Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: У прадстаўніцтве Беларусі ў ААН выкрытыя агенты расейскай выведкі


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

Сяргей Антончык (Ясенінская выбарчая акруга № 317, Менск): Выклікае трывогу дзейнасьць расейскай разьведкі, дакладней агентаў расейскага КГБ ва ўрадавых і дыпляматычных установах Беларусі. Нядаўна амэрыканскай службай бясьпекі была выяўлена і раскрыта дзейнасьць двух расейскіх агентаў КГБ у Беларускім прадстаўніцтве Арганізацыі Абʼяднаных Нацый у Нью-Ёрку. Незразумела, што за шпіёнскія зьвесткі патрэбны былі расейскаму ведамству ў Беларускім прадстаўніцтве… Нельга не заўважыць мэтанакіраванай працы ўраду і пракамуністычнай часткі дэпутацкага корпусу на зьнішчэньне асноў нашай дзяржаўнасьці, такіх інстытутаў, як грамадзянства, дзяржаўная мова, сымбалі дзяржавы… Мой дэпутацкі запыт міністру замежных спраў спадару Краўчанку: па якіх крытэрыях сфармаваны цяперашні кадравы склад прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у ААН і кадравы склад іншых дзяржаўных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой? Запыт да старшыні КДБ спадара Шыркоўскага: хто з членаў і супрацоўнікаў Ураду Беларусі супрацоўнічае са службамі бясьпекі чужых дзяржаў, у прыватнасьці Расеі? Такія зьвесткі ў КДБ ёсьць. Прашу прадставіць у поўным абʼёме.

З выступу ў "Розным"

— Як у цябе адносіны з супрацоўнікамі МЗС? — неяк запытаўся ў мяне Валянцін Голубеў.

— Ды ніякіх адносінаў, я там рэдка бываю.

І сапраўды — я ўжо не працаваў у парлямэнцкай камісіі па галоснасьці і правах чалавека, быў шараговым дэпутатам, у мяне не было ніякіх асаблівых справаў да супрацоўнікаў МЗС. Затое, як высьветлілася, у іх была да мяне вялікая цікавасьць.

— Карацей, каб ведаў: пасьля словаў Краўчанкі яны ўспрымаюць нас з табой як канкурэнтаў, — патлумачыў Валянцін. — Баяцца, што зоймем іх пасольскія месцы.

1993 год быў годам сапраўднага міжнароднага прарыву Беларусі. Менск наведвалі прэзыдэнты, сьпікеры парлямэнтаў і прэмʼеры, у ліпені Станіслаў Шушкевіч паляцеў у Вашынгтон і сустрэўся ў Белым Доме з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. Дэлегацыю Шушкевіч зрабіў выключна намэнклятурную, не запрасіўшы нікога з членаў міжнароднай парлямэнцкай камісіі — дэпутатаў БНФ. Але Шушкевіч, да ягонага гонару, узяў генэральнага дырэктара «Белапану» Алеся Ліпая, і першую сустрэчу кіраўніка незалежнай Беларусі з амэрыканскім прэзыдэнтам асьвятляў кіраўнік незалежнага інфармацыйнага агенцтва.

Дыпляматычныя адносіны зь дзясяткамі краінаў сьвету Беларусь усталявала яшчэ ў 1992 годзе, тады зьявіліся амбасады ЗША, Францыі, Польшчы, Нямеччыны, Турэччыны, а ў 1993-м колькасьць дыпляматычных місіяў павялічылася.

Зь некаторымі амбасадарамі я пасябраваў (наколькі можна назваць гэтым словам адносіны зь людзьмі, старэйшымі за цябе амаль у два разы).

У пачатку 1993-га я набыў аўтамабіль, старэнькую міцубісі, якую часам разганяў да недазволенай лічбы на сьпідомэтры па праспэкце на шляху ў сваё Ўручча — але яшчэ хутчэй імчаў і абганяў мяне чырвоны кабрыялет, кіроўца махаў мне рукой, і я пасьпяваў разгледзець італьянскага амбасадара Джанлюка Бэртынэта — ну а твар бляндынкі хавала хваля валасоў, якія разьвіваліся, як сьцяг над тасканскай кампанэлай. Гэта дзякуючы Джанлюку я ўпершыню паглядзеў «Рым» Фэліні (ён даў відэакасэту), а ўвосень 1993-га ён распавядаў мне пра тое, як уся Італія разьвітвалася з геніяльным кінарэжысэрам.

Амбасадар Турэччыны Тансу Акандан зьдзіўляў мяне веданьнем самых дробных дэталяў палітычнай «кухні» Беларусі — здавалася б, дзе тая Анкара, а дзе Менск, што нагэтулькі ўжо можа цікавіць далёкую краіну ў нашых справах?

Пасла Францыі Клёда Жаліфа разам з жонкай я запрашаў у Віцебск, яны гасьцявалі ў маіх бацькоў. Пазьней у сваіх мэмуарах спадарыня Ані Жаліф напісала, што была зьдзіўленая маёй ацэнкай кампаніі Напалеона, якая цалкам выпадала са звыклай для нашых шыротаў канцэпцыі расейска-францускай вайны. На Ўсьпенскай горцы я паказваў гасьцям з аднаго боку — помнік вайне 1812 году, з другога — будынак КДБ, былы губэрнатарскі палац, дзе Напалеон спыняўся і абдумваў, ці не прыпыніць кампанію і не зазімаваць у Віцебску: «Рушыў далей, на Маскву — а мог бы застацца і аднавіць на заваяваных землях Вялікае Княства Літоўскае».

Мы з Галяй часта бывалі ў рэзыдэнцыях у нашых сяброў-амбасадараў у Драздах — Бэртынэта дасталася былая дача старшыні КДБ, Анкадану — загадчыка нейкага аддзелу ЦК, а Жаліфу — сакратара па ідэалёгіі. Апошні асабняк межаваў з участкам, дзе стаяла былая дача Машэрава; Шушкевіч адмовіўся там сяліцца. Аднойчы, калі ўжо Лукашэнка быў прэзыдэнтам, ён прымаў Жаліфа і, сярод іншага, выказаў яму папрок, што ў яго занадта часта бывае апазыцыянэр Навумчык. «І не аспрэчвайце, я сам бачыў праз шчыліну ў плоце!» — заявіў прэзыдэнт амбасадару.

Адкрывала і Беларусь свае дыпляматычныя місіі ў замежжы, хоць і зь вялікімі цяжкасьцямі — Масква не прызнавала долю былых савецкіх рэспублік у нерухомасьці СССР за мяжой, і даводзілася набываць будынкі па рынкавым кошце (ЗША пайшло на абмен: яны нам — офіс ў Вашынгтоне, мы ім — у Менску).

У справе ўсталяваньня міжнародных дачыненьняў Беларусі станоўчую ролю адыграў тагачасны міністар замежных спраў Пятро Краўчанка. Я цяпер не ацэньваю ягоныя дзеяньні на пасадзе сакратара Менскага гаркаму партыі (ён кіраваў агітацыйнай кампаніяй супраць моладзевых суполак і новаўтворанага Народнага Фронту), ні пазьнейшую ягоную службу пры Лукашэнку. Не ацэньваю і ягоныя мэмуары, дзе, на маё перакананьне, пададзеныя не заўсёды дакладныя факты пра БНФ і дэпутацкую апазыцыю. У першыя гады беларускай незалежнасьці Краўчанка імкнуўся максымальна пашырыць вядомасьць Беларусі ў сьвеце, не заўсёды сустракаючы пры гэтым падтрымку Кебіча і Шушкевіча. З Шушкевічам у яго ўвогуле былі канфліктныя адносіны, раз-пораз яны выліваліся на парлямэнцкую трыбуну.

Менавіта Краўчанка выбіраў кандыдатуры амбасадараў — потым яны заслухоўваліся на пасяджэньні камісіі ў міжнародных справах і ў выпадку станоўчай рэкамэндацыі зацьвярджаліся на Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету. У 1993 годзе штат МЗС ужо налічваў некалькі дзясяткаў чалавек. І хоць супрацоўнікаў з прафэсійнай дыпляматычнай адукацыяй (выпускнікоў Маскоўскага інстытуту міжнародных адносінаў) там была нязначная частка, але ў іх ужо быў пэўны досьвед працы. І, канешне, ці ня кожны марыў пра пасаду пасла.

Ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла — найвышэйшы для дыпляматаў. Канешне, ёсьць кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства — міністар і яго намесьнікі, але і ім прысвойваецца такі ранг. Звычайна да гэтага ідуць дваццаць ці нават трыццаць гадоў па добрым дзясятку прыступак дыпляматычнай лесьвіцы. А тут, з утварэньнем новай дзяржавы, раптоўна ўзьнікла патрэба цягам бліжэйшых гадоў запоўніць некалькі дзясяткаў вакансій — неверагодныя кар’ерныя магчымасьці!

І, адначасна, зьявіліся людзі па-за межамі МЗС, якія маглі заступіць на гэтыя вакансіі. Прычым цалкам у адпаведнасьці з традыцыямі дыпляматыі.

Я маю на ўвазе тых, каго прынята называць «палітычнымі прызначэнцамі».

Былыя міністры, дэпутаты, кіраўнікі рэгіёнаў, партыйныя лідэры, актывісты выбарчых штабоў, нарэшце, навукоўцы, пісьменьнікі і нават акторы, ці асобы, якія адным сваім прозьвішчам сымбалізуюць краіну (як дачка прэзыдэнта Кенэдзі) — у розных дзяржавах і ў розныя часы рабіліся пасламі. Такая практыка вельмі распаўсюджаная ў Злучаных Штатах, і вельмі часта ў найбольш важныя для зьнешняй палітыкі краіны прызначаюцца якраз не прафэсійныя дыпляматы. Што, канешне, ня можа падабацца дыпляматам кар’ерным.

Асобны выпадак — краіны, у якіх зьмяніўся рэжым або якія ўвогуле ўпершыню зьявіліся на мапе сьвету. Іх прэзыдэнты накіроўваюць у сталіцы сусьветнай палітыкі тых, хто сымбалізуе сваёй біяграфіяй перамены ці новаўтвораную краіну.

І калі ў 1992 годзе ў Канаду новым паслом быў прызначаны дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ляўко Лук’яненка — канадыйскім палітыкам ня трэба было ніякіх іншых доказаў пра зьмены ў Кіеве: цягам 26 гадоў, якія Лук’яненка, асуджаны на расстрэл за патрабаваньне аддзяленьня ад СССР, украінская дыяспара ладзіла акцыі ў ягоную падтрымку. (У дужках заўважу, што мы страцілі на тыя гады ўдзельніка канфэрэнцый Балта-Чарнамоскага рэгіёну; пан Ляўко ўдзельнічаў у самай першай, у Менску увосень 1990-га).

У Беларусі не было радыкальных дэмакратычных рэформаў — але гэта была новаўтвораная краіна, і тут таксама спрацаваў прынцып палітычных прызначэньняў.

У Беларусі пік адкрыцьця дыпляматычных місіяў і, адпаведна, прызначэньня іх кіраўнікоў прыйшоўся на час, калі ва ўладзе ўжо быў Лукашэнка, і я налічыў дзясятак прызначаных пасламі былых калег па Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня, якія атрымалі пасольскія пасады: былыя старшыня КДБ, старшыня аблвыканкаму, сакратары гаркамаў і райкамаў. Прычым чым больш дэмакратычная была краіна — тым больш пракамуністычная біяграфія была ў новасьпечанага дыплямата. Ну што ж, таксама спосаб прадэманстраваць сьвету вэктар палітычных зьменаў.

Але за часамі Краўчанкі толькі адзін ці два былыя партыйныя сакратары былі прызначаныя пасламі — ён разумеў, што кандыдатуры трэба браць ня толькі з намэнклятурнай абоймы.

Прадстаўніком Беларусі ў Ізраіль паехаў дэпутат, сябра Дэмклюбу Міхаіл Фарфель, пасада генэральнага консула ў Гданьску была прапанаваная дэпутату БНФ Міколу Маркевічу. Дэпутатка Апазыцыі БНФ Вольга Галубовіч паступіла ў дыпляматычную акадэмію, як і старшыня камісіі па справах моладзі, сябра Дэмклюбу Валеры Курдзюкоў (ён склаў свае паўнамоцтвы, і прыхільнікі дэмакратычных пераменаў страцілі ў Прэзыдыюме яшчэ адзін голас).

У адным са сваіх інтэрвію Краўчанка сказаў, што ўважліва прыглядаецца да некаторых дэпутатаў, і назваў Вольгу Галубовіч, Валянціна Голубева, мяне, здаецца, Уладзімера Новіка.

Было сказана, што толькі «прыглядаецца», але і гэтага хапіла, каб супрацоўнікі апарату МЗС зрабілі далекасяжныя высновы.

Аднойчы ў 1992 годзе на прыёме ў гонар дня незалежнасьці Турэччыны, у прысутнасьці амбасадара Тансу Акандана, ці то намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Васіль Шаладонаў, ці то сам Пётра Краўчанка мяне назвалі як магчымага будучага кіраўніка дыпляматычнай місіі ў Анкары. Сказана гэта было, як мне падавалася, паўжартам — таму і адказаў я ў такім самым тоне, дадаўшы, што ня ведаю турэцкай мовы. Потым я даведаўся, што такога кшталту заявы з вуснаў кіраўнікоў краіны ўспрымаюцца сур’ёзна — магчыма, зьвесткі пра тую размову дайшлі да супрацоўнікаў МЗС.

