У раёне вадасховішча «Дразды» ў Менску міліцыя затрымала агрэсіўнага мужчыну з нажом.
Як паведамляе прэс-служба ГУУС Менгарвыканкаму, 22 верасьня ў 12.20 аўтапатруль АМАП заўважыў каля дамбы мужчыну, «паводзіны якога былі неадэкватнымі і агрэсіўнымі», ён «крычаў, махаў рукамі, нецэнзурна лаяўся».
Паводле прэс-службы, убачыўшы міліцыянтаў, мужчына пачаў уцякаць. АМАП рынуўся сьледам.
«Празь некалькі мэтраў перасьледваны спыніўся, дастаў з кішэні нож і накіраваўся ў бок міліцыянтаў. Патрабаваньні спыніць супрацьпраўныя дзеяньні ён ігнараваў і працягваў размахваць нажом. Тады адзін з супрацоўнікаў зрабіў папераджальны стрэл у паветра, пасьля чаго мужчына кінуў нож на зямлю і спыніўся. Ён быў затрыманы і дастаўлены ў Цэнтральнае РУВД», — гаворыцца ў паведамленьні.
Затрыманы мужчына 1981 года нараджэньня нідзе не працуе, раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці за маёмасныя злачынствы і незаконны абарот наркотыкаў. Цэнтральнае РУУС праводзіць праверку.