Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Сьледчага камітэту ўзяў на асабісты кантроль справу аб выбуху на «Магілёўдрэве»


Прадпрыемства «Магілёўдрэў»
Прадпрыемства «Магілёўдрэў»

Па факце выбуху на ААТ «Магілёўдрэў» распачатая крымінальная справа за парушэньне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і правілаў бясьпекі, якія прывялі да выбуху і прычыненьня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў работнікам прадпрыемства (ч. 2 арт. 302 КК). Пра гэта паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.

Удакладняецца, што кіраўнік ведамства Іван Наскевіч 26 верасьня прыбыў у Магілёў і правёў апэратыўную нараду са сьледчай групай, створанай для расьсьледаваньня крымінальнай справы.

На нарадзе, акрамя кіраўніцтва абласнога ўпраўленьня Сьледчага камітэту, прысутнічалі кіраўнікі тэрытарыяльных падразьдзяленьняў МНС, УУС, Міністэрства працы, а таксама службовыя асобы прадпрыемства.

Увечары 25 верасьня ў лакафарбавым цэху адбылося ўзгараньне з адначасовым выбухам, у выніку якога пашкоджаныя канструкцыі і абсталяваньне цэху. Супрацоўнікамі МНС пажар быў ліквідаваны.
На момант выбуху ў вытворчым памяшканьні знаходзілася дзевяць работнікаў. Шэсьць чалавек — тры жанчыны і тры мужчыны — з пашкоджаньнямі рознай ступені шпіталізаваныя.

Сьледчыя пачалі паўторны агляд месца здарэньня. Асобныя аб’екты будуць даследаваныя спэцыялістамі Дзяржаўнага камітэту судовых экспэтызаў. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаная дакумэнтацыя прадпрыемства, якая рэглямэнтуе тэхніку бясьпекі на вытворчасьці. Працягваюцца допыты сведак, у тым ліку службовых асобаў ААТ «Магілёўдрэў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG