Аб гэтым папрасіў абвінавачаны Антон Вяжэвіч, які патлумачыў неабходнасьць правесьці закрытае паседжаньне «ціскам з боку КДБ».
Паказаньні, дадзеныя Антонам Вяжэвічам падчас сьледзтва ў СІЗА КДБ і СІЗА № 1 на Валадарскага, пачалі агучваць 17 верасьня. На самым пачатку Вяжэвіч выступіў з хадайніцтвам аб правядзеньні гэтага паседжаньня ў закрытым рэжыме, без удзелу журналістаў.
«У матэрыялах допытаў ёсьць зьвесткі, дадзеныя мной падчас допытаў у СІЗА КДБ, я не хачу, каб у залі прысутнічалі журналісты, — заявіў судзьдзі Вяжэвіч. — Я баюся якіх-небудзь дзеяньняў КДБ у дачыненьні мяне альбо маіх родных. Падчас дачы мной паказаньняў у КДБ прымянялася фізычнае ўзьдзеяньне з боку супрацоўнікаў КДБ. Ужо былі такія факты незаконнага ўзьдзеяньня. На допытах прымянялася фізычнае ўзьдзеяньне, а таксама псыхалягічны і маральны ціск. Я не хачу, каб СМІ сказілі мае паказаньні, перадалі іх недакладна».
Хадайніцтва Вяжэвіча падтрымаў яго адвакат. Супраць выступілі пракурор і Сьвятлана Коржыч. Судзьдзя прыняў рашэньне ўзяць 10-хвілінны перапынак, пасьля чаго задаволіў хадайніцтва Вяжэвіча.
Адкрытыя паседжаньні адновяцца пасьля таго, як на працэсе агучаць паказаньні Вяжэвіча.
Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць
3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.
5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.