Але дарэмна беларускія дыпляматы бачылі ўва мне канкурэнта. Я сапраўды лічыў, што для працы на такой пасадзе трэба добра ведаць замежныя мовы, да вывучэньня якіх у мяне ніколі не ляжала сэрца.

Адзінай сталай тэмай натацыі майго бацькі ў дзяцінстве да мяне было — «Вучы ангельскую мову!», што я настойліва ігнараваў. Бацька, будучы спачатку на камсамольскіх, а потым на партыйных пасадах, часам выяжджаў у складзе дэлегацый у замежжа і, канешне, адчуваў сябе няёмка побач з тымі, хто мовай валодаў (хоць мовы ведалі або прафэсійныя перакладчыкі, або тыя, чыё сапраўднае месца працы было ў «кампэтэнтнай» установе).

Тое самае было і ва ўнівэрсытэце — як ні імкнулася наша выкладчыца Ірына Ўхванава (між іншым, дачка члена дэлегацыі БССР пры заснаваньні ААН Фрола Шмыгава) прывіць мне цікавасьць да мовы Шэксьпіра, яе намаганьні разьбіваліся аб маё ўпартае нежаданьне.

Магчыма, таму, што не было і стымулу: карэспандэнцкіх пунктаў у замежжы ў беларускіх газэтаў не існавала, у найлепшым выпадку ў Лёндан я б выбраўся ў тыднёвую турыстычную паездку, ну а чытаць пра змаганьне лёнданскіх рабочых за свае правы ў газэце брытанскіх камуністаў «Mornіng star» было нецікава. Ніякіх «New York Tіmes», «Newsweek» альбо «Independent» мы і ў вочы ня бачылі.

Калі б я вельмі захацеў і пачаў рабіць нейкія канкрэтныя крокі — думаю, дыпляматычная кар’ера была б цалкам рэальнай, тым больш што зь міністрам Краўчанкам, нягледзячы на нашы палітычныя разыходжаньні, у мяне былі вельмі добрыя адносіны. Праўда, і цану за гэта давялося б заплаціць вялікую, палітычную: няўдзел у Апазыцыі БНФ, адмаўленьне ад якой бы то ні было крытыкі Кебіча, а гэта для мяне было абсалютна непрымальна. І ня толькі для мяне аднаго.

Так, увосень 1992 году дэпутату Апазыцыі БНФ Міколу Маркевічу перад прызначэньнем на пасаду генконсула ў Гданьску настойліва парэкамэндавалі не падпісваць заяву Апазыцыі БНФ ў сувязі з адмоўным рашэньнем Вярхоўнага Савету наконт рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах. Мікола нашу заяву падпісаў, і ў Гданьск паехаў іншы.

Іншая пазыцыя была ў Вольгі Галубовіч. Пасьля паступленьня ў дыпляматычную акадэмію яна дыстанцыявалася ад апазыцыі, была вельмі абачлівай у выступах на сэсіі, не падпісвала нашых заяваў. Шушкевіч запрашаў яе на сустрэчы з прэзыдэнтамі, якія пачалі наносіць візыты ў Беларусь і, памятаю, у адным з інтэрвію яна сказала нешта кшталту таго, што яе «рыхтуюць» для высокай місіі. Мы не сказалі ёй ні слова папроку.

Больш за тое, выбар Вольгі, як і выбар Валерыя Курдзюкова, быў варты павагі: яны маглі б дамагацца прызначэньня пасламі адразу, іх пазыцыі ў Вярхоўным Савеце давалі ім такія магчымасьці — але яны пайшлі вучыцца, вучыцца фактычна новай для сябе, дыпляматычнай прафэсіі.

Дыпляматычную акадэмію яны скончылі, калі ва ўладзе ўжо быў Лукашэнка, і іх абаіх прызначылі на шараговыя пасады. Курдзюкову спатрэбілася 20 гадоў дыпляматычнай кар’еры, перш чым ён стаў паслом; ня ведаю, з чым гэта зьвязана — на момант напісаньня гэтай кнігі мне зь ім сустрэцца не давялося. А Вольга паехала ў беларускую амбасаду ў Лёндан. Калі мы з Пазьняком ў ліпені 1996-га былі ў Вялікай Брытаніі, айцец Аляксандар Надсан патэлефанаваў у амбасаду і папрасіў перадаць Вользе, што мы ў яго, і калі яна хоча, маглі б сустрэцца. Зваротнага званка мы не атрымалі. Потым, наколькі ведаю, Вольга выйшла замуж у Вялікай Брытаніі. Канешне, я жадаю ёй самага лепшага ў жыцьці, як і ўсім маім калегам па апазыцыі. У маёй памяці яна застанецца такою, як на вядомым гістарычным здымку: побач з Пазьняком і Голубевым пад бел-чырвона-белым сьцягам у першы дзень Сэсіі Незалежнасьці ў жніўні 1991-га.

Словам, перад дэпутатамі, у тым ліку і апазыцыі, адчыняліся шырокія дыпляматычныя магчымасьці. Але мы разумелі, што ў прапановах, акрамя жаданьня як найлепш прадставіць Беларусь, быў і іншы разьлік: імкненьне нэўтралізаваць апазыцыйных дэпутатаў і колькасна зьменшыць апазыцыю.

У тым самым 1993 годзе мы ўжо ня мелі «свайго» дэпутата ў Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету — старшыня камісіі па міжнародных справах і зьнешнеэканамічных сувязях, дэпутат Апазыцыі БНФ Пётра Садоўскі яшчэ за год да таго склаў зь сябе паўнамоцтвы кіраўніка камісіі і, адпаведна, члена Прэзыдыюму, паколькі быў прызначаны амбасадарам у Нямеччыну.

Але гэта быў той — магчыма, адзіны — выпадак, калі лепшай кандыдатуры для кіраўніка дыпляматычнай місіі ня тое што знайсьці, але і прыдумаць было немагчыма.

Botschafter Sadowskі

Калі ў пачатку 1980-х я вучыўся на журфаку, на іншым курсе беларускую мову выкладаў Пётра Садоўскі. Ён зьяўляўся на факультэце толькі на свае лекцыі, заўсёды імпазантны, востры на слоўца, і, як казалі, вельмі патрабавальны на іспытах. Бог мілаваў — залікі я здаваў не яму. Але прываблівала, што, як казалі, у жыцьці Садоўскі таксама размаўляў па-беларуску, што сярод нашых выкладчыкаў было рэдкасьцю.

Выпускніка Сувораўскай вучэльні і Інстытуту замежных моваў (ня ведаю нікога іншага з такім спалучэньнем), Садоўскага можна было ўбачыць і на тэлебачаньні ў праграме, адмыслова прысьвечанай беларускай мове, ён быў старэйшым таварышам у «Майстроўні» (цікаўных адсылаю да кнігі Сяргея Дубаўца «Гісторыя аднаго цуду», якая выйшла ў Бібліятэцы Свабоды). Зусім натуральна Садоўскі ўвайшоў ва ўтвораны 19 кастрычніка 1988 году Аргкамітэт БНФ, а потым быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету.

Пётра неяк знайшоў вызначэньне стану, у якім мы знаходзіліся ў пачатку 1990-х гадоў: «Мы былі гістарычна шчасьлівыя». Я ня ведаю больш дакладных словаў.

Ён быў адзіным дэпутатам БНФ, якога нам удалося правесьці на пасаду старшыні камісіі Вярхоўнага Савету і, адпаведна, члена Прэзыдыюму. Садоўскі ўзначальваў камісію па міжнародных справах і зьнешнеэканамічных сувязях, значнасьць якой шматкроць павялічылася з дасягненьнем незалежнасьці. Але куды больш важным для нас было ягонае членства ў Прэзыдыюме — гэта была магчымасьць і ўплыву на пэўныя рашэньні, і атрыманьня інфармацыі, вельмі часта недаступнай для «простых» дэпутатаў.

Але ў Прэзыдыюме ня толькі Садоўскі меў дэмакратычныя перакананьні. Назаву Аляксандра Саснова, які ўзначальваў камісію па сацыяльных пытаньнях, старшыню камісіі па міжнацыянальных сувязях Міхаіла Сьлямнёва, раней згаданага кіраўніка камісіі па справах моладзі Валерыя Курдзюкова, якія збольшага падтрымлівалі на пасяджэньнях Станіслава Шушкевіча. Увогуле, найбольшым прыхільнікам Шушкевіча быў Ніл Гілевіч. Але пры бясспрэчнай адданасьці ідэі нацыянальнага адраджэньня, Гілевіч вельмі рэдка падтрымліваў палітычныя ініцыятывы БНФ, часьцей — выступаў супраць, і пры кожнай зручнай магчымасьці даваў станоўчыя ацэнкі камуністам.

Так што абсалютна пэўную «фронтаўскую» пазыцыю ў Прэзыдыюме займаў толькі Пётра Садоўскі.

Але летам 1992 году Садоўскі быў прызначаны амбасадарам у Нямеччыне, зрабіўшыся, такім чынам, адным зь першых амбасадараў незалежнай Беларусі.

Садоўскі раіўся з Пазьняком, але лідэр БНФ без асаблівага энтузіязму ўспрыняў будучае прызначэньне: Народны Фронт страчваў стратэгічна важнае месца ў Прэзыдыюме, якое зь вялікімі намаганьнямі атрымаў у 1990 годзе. Падобнае стаўленьне ў лідэра БНФ было і да іншых магчымых пераходаў дэпутатаў апазыцыі ў сыстэму МЗС, хоць ступень іх рэальнасьці была рознай.

Фармальна Садоўскі пайшоў на паніжэньне — як старшыня камісіі і член Прэзыдыюму ён быў вышэйшы за міністра, а зрабіўшыся кіраўніком дыпляматычнай місіі, быў абавязаны выконваць распараджэньні намесьнікаў міністра.

Але пасада пасла — магчыма, адзіная ў катэгорыях дзяржаўных пасадаў, да якой нельга прымяніць традыцыйную кар’ерную схему.

Пасол, ці, як у нас яго ўсё часьцей называюць, амбасадар — гэта надзвычайная пазыцыя ў дзяржаўнай структуры (ён і завецца — «Надзвычайны і Паўнамоцны», зь вялікіх літараў). У сусьветнай практыцы пасламі прызначаюцца і былыя міністры, і нават прэм’еры. Пажыцьцёва надаецца дыпляматычны ранг.

Але, мяркую, зусім не рэгаліі былі важныя для Садоўскага, і бяз гэтага ягоная пасада старшыні парлямэнцкай камісіі была надзвычай высокай у новай дзяржаўнай структуры наваўтворанай краіны. Яму, германісту, перакладчыку зь нямецкай, дзесяцігодзьдзямі зьвязанаму з вывучэньнем Нямеччыны, канешне, хацелася максымальна рэалізавацца на пасадзе, лепей за якую для гэтага пакліканьня не было. Ён меў на гэта поўнае маральнае права і, я перакананы, быў найлепшым кандыдатам з усіх магчымых.

У сваёй кнізе «Мой шыбалет», якая ў 2008 годзе выйшла ў Бібліятэцы Свабоды, Садоўскі піша, што супраць прызначэньня на пасаду амбасадара быў старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі — зь невядомай для яго, Садоўскага, прычыны. Думаю, прычына ясная: КДБ хацеў мець амбасадарам кагосьці са «сваіх» людзей, а зусім не актывіста БНФ. Але ў дадзеным выпадку шэфу чэкістаў давялося зьмірыцца: хоць кандыдатура амбасадара і ўзгаднялася з КДБ, але прызначаў і надаваў дыпляматычны ранг Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету (таму, дарэчы, прызначэньне Садоўскага не было прэрагатывай Кебіча, хоць кіраўнік ураду, безумоўна, таксама мусіў даць сваю згоду).

Вось як прыгадвае амбасадарства сам Садоўскі:

«...Паводле лёгікі, я мусіў скласьці дэпутацкія паўнамоцтвы і пайсьці працаваць выключна ў Міністэрства замежных справаў на дзяржаўную службу. У ведамстве фэдэральнага канцлера, у Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны, у сакратарыяце міністра і ў «Рэфэраце 203», які адказваў за тэхнічны бок стасункаў з Рэспублікай Беларусь, доўгі час не маглі прывыкнуць, калі амбасадар Беларусі, закончыўшы выклад афіцыйнага пункту погляду Савету міністраў, казаў: “А зараз я хацеў бы выказаць меркаваньне апазыцыі ў Вярхоўным Савеце…” Слухалі, дарэчы, гэтыя заўвагі часам з большай увагай, чым афіцыйны пункт погляду, бо на пачатку дзевяностых гадоў Нямеччына толькі прыглядалася да Беларусі, намацвала падыходы да адносінаў з новай сувэрэннай краінай у цэнтры Эўропы» ( «Мой шыбалет», с. 299–300).

Канешне, дыпляматычная дзейнасьць Пётры Садоўскага была надзвычай істотнай для завязваньня адносінаў маладой дзяржавы з флягманам эўрапейскай палітыкі. Сама ягоная асоба — інтэлектуала, дзеяча нацыянальнага адраджэньня, паказвала немцам, што перамены ў Беларусі калі яшчэ і не адбыліся — дык цалкам магчымыя.

