За што судзяць камандзіраў Коржыча. ВІДЭА


Падсудныя Арцём Вірбал і Павел Сукавенка (зьлева направа)
Падсудныя Арцём Вірбал і Павел Сукавенка (зьлева направа)

1 кастрычніка ў судзе Менскага раёну пачаўся працэс над былым старэйшым лейтэнантам Паўлам Сукавенкам і прапаршчыкам Артурам Вірбалам. Першы прызнаў віну часткова, другі — цалкам.

Пачаўся працэс над былымі камандзірамі Аляксандра Коржыча. ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:47 0:00

​Суд над Сукавенкам і Вірбалам, якія былі камандзірамі Аляксандра Коржыча, вылучаны ў асобнае справаводзтва. Абодвух затрымалі ў кастрычніку 2017 году і першапачаткова падазравалі ў сьмерці салдата, аднак у красавіку 2018 году СК паведаміў, што Сукавенку і Вірбала будуць судзіць за іншыя злачынствы. А менавіта паводле 1 і 2 частак 455 артыкулу Крымінальнага кодэксу — перавышэньне альбо бязьдзеяньне ўлады.

Працэс над Паўлам Сукавенкам і Артурам Вірбалам пачаўся зь невялікай затрымкай. Яны абодва знаходзяцца ў судовай залі за кратамі. Тут жа прысутнічаюць пацярпелыя. Іх шасьцёра, усе былі сяржантамі ў роце, якой камандавалі абвінавачаныя.

Пацярпелымі прызнаныя сяржанты Вяжэвіч, Бараноўскі і Скуратовіч, якія праходзяць абвінавачанымі ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча. Таксама пацярпелымі прызнаныя сяржанты Берднік, Брыцікаў, Шулякоўскі і Субоцкі. Пацярпелыя знаходзяцца ў залі суда побач з журналістамі, пад аховай канвою.

Пацярпелыя ў залі суду
Пацярпелыя ў залі суду

Працэс пачаўся з абвяшчэньня абвінавачваньня, яго агучыў дзяржаўны абвінаваўца Лалуа. Паводле яго, прапаршчык Артур Вірбал неаднаразова прымяняў у дачыненьні пацярпелых фізычную сілу, прымушаў іх выконваць фізычныя практыкаваньні, а таксама наносіў падначаленым сяржантам удары нагой і драўлянай палкай. Паводле пракурора, такім чынам Артур Вірбал жадаў самасьцьвердзіцца.

Былы старшы лейтэнант, паводле вэрсіі дзяржаўнага абвінаваўцы, за лета 2017 году неаднаразова прымушаў падначаленых сяржантаў набываць яму прадукты харчаваньня (каву, сасіскі ў цесьце, вафлі) і цыгарэты. Акрамя гэтага Павел Сукавенка, па словах пракурора, неаднаразова прысвойваў сабе частку грошай, якія павінен быў выдаваць падначаленых у якасьці штомесячных выплат. «Сваімі дзеяньнямі Сукавенка зьдзейсьніў перавышэньне ўлады», — заявіў пракурор Вадзім Лалуа.

Пракурор Вадзім Лалуа
Пракурор Вадзім Лалуа

Як і Вірбала, Сукавенку вінавацяць у неаднаразовым зьбіваньні падначаленых сяржантаў нагамі і драўлянай палкай. Сярод прычын зьбіцьця, па вэрсіі абвінавачваньня, былі недастаткова добрыя веды палажэньняў вайсковага статуту.

«За няправільныя адказы прымусіў сяржанта Бердніка прыняць ва ўпор лежачы і нанёс яму ня менш за тры ўдары драўлянай палкай па ягадзіцах», — апісаў пракурор Лалуа адзін з эпізодаў.

Пацярпелыя падчас суду
Пацярпелыя падчас суду

Прад’яўленыя Паўлу Сукавенку і Артуру Вірбалу абвінавачваньні, згодна Крымінальнаму кодэксу Беларусі, могуць пацягнуць за сабой пакараньне да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Артур Вірбал прызнаў сваю віну ў поўным аб’ёме. Павал Сукавенка часткова. Ён заявіў, што ня біў падначаленых сяржантаў драўлянай палкай. Іншыя эпізоды Сукавенка прызнаў.

У абвінавачаньні, якое абвясьціў пракурор Лалуа ў першы дзень суду, не прагучала фактаў датычнасьці Паўла Сукавенкі і Артура Вірбала да сьмерці Аляксандра Коржыча.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG