Новы амбасадар Расеі заявіў, што 28 верасьня «будуць канчаткова ўзгодненыя некаторыя дэталі» ў расейска-беларускім дыялёгу, які адбыўся ў Сочы, але «ніякіх падвіслых пытаньняў не засталося і ня будзе».
Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч перад уручэньнем даверчага ліста Аляксандру Лукашэнку заявіў, што між Беларусьсю і Расеяй «ніякіх падвіслых пытаньняў не засталося і ня будзе», піша БелТА.
Усе пытаньні, казаў Бабіч, «маюць сваё рашэньне, яно канструктыўнае і станоўчае». Што гэта за пытаньні і ці тычацца яны нафтагазавых, харчовых або крэдытных спрэчак, ён не ўдакладніў.
Ды дадаў, што беларускія і расейскія прадстаўнікі правядуць сустрэчу на саміце кіраўнікоў краінаў СНД у Душанбэ (заплянаваны на 27–28 верасьня, кіраўнікі амаль усіх дзяржаваў СНД пацьвердзілі ўдзел, не прыляціць толькі кіраўнік Туркмэністану; прэзыдэнт Украіны яшчэ не адказаў на запрашэньне), дзе «будуць канчаткова ўзгодненыя некаторыя дэталі», а пасьля абвешчаныя «афіцыйныя вынікі».
Але ўжо сёньня, кажа Бабіч, «гэта станоўчыя і годныя вынікі даволі інтэнсіўнага перамоўнага працэсу», якімі беларусы «будуць задаволеныя».
Новы расейскі амбасадар заявіў, што ён настроены «зрабіць усё, каб нашыя стасункі па-сапраўднаму былі братнімі, каб яны ўмацоўваліся, была і паўнавартасная эканамічная інтэграцыя, і ў той частцы, у якой магчыма, разьвіваўся наш палітычны саюз». Ён выказаўся на карысьць таго, каб так званая Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі не была «нейкім віртуальным праектам», а «прыносіла карысьць грамадзянам дзьвюх дзяржаваў».
У Душанбэ вырашаць тое, дзеля чаго Лукашэнка і Пуцін сустракаліся чатыры разы?
Сёлета Лукашэнка чатыры разы афіцыйна сустракаўся з Уладзімірам Пуціным: у траўні, чэрвені, жніўні і ў верасьні. Таксама яны мелі неафіцыйную сустрэчу ў ліпені.
Сустрэчы адбываліся на тле «малочных» і «мясных войнаў», спрэчак пра аб’ёмы паставак расейскіх энэрганосьбітаў у Беларусь, «недапераведзенага» расейскага крэдыту ды іншых пытаньняў і ўзаемных прэтэнзіяў. Ніводнае пытаньне не было пакуль канчаткова вырашанае.
Лукашэнка нацэлены на «дыялёг бязь ціску і прымусу»
У час атрыманьня даверчага ліста ад Бабіча і 11 іншых новых амбасадараў Лукашэнка заявіў, што Беларусь «ня робіць выбару між Усходам і Захадам» і імкнецца «выбудоўваць з усімі партнэрамі без выключэньняў раўнапраўныя палітычныя і ўзаемавыгадныя эканамічныя стасункі», нацэленая на «дыялёг бязь ціску і прымусу, двайных стандартаў і ўмяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаваў». Ён падкрэсьліў, што Беларусь — «эўрапейская дзяржава, якая цэніць свой сувэрэнітэт і пасьлядоўна рэалізуе міралюбную шматвэктарную палітыку».
Беларусь, дадаў ён, «выбрала шлях эвалюцыйных рынкавых ператварэньняў, які выключае балючыя шокі для людзей», і краіна гатовая дзяліцца досьведам ператварэньняў у эканоміцы і іншых сфэраў, «адкрытая для пазычэньня найлепшых замежных напрацовак».
У стасунках Беларусі і Расеі Лукашэнка адзначыў «нямала відавочных дасягненьняў і ў сфэры роўнасьці грамадзянаў, і ў эканамічнай інтэграцыі, і ў прасоўваньні агульных інтарэсаў на міжнароднай арэне».
«Я вельмі разьлічваю на тое, што новы расейскі амбасадар зробіць усё, што ад яго залежыць, каб памножыць ужо дасягнутае на гэтым шляху, надаць новы імпульс ўзаемадзеяньню ва ўсіх сфэрах, — казаў Лукашэнка. — Тым больш з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным зусім нядаўна мы правялі грунтоўныя перамовы і дасягнулі дамоўленасьцей па ўсіх пытаньнях, якія стаяць на парадку дня. Перакананы, што ў вас ёсьць для гэтага неабходныя магчымасьці і, як мне сказаў прэзыдэнт, найшырэйшыя паўнамоцтвы».