Але надышлі іншыя часы, і ўвосень 1994 году Садоўскі быў адкліканы з пасады амбасадара. Ён вярнуўся да актыўнай дэпутацкай працы ў Вярхоўным Савеце.

І калі ўзгадваюць, што ў ноч з 11 на 12 кастрычніка 1995 году ў Авальнай залі былі зьбітыя 19 дэпутатаў Апазыцыі БНФ, удзельнікі галадоўкі за Сьцяг, Герб і Мову — кажуць ня ўсю праўду: сярод іх быў і адзін Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь.

Без міністэрскіх крэслаў

І тут я вымушаны прыгадаць меркаваньні, якія пачалі гучаць пазьней — што трэба было пайсьці на супрацоўніцтва з Кебічам. Некаторыя наўпрост папракаюць — чаму Пазьняк, дэпутаты Апазыцыі БНФ не прынялі прапановы Кебіча заняць пасады ва ўрадзе?

Тэзіс пра тое, што Народны Фронт адмаўляецца ад прапановаў пасадаў ва ўрадзе быў запушчаны яшчэ ў пачатку 90-х гадоў, ці не адразу, як БНФ правёў сваіх прадстаўнікоў у Вярхоўны Савет. «Чаму яны (апазыцыянэры — С. Н.) не адгукаюцца на прапановы кантактаваць, калі ім прапаноўваюць месцы ва ўрадзе: ідзіце, працуйце — у Міністэрства гандлю, у сельскую гаспадарку. Там даказвайце, што вам не патрэбная рублёвая зона, што вы абыдзецеся бяз сувязяў з суседзямі. Дык жа не жадаюць. Таму што, увайшоўшы ў склад ураду, прыйдзецца адказваць. Куды прасьцей пастаяць ля мікрафона, абвінаваціць усіх і ва ўсім, пашумець, памітынгаваць», — заявіў Сяргей Гайдукевіч у інтэрвію газэце «Рэспубліка» 4 лістапада 1993 году.

У наступныя гады я такіх цьверджаньняў чытаў дзясяткі.

Парлямэнцкая апазыцыя БНФ. Паездка ў Магілёў. 1990. Зьлева направа — Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі
Парлямэнцкая апазыцыя БНФ. Паездка ў Магілёў. 1990. Зьлева направа — Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі

Як можна ацэньваць дзеяньні палітычнай арганізацыі, якая адмаўляецца ўвайсьці ва ўрад? Такое адбываецца рэгулярна ў розных краінах і ў розныя часы. Часам лідэры, чые партыі не ўзялі на выбарах большасьць, адхіляюць такія прапановы з ідэалягічных меркаваньняў (калі кіруючая партыя спавядае дыямэтральна іншыя, непрымальныя пастуляты), часам — зь меркаваньняў тактычных (напрыклад, калі супольны ўдзел ва ўрадзе можа скампрамэтаваць у вачах выбаршчыкаў).

У выпадку з Народным Фронтам было і першае, і другое. Аднак магчымы і трэці варыянт: калі ў выніку адмовы ад кааліцыі да ўлады прыходзіць нейкая іншая, трэцяя сіла, і гэта мае вельмі кепскія наступствы для грамадзтва (менавіта такім чынам, калі Сталін забараніў нямецкім камуністам дамаўляцца з сацыял-дэмакратамі, быў адкрыты шлях да ўлады Гітлеру). Пры такім раскладзе ацэнка нежаданьня апазыцыі ўвайсьці ва ўрад, найхутчэй, павінна быць адмоўнай.

Калі разглядаць падзеі 1993 году ў гістарычнай пэрспэктыве, дык, падаецца, ацэнка адмовы аб’яднацца з уладай павінна выглядаць таксама нэгатыўнай.

Якім бы ні быў Вярхоўны Савет, але ўсё ж ён меў элемэнты парлямэнту (у адрозьненьне ад таго ўтварэньня, якое зойме Авальную залю пры Лукашэнку), і дэмакратычныя, нацыянальныя сілы былі ў ім прадстаўленыя.

Якім бы недэмакратычным і прарасейскім ні быў Кебіч і ягоны ўрад — аднак зьніклых палітыкаў пры ім не было і міліцэйскія дубінкі для разгону мітынгаў не прымяняліся (дый не разганяліся тыя мітынгі).

У пачатку 90-х у Беларусі прысутнічалі пэўныя грамадзянскія свабоды, апазыцыя магла дамагчыся, хай і рэдка, доступу ў сродкі масавай інфармацыі; нарэшце, над краінай лунаў бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» была дзяржаўным сымбалем. Нічога гэтага ня будзе пры Лукашэнку. Чаму б не пагадзіцца на прапановы тады, у пачатку 90-х? Маглі б зрабіць значна больш, чым зрабілі, будучы толькі ў Вярхоўным Савеце.

