Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі затрымалі хулігана, які напаў на жанчыну за тое, што яна выгульвала сабаку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вечарам 23 верасьня ў Гомлі невядомы ўдарыў жанчыну, якая выгульвала сабаку, з крыкам: «Няма чаго тут з сабакамі хадзіць!»

Жыхарка Гомля Ала Іванаўна выгульвала сабаку на праспэкце Перамогі. Раптам жанчына адчула моцны ўдар у сьпіну. Калі яна азірнулася, пачула крык: «Няма чаго тут з сабакамі гуляць!»

Нападнік кінуўся наўцёкі. Побач апынуліся карэспандэнты БелаПАН. Адзін зь іх кінуўся даганяць зламысьніка і выклікаў міліцыю. Праз сорак хвілін нападніка злавілі.

Пацярпелую апыталі ў міліцыі. Яна апазнала хулігана, паведамляе ўпраўленьне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму.

Мужчына 1983 году нараджэньня ня змог патлумачыць матывы свайго ўчынку. Праводзіцца праверка.

«Як прыехала міліцыя, мы стаялі ля сьвятлафора, там жа, на праспэкце Перамогі. Прайшло хвілін сорак. І раптам бачым — зноў ён ідзе! З боку чыгуначнага вакзалу. Міліцыянты кажуць: „Гляньце, гэта ня ён? Падобны прыкметамі“. Яго затрымалі, павезьлі ў міліцыю, усіх нас», — распавяла Свабодзе Ала Іванаўна.

У міліцыі яна спыталася ў нападніка: «За што ты мяне стукнуў?». Але той маўчаў. Калі падаваў міліцыянту зьвесткі пра сябе, то адзначыў, што працуе ва ўнівэрсытэце. Паводле інфармацыі Свабоды, нападнік працуе ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Скарыны.

«На сьпіне засталася гематома. Я праходзіла экспэртызу па накіраваньні міліцыі. Лічу, што нармальны чалавек ня мог бы такое ўчыніць. Калі ён напаў на мяне, у яго былі шалёныя вочы, злосьць і агрэсія. Відаць, нешта сабралася ў ім... Добра, што яго затрымалі», — дадала жыхарка Гомля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG