Аўтамабіль Mazda заехаў у падземны пераход ля станцыі мэтро «Акадэмія навук» у Менску.
Каля 23.40 машыны Mazda і Lada сутыкнуліся на скрыжаваньні Сурганава і праспэкту Незалежнасьці. Кіроўца Mazda ня справіўся с кіраваньнем і заехаў ў падземны пераход станцы мэтро «Акадэмія навук». Ніхто не пацярпеў.
Кіроўца Mazda хістаецца і выглядае нецьвярозым, паведамляе карэспандэнт Свабоды. Ён спрабаваў сысьці зь месца здарэньня, але да прыезду міліцыі яго стрымлівалі супрацоўнікі аховы мэтрапалітэна.
Як паведаміў Свабодзе кіроўца Lada, ён ехаў на зялёны сыгнал па вуліцы Сурганава ў бок плошчы Бангалор. Справа на чырвонае сьвятло ехала Mazda на вялікай хуткасьці. Машыны сутыкнуліся, пасьля чаго кіроўца Mazda ня справіўся з кіраваньнем заехаў у падземны пераход.
На месцы здарэньня працуюць супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях. Выхад з падземнага пераходу ачэплены. Тут сьлізкая падлога ад машыннага масла, якое выцекла з рухавіка адной з машынаў.