Распачаць справу аб экстрэмізьме з прычыны разьмешчанай у інтэрнэце інфармацыі можна толькі ў выпадку, калі ў карыстальніка быў злы намер, і калі ён сьвядома ўзбуджаў нянавісьць або заклікаў да парушэньня асноваў канстытуцыйнага ладу.
Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай 20 верасьня пастанове пленуму Вярхоўнага суду Расеі.
Суд прыйшоў да высновы пра неабходнасьць старанна правяраць наяўнасьць ня толькі нагоды, але і падставы для ўзбуджэньня справы. Для гэтага сьледзтва павінна прадставіць ня толькі сам факт разьмяшчэньня карцінкі або запісу ў інтэрнэце, «але і іншыя зьвесткі, якія паказваюць на грамадзкую небясьпеку дзеі, матыў яго зьдзяйсьненьня».
Дзеяньне, якое фармальна мае прыкметы «экстрэмісцкага», але «ў сілу малазначнасьці не ўяўляе грамадзкай небясьпекі», не зьяўляецца злачынствам, заявілі ў Вярхоўным судзе.
У сярэдзіне жніўня Mail.ru Group, якой належаць сацыяльныя сеткі «Вконтакте», «Одноклассники» і «Мой мир», накіравала ў Дзяржаўную думу Расеі, Вярхоўны і Канстытуцыйны суды і Міністэрства юстыцыі зварот з ініцыятывай амніставаць асуджаных паводле экстрэмісцкіх артыкулаў за рэпост і лайкі. Ідэю падтрымалі упаўнаважаны па правах чалавека ў Расеі Тацьцяна Маскалькова, міністэрства сувязі і Руская праваслаўная царква.
У 2017 годзе паводле 282-га артыкулу за рэпост і лайкі ў сацыяльных сетках да крымінальнай адказнасьці прыцягнулі 461 чалавека. Яна прадугледжвае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.