Талёны на прыём, бясконцыя чэргі перад кабінэтам лекара, збор пячатак для вызваленьня ад працы — з такіх рэчаў складаецца звычайны паход у беларускую паліклініку. Гэты квэст паміж кабінэтамі натхніў нас на стварэньне вэб-гульні — Місія «Паліклініка».
Гэта гульня накшталт вядомага «Супэр Марыё». Галоўны герой — пацыент беларускай паліклінікі. Каб дайсьці да канца і выканаць сваю місію — атрымаць накіраваньне на прыём да лекара, — пацыент мусіць пераадолець 5 бюракратычных узроўняў. На яго шляху будуць перашкоды ў выглядзе злых санітараў і бабулек у чэргах.
На кожным тэматычным узроўні пацыент мусіць зьбіраць талёны, жэтоны ад гардэробу і колбы для аналізаў. Калі не сабраць усе артэфакты, прайсьці на наступны ўзровень не атрымаецца.
Каб максымальна перадаць дух сучаснай паліклінікі, мы зафіксавалі ў інтэр’еры гульні тыповыя фразы, якія можна пачуць у чарзе перад кабінэтам ці на прыёме ў лекара: «А мне толькі спытаць», «А дзе ваша флюараграфія?», «Хто апошні ў чарзе без талёнаў?»
Гульня натхнёная сапраўднымі падзеямі, але вобразы і інтэр’еры зьмененыя. Яны ня маюць нічога агульнага з сапраўднымі людзьмі і канкрэтнымі паліклінікамі. Усе супадзеньні выпадковыя.
Ці вы дасьце рады ўсім выпрабаваньням беларускай мэдыцыны і ці хопіць вам нэрваў дайсьці да канца гульні? Гуляйце і дзяліцеся сваімі вынікамі ў сацыяльных сетках.