Аднак ніякай адмовы БНФ увайсьці ва ўрад ці заняць кіруючыя пасады ў міністэрствах не было з той простай прычыны, што ніколі і не было такіх прапановаў.

У часе працы над гэтай кнігай я наўпрост запытаўся Зянона Пазьняка, разумеючы, што, магчыма, ня ўсё ведаю ці на нешта забыўся. Не, не забыўся. Пазьняк пацьвердзіў, што Кебіч ніколі не прапаноўваў ні яму, ні каму-небудзь іншаму з БНФ ніякіх пасадаў ва ўрадзе — ні віцэ-прэм’ерскіх, ні міністэрскіх, ні пасады намесьнікаў міністраў. Не было прапановаў заняць пасады і ў выканаўчых органах рэгіёнаў.

Толькі мне ў чэрвені 1992 году было прапанавана заняць пасаду генэральнага дырэктара «Белінфарму» (былое і будучае «БелТА»), ад чаго я быў вымушаны адмовіцца, паколькі пры наяўнасьці недэмакратычных кіраўнікоў іншых дзяржаўных СМІ карысьць ад мяне была б мізэрнай (да таго ж, я быў сакратаром парлямэнцкай камісіі па СМІ, там, як мне падавалася, можна было прынесьці больш карысьці). Дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Слабчанка ў выніку размовы Пазьняка з Кебічам быў прызначаны кіраўніком Дзяржзнаку, што для нас было стратэгічна важна дзеля неабходнасьці стварыць уласныя грошы.

Вось і ўсё. Безумоўна, калі б Кебіч прапанаваў, напрыклад, узначаліць сыстэму адукацыі і культуры — ніхто з актывістаў Народнага Фронту не адмовіўся б пайсьці ў адпаведныя міністэрствы (працаваў жа Лявон Баршчэўскі намесьнікам дырэктара гуманітарнага ліцэю). Але — не прапаноўваў. Наадварот — калі ў тым самым 1993 годзе мы прапанавалі сваіх кандыдатаў на «інфармацыйны блёк» (прычым ня сябраў БНФ) — Кебіч адмовіўся.

Кебіч і ягонае бліжэйшае атачэньне запрашалі ў структуры ўраду толькі тых асобаў ня зь ліку намэнклятуры, хто мог перайсьці цалкам, да канца, «з вантробамі» на іх бок. Так было з дэпутатам Мікалаем Скарыніным, які ў 1990–91 нібыта сымпатызаваў ідэям дэмакратыі, а зрабіўшыся галоўным дарадцам старшыні Саўміну (так называлася пасада), выступаў за палітычнае аб’яднаньне з Расеяй.

Кіраўнікамі міністэрстваў ад самага пачатку працы Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня прызначаліся былыя работнікі апарату камуністычнай партыі. Зь ліку дэпутатаў міністрам замежных спраў быў прызначаны колішні сакратар Менскага гаркаму КПБ Пётра Краўчанка (паводле Канстытуцыі, ён быў абавязаны пакласьці дэпутацкі мандат, што і зрабіў), некалькі дэпутатаў зь ліку былых партработнікаў былі прызначаныя намесьнікамі розных міністраў. Ніхто з БНФ або дэмакратычных партыяў на такія пасады прызначаны ня быў, нікому з БНФ яны не прапаноўваліся.

Увогуле, маючы фракцыю ў Вярхоўным Савеце, Народны Фронт ня меў ніводнага (падкрэсьліваю — ніводнага) прадстаўніка ў структурах выканаўчых органаў улады — ня толькі ва ўрадзе, але і ў рэгіянальных, абласных, гарадзкіх і раённых выканкамах (за выключэньнем прыгаданага Слабчанкі). Намэнклятура пільна за гэтым сачыла і маналітна трымала ўладу.

І бадай галоўнае: Кебіч і ягонае атачэньне ў 1993 годзе адкрыта сталі на прарасейскія пазыцыі, працавалі калі не на ліквідацыю незалежнасьці краіны, дык істотна затарможвалі ўмацаваньне сувэрэнітэту. І менавіта падтрымка Кебічам праімпэрскіх сілаў дала Васілю Быкаву права ўжыць слова «ворагі» — куды больш экспрэсіўнае слова, чым, да прыкладу, «апанэнты».

А з ворагамі ў палітыцы трэба змагацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG