Лефортаўскі раённы суд Масквы ў Расеі ўзяў пад варту жыхара Мазыра, якога абвінавачваюць у «жорсткім абыходжаньні з жывёламі». Цяпер вырашаецца пытаньне аб яго экстрадыцыі ў Беларусь, піша Сьледчы камітэт.
Што адбылося?
На пачатку верасьня Сьледчы камітэт абвясьціў у вышук раней судзімага мазырчука 1990 году нараджэньня. Яго абвінавачваюць у жорсткім абыходжаньні з жывёламі.
14 верасьня яго затрымалі ў Падмаскоўі разам з 22-гадовай грамадзянкай Расеі, якую таксама абвінавачваюць у аналягічным злачынстве.
У чым абвінавачваюць?
Паводле СК Беларусі непрацуючы мазырчук калечыў жывёлаў і запісваў гэта на відэа. Запісы пасьля зьмяшчаў у інтэрнэце. Сьледзтву вядома пра 4 такіх выпадкі.
Асудзілі за падпал царквы, прымусова лячылі
Суд Мазырскага раёну ў 2007 годзе асудзіў абвінавачанага ў жывадзёрстве на 7 гадоў калёніі за падпал праваслаўнай царквы ў Мазыры.
Яго вызвалілі ў 2012 годзе, а пасьля затрымалі за апаганьваньне двух мазырскіх храмаў. Сярод сваіх матываў мазырчук назваў варожае стаўленьне да хрысьціянства. У 2013 годзе паводле судовага рашэньня да яго ўжылі прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня. Пасьля затрыманьня ў Расеі мазырчук казаў, што:
- Стаіць на ўліку ў міліцыі і псыхіятрычным дыспансэры;
- 5 гадоў прымусова лячыўся ў псыхіятрычным шпіталі.
Што важна ведаць пра мазырскага жывадзёра
- У жніўні ў міліцыю зьвярнулася жыхарка Мазыра — прадстаўніца мясцовых абаронцаў жывёлаў. Яна паведаміла, што ў горадзе можа пражываць чалавек, які мае дачыненьне да стварэньня відэаролікаў у інтэрнэце пра жорсткае абыходжаньне з жывёламі.
- Сьледчы камітэт завеў супраць яго крымінальную справу паводле ч.2 арт. 339/1 КК «Жорсткае абыходжаньне з жывёламі» і абвясьціў у вышук.
- У злачынствах супраць жывёлаў мазырчука падазраюць і ў Расеі. Паводле арт. 245 КК РФ яму пагражае да 5 гадоў турмы.
- Больш за 1800 подпісаў сабрала пэтыцыя аб узмацненьні пакараньня за «жорсткае абыходжаньне з жывёламі».