Замовіць кнігу можна ТУТ
Валянцін Сарокін (Беларуская рэспубліканская арганізацыя вэтэранаў вайны і працы). Встречаясь в перерывах между сессиями со своими избирателями-военнослужащими, изучая их взгляды и мнения, я столкнулся с проблемой, поднятой офицерами, касающейся активных попыток отдельных политических партий, общественных организаций в связи с так называемой БЗВ проникнуть в Вооруженные Силы республики и на почве оголтелого национализма столкнуть людей с оружием. БЗВ — это, по сути, малочисленная организация, которая существует только в некоторых частях Минского гарнизона, состоящая из группы офицеров, не пользующихся поддержкой в войсках или уволенных из рядов Вооруженных Сил Республики Беларусь за хулиганствующее поведение и пьянство. БЗВ является военно-политическим отрядом, военным органом БНФ, других национальных экстремистских партий и общественных организаций и ведет в Вооруженных Силах республики политическую, я подчеркиваю, политическую деятельность, направленную на срыв программ реформирования армии, на внедрение в процесс военного строительства Вооруженных Сил опасной болезни национализма, на фальсификацию исторического прошлого Беларуси, на преднамеренное разжигание ненависти к своему славянскому соседу России, насаждение недоверия к офицерам небелорусской национальности.
Выступ у "Розным"
Нянавісьць адчувалася фізычна. «А по-русски можете говорить?» — перапынілі мяне ўжо на першай фразе.
У часе дэпутацтва мне давялося ўдзельнічаць у сотнях сустрэчаў, выступаць і ў прыязных аўдыторыях, і сярод тых, хто быў настроены крытычна, але такой канцэнтрацыі агрэсіўнай варожасьці, як у той дзень у вайсковай частцы пад Менскам, адчуваць не даводзілася ні да таго, ні пасьля.
Я прыехаў туды на запрашэньне старшыні Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў падпалкоўніка Міколы Статкевіча, каб у якасьці дэпутата абараніць афіцэраў-актывістаў БЗВ, якіх звальнялі з войска. БЗВ выступала за незалежнасьць Беларусі, нэўтралітэт, за выхаваньне моладзі на нацыянальных каштоўнасьцях.
Кіраўніцтва Міністэрства абароны на чале з Паўлам Казлоўскім распачало супраць актывістаў сапраўдную вайну, паводле ўсіх правілаў стратэгіі і тактыкі. Афіцэрскі сход у вайсковай частцы пад Менскам вёў намесьнік камандзіра па палітычнай частцы, і што мяне ўразіла, ягоныя абвінавачаньні ў «нацыяналізьме» сустракалі падтрымку большасьці афіцэраў.
«Гэта ня наша войска» — падумалася мне.
Войска сапраўды назваць беларускім не паварочваўся язык. Сытуацыя ва Ўзброеных Сілах Беларусі ў 1993 годзе была не нашмат лепшая, чым у год папярэдні. І хоць у апошні дзень 1992-га ўсе афіцэры былі прыведзеныя да прысягі (увесь год мы дамагаліся гэтага), але ў шмат якіх частках афіцэры былі незадаволеныя, што на цырымонію вынесьлі дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг.
У 1992–93 гадах у Беларусь зь Нямеччыны былі выведзеныя тысячы былых савецкіх афіцэраў (называлася лічба — да 40 тысяч). 30 чэрвеня 1993-га дэпутат Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на сэсіі з патрабаваньнем адстаўкі Шушкевіча, скажа: «Вы ўчора выказаліся з нагоды арміі: нягодныя, лішнія людзі ў арміі і гэтак далей. А калі той самы Пазьняк і Апазыцыя, вашыя калегі казалі вам, што ня трэба з Германіі разьмяшчаць тут войскі, вы якую пазыцыю займалі?.. Я тады галасаваў за тое, каб гэтыя хлопцы былі ў Беларусі, і сёньня ўпэўнены, што ў нас няма лішніх людзей, у тым ліку і вайскоўцаў».
Мы сапраўды былі супраць прыняцьця афіцэраў, якіх выводзілі з Групы савецкіх войскаў у Нямеччыне — іх пасылала туды Масква, Расея зрабілася правапераемніцай СССР, фактычна не падзяліўшыся зь Беларусьсю ніякай былой агульнасаюзнай маёмасьцю за мяжой — а значыць, Расея і мусіла ўзяць на сябе абавязкі перад афіцэрамі і іх сем’ямі. Але Шушкевіч з намі не пагадзіўся.
Сацыяльныя праблемы ў пэўнай ступені ўдалося зьняць, Нямеччына пабудавала жытло для былых савецкіх афіцэраў, а вось палітычныя настроі новапрыбылых нікуды не падзеліся. У абсалютнай сваёй большасьці яны выступалі супраць незалежнасьці Беларусі (і пракліналі таго самага Шушкевіча за «развал Саюзу»), патрабавалі ўвядзеньня расейскай мовы ў якасьці другой дзяржаўнай. Многія зь іх папоўнілі камуністычныя, прарасейскія і праімпэрскія арганізацыі, якія аб’ядналіся ў «Народное движение Беларуси» на чале з супрацоўнікам апарату Саўміну Сяргеем Гайдукевічам.
Найбольшым непрыманьнем незалежнасьці Беларусі вылучаўся «Саюз афіцэраў», які ўзначальваў генэрал Дзьмітры Іваноў.
«Я чуў, як выхваляўся адзін з ваяўнічых і нахабных запасьнікоў-іваноўцаў. Расея, маўляў, абавязкова верне свае землі аж да Аляскі… “А як з Беларусьсю?” — запытаў я. “Такой страны никогда не было и не будет”, — з салдафонскай прамалінейнасьцю адказаў ён», — пісаў у лісьце ў тыднёвік «Літаратура і мастацтва» маёр у адстаўцы, вэтэран вайны, сябра БЗВ Генадзь Лагуновіч («ЛіМ», 16 красавіка 1993).
Штаб Галіны
У гэтым кабінэце генэралы паводзілі сябе як курсанты — бо кадры, як сказана, вырашаюць усё, а начальнік упраўленьня кадраў Міністэрства абароны вырашае лёс гэтых кадраў. Хай нават ён пакуль і палкоўнік — ператварэньне штабу Беларускай вайсковай акругі ў Міністэрства абароны новай незалежнай дзяржавы зблытала пасады і званьні, і падпалкоўнікі камандавалі палкоўнікамі, а генэралы атрымлівалі прызначэньні ад палкоўнікаў. Так і яму, Івану Зубко, пасьля службы ў розных вайсковых акругах давялося вярнуцца ў родную Беларусь ды разьмяркоўваць на пасады тых, хто ўчора, можа, і не заўважыў бы яго.
Жанчыны ж у гэты кабінэт заходзілі толькі ў ролі афіцыянтак (прынесьці чай) альбо ў якасьці просьбітак, жонак афіцэраў, у строга вызначаныя дні і гадзіны прыёму. А гэтая заявілася адразу, ды яшчэ пачала патрабаваць справаздачы пра перавод афіцэраў з такім націскам, быццам ня ён, палкоўнік Іван Зубко, а яна, дэпутатка Галіна Сямдзянава, камандавала палком у Тушкургане і брыгадай у Кандагары.
Палкоўнік запатрабаваў ад дэпутаткі пакінуць кабінэт і нават паспрабаваў — ветліва, але настойліва — дапамагчы ёй гэта зрабіць. Тое было вялікай памылкай, і неўзабаве міністар абароны Казлоўскі давёў, што канфліктаў зь Сямдзянавай у яго хапае і безь ягонай, палкоўніка, дапамогі, і што ціснуць на гэтую жанчыну — сабе даражэй. Не пускаць яе ў будынак міністэрства немагчыма — паводле закону як дэпутат яна мае права. Гэта што — свайго часу Сямдзянава дамаглася адказу ад міністра абароны СССР маршала Язава. Ну а ўжо яму, генэрал-палкоўніку, на запыты Сямдзянавай даводзіцца адказваць у трохдзённы тэрмін. А запыты пра перавод афіцэраў-беларусаў Сямдзянава накіроўвае няспынна. Нічога не паробіш — у няпростыя часы жывем.
Затое пасьля сутычкі ў палкоўніка знайшліся сябры дзяцінства — 17 сакавіка ў прамым радыёэтэры на ўсю Беларусь прагучала ягонае імя, з вуснаў той самай Сямдзянавай, якая выступала ў якасьці кіраўніка створанага пры БЗВ камітэту «Вяртаньне».
Галіна Сямдзянава патлумачыла, што камітэт «быў створаны менавіта таму, што ўсе пытаньні, якія паўсталі перад нашымі людзьмі — не вырашаюцца. Апазыцыя і раней казала, што Саюз распадзецца, што войска будзе таксама пакінута, будзе прадстаўлена само сабе, што трэба як мага хутчэй ствараць беларускае войска, трэба як мага хутчэй ствараць Міністэрства абароны. Наш Вярхоўны Савет увесь час выступаў супраць гэтага, наш Вярхоўны Савет не хацеў, каб мы стваралі Міністэрства абароны… Чаму мы выступалі за стварэньне ўласнай арміі? Таму што мы ведаем, армія — гэта ня толькі тэхніка, ня толькі самалёты і танкі, армія — гэта ў першую чаргу людзі. Гэта афіцэры, прапаршчыкі і іх сем’і… Вярхоўны Савет прыняў пастанову аб тым, каб да 1 студзеня гэтага году з гарачых кропак вывесьці ўсіх вайскоўцаў. Што мы маем? Гэтыя людзі дагэтуль ня выведзеныя».
Шмат афіцэраў-беларусаў, якія служылі па-за межамі Беларусі, зьвярталіся ў Менск з просьбай праходзіць службу на Бацькаўшчыне. Але на люты 1993 году, паводле адказу Міністэрства абароны на дэпутацкі запыт Сямдзянавай, з «гарачых кропак» у Беларусь было вернута 749 афіцэраў і 184 прапаршчыкі. «Лёс тых людзей, якіх вярнулі сюды — ён увогуле дзіўны, таму што гэтыя людзі, трапіўшы сюды, шмат хто не атрымліваюць ні кватэры, ні пасад ніякіх. Іх звальняюць з войска!» — абуралася Сямдзянава ў радыёэтэры.
Галіна Сямдзянава нарадзілася ў сямʼі марскога афіцэра ў Гдыні, разам з бацькамі пераяжджала ў розныя месцы Савецкага Саюзу (у тым ліку і ў Беларусі), скончыла палітэхнічны інстытут у Куйбышаве (спэцыяльнасьць — інжынэр-хімік) і працавала ў сыстэме ваенна-прамысловага комплексу. Вярнуўшыся на зямлю дзяцінства, у 1980-ыя працавала інспэктарам Наваградзкага гарадзкога камітэту народнага кантролю. Чытача не павінен уводзіць у зман назоў установы — ні да народу, ні да кантролю такія камітэты ня мелі ніякага дачыненьня, гэта былі цалкам падпарадкаваныя райкамам структуры для пакараньня дробнага начальства за дробныя парушэньні.
У дэпутаты Сямдзянава была вылучаная калектывам аўтапарку ў Наваградку — як яна казала сама, за прынцыповасьць у выкрыцьці злоўжываньняў работнікаў гандлю; апошнія гады існаваньня СССР былі часам дэфіцыту на ўсе колькі-небудзь каштоўныя тавары. Канкурэнтаў у яе было шасьцёра: дырэктар масларобчага камбінату, дырэктар швейнай фабрыкі, дырэктар аўтапарку, галоўны інжынэр заводу… Але, як выглядала, улады падтрымлівалі загадчыка дзіцячым аддзяленьнем мясцовай бальніцы, і стаўка на яго падавалася бяспройгрышнай: ну ці шмат людзей будуць супраць? Здавалася, разьлік быў правільны: лекар выйшаў у другі тур, заняўшы першае месца, амаль на дзьвесьце галасоў адстала ад яго Сямдзянава. Але ў другім туры Галіна Сямдзянава перамагла.
Да Наваградку даходзіла інфармацыя пра бурлівае мітынговае менскае жыцьцё, пераважна — у інтэрпрэтацыі камуністычнай прапаганды. І на пасяджэньне дэмакратычных дэпутатаў увесну 1990-га Сямдзянава прыйшла, кіруючыся жаданьнем паглядзець, што ж уяўляюць зь сябе гэтыя «нефармалы» і «экстрэмісты». Першае пасяджэньне, як памятаю, яна сядзела моўчкі — назірала. Потым пачала падаваць рэплікі. А ўжо ў сярэдзіне чэрвеня падпісала і заяву аб стварэньні дэпутацкай фракцыі БНФ, а ў ліпені — Апазыцыі БНФ. Пазьней у інтэрвію наваградзкай газэце яна скажа выбаршчыкам, што па-іншаму паглядзець на сьвет яе прымусілі «Архіпелаг ГУЛаг» Салжаніцына і дзейнасьць Беларускага Народнага Фронту.
Галіна была шчырай, не хавала сваіх перакананьняў, ня стрымлівала сябе ў ацэнках і магла пайсьці на тое, што ў палітыцы называецца «прамое дзеяньне» і адбываецца вельмі рэдка, у экстрэмальных абставінах. Але менавіта такія дзеяньні мяняюць абставіны, а часам і хаду гісторыі. Тое, што яна першая ўнесла ў Авальную залю бел-чырвона-белы сьцяг у пачатку Сэсіі Незалежнасьці, можа падацца выключна сымбалічным учынкам. Але вось — тое, што сапраўды паўплывала на лёс нацыі.
25 жніўня 1991 году, калі ўжо былі абвешчаныя факты падтрымкі камуністычным кіраўніцтвам БССР маскоўскіх путчыстаў, першы сакратар ЦК кампартыі Малафееў даў знак старшыні Вярхоўнага Савету Дземянцею — маўляў, зараз дасі слова мне. І, не чакаючы абвесткі сьпікера, павольна, па-гаспадарску пайшоў да трыбуны. Мы паўскоквалі зь месцаў, а Галіна ўбегла на трыбуну і закрыла сабой мікрафон.
Першы сакратар, сама пасада якога дзесяцігодзьдзямі выклікала піетэт, пашану, страх, трымценьне — быў сагнаны намі з трыбуны ў прамой трансьляцыі, і гэта бачыла ўся Беларусь. Камуністы — у шоку. «Священник остановился при виде такого посрамления божьей святыни и не посмел служить панихиду в таком месте» (Гогаль, «Вий») — Дземянцей спыніў пасяджэньне, а пасьля перапынку падаў у адстаўку.
Далей сэсію вёў Шушкевіч, былі зноў пастаўленыя на галасаваньне прапановы дэпутатаў БНФ, і празь некалькі гадзін Беларусь была абвешчаная незалежнай дзяржавай.
Яна ня бралася за некалькі спраў адразу. Галіна вызначала для сябе нейкую тэму і мэтанакіравана, сыстэмна над ёй працавала. З уласьцівай ёй уедлівасьцю і ўвагай да самых дробных і, здавалася б, нязначных дэталяў, на якія большасьць махнула б рукой. Але часта аказвалася, што якраз яны і былі важныя, і выраз «дʼябал хаваецца ў дэталях» набываў амаль прамы сэнс, бо ўменьне закласьці падвох у законапраект было ўласьцівасьцю нашых апанэнтаў.
Так было ў 1992 годзе са зборам подпісаў за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах, калі прыйшлося выконваць казуістычныя патрабаваньні, а потым вырываць у старшынь выканкамаў завераныя пячаткай падпісныя лісты. Ведаю выпадак, калі Сямдзянавай давялося іх вырываць сваімі рукамі з рук чыноўніка, які не жадаў аддаваць аркушы з тысячамі сабраных фронтаўцамі подпісаў.
Не раскрыю таямніцы, сказаўшы, што ў выпадку перамогі Пазьняка на прэзыдэнцкіх выбарах менавіта Сямдзянава была б прапанаваная на пасаду міністра абароны. Зрэшты, гэта не было сакрэтам і ў пачатку 90-х, і неяк на адным прыёме генэралы мне сказалі, што хоць шмат у чым і нязгодныя з Пазьняком, але ў нечым ён мае рацыю, ну але вось «жанчыну паставіць камандаваць войскам — мы такога ня прымем ніколі».
Я адказаў, што што міністар абароны ў дэмакратычных краінах — гэта палітык, а не камандзір, а жанчыны — ня горшыя палітыкі за нас. «Міністар — найперш кіраўнік ведамства. А што галоўнае для ведамства? Галоўнае — бюджэт. Самі ж кажаце, нагадваў я, што не хапае на рамонт тэхнікі, што патрэбная салярка і гэтак далей. Ну вось выйдзе на трыбуну парлямэнту генэрал і папросіць павялічыць асыгнаваньні, напрыклад, на тыя самыя гаруча-змазачныя матэрыялы. Тады ўздымецца са свайго месца старшыня аграрнай камісіі Гаркун, які на кожнай сэсіі вырывае зубамі мільярды для «працаўнікоў палёў і фэрм», і вас праглыне за адзін прыём, а лямпасы і генэральскія зоркі разьдзяруць старшыні калгасаў. А калі бюджэт міністэрства будзе прадстаўляць Сямдзянава, ніводны дэпутат, калі толькі ён не самагубца, не захоча ваяваць з Галінай, прасьцей націснуць кнопку «за» і забыць». — «Гэта так, зь Сямдзянавай асабліва не паспрачаесься», — пагадзіліся генэралы.
Што Сямдзянава дамагаецца сваёй мэты — кіраўнікі Міністэрства абароны ведалі якраз па камітэце «Вяртаньне». Галіна займалася вяртаньнем, а затым і ўладкаваньнем беларусаў-афіцэраў і іх семʼяў няспынна і, як мне здавалася, кругласутачна. Штаб камітэту — ва ўсякім разе ў мяне было такое адчуваньне — пераносіўся туды, дзе была Сямдзянава, ці то ў наш 363-ці пакой апазыцыі на трэцім паверсе Дому ўраду, ці ў штаб-кватэру БНФ на Варвашэні, 8, альбо на Плошчы ў часе мітынгу.
У сваёй кнізе «Імёны Свабоды» Уладзімер Арлоў піша, што калі міністрам абароны будзе жанчына, у кабінэце абавязкова будзе партрэт Галіны Сямдзянавай. Я перакананы, што партрэт Галіны будзе ў вайсковым ведамстве незалежна ад полавай прыкметы яго кіраўніка, і спадзяюся, што калі-небудзь асобную кнігу пра Сямдзянаву возьмуць у рукі і нашчадкі чатырох тысяч беларускіх афіцэраў, дзякуючы ёй вернутых на Радзіму.
Пра званьне генэрала і гонар афіцэра
Згуртаваньне вайскоўцаў можа быць узводам, ротай, батальёнам — а вось калі дадаць прыметнік «Беларускае», боегатовасьць рэзка мяняецца. Так у пачатку 1990-х у Беларусі лічылі многія, праўда кожны — са сваім знакам.
20 жніўня 1991 году на плошчы перад Домам ураду на мітынгу супраць маскоўскага праімпэрскага пучу выступіў афіцэр з пагонамі падпалкоўніка, які заявіў пра стварэньне Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў і выказаў перакананьне, што «гарантыяй незваротнасьці дэмакратычных зьмен і сувэрэнітэту могуць стаць толькі дэпартызаваныя нацыянальныя вайсковыя злучэньні». З гэтага моманту ўраджэнец Случчыны, выпускнік і выкладчык Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітнай ракетнай вучэльні, кандыдат тэхнічных навук Мікалай Статкевіч зрабіўся прыкметнай фігурай у палітычным жыцьці краіны. Увесну 1992-га ён быў адным з ініцыятараў Антыкрызіснага пагадненьня, падпісанага Шушкевічам, Кебічам, сілавымі міністрамі і лідэрамі дэмакратычных партый, якое прадугледжвала супольныя дзеяньні ў выпадку рэальнай пагрозы сувэрэнітэту.
Аднак актыўнасьць Статкевіча і ягоных паплечнікаў па БЗВ, якія цягам усяго году патрабавалі ад кіраўніцтва міністэрства прывесьці афіцэраў беларускіх Узброеных сілаў да прысягі (на другім годзе незалежнасьці гэта яшчэ не было зроблена) — выклікала незадаволенасьць генэралаў.
У траўні 1993-га, незадоўга да абароны доктарскай дысэртацыі, Статкевіч быў звольнены з войска з фармулёўкай «за дыскрэдытацыю званьня афіцэра». Вялікая група палітыкаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі выступіла з публічным пратэстам.
Заява «Не дамо расправіцца з патрыётамі Беларусі» была апублікаваная ў некаторых выданьнях у канцы траўня:
«Сотні гадоў наш народ пазбаўлялі права на існаваньне, зьневажалі, зьнішчалі. Гісторыя дала Беларусі шанец адрадзіцца. Але ў краіне па-ранейшаму пануюць намэнклятурна-камуністычныя сілы. Каб пазьбегнуць адказнасьці за развал эканомікі і раскраданьне нашых багацьцяў, яны гатовыя пахаваць парасткі дэмакратыі і зьнішчыць нашую незалежнасьць, зацягнуўшы Беларусь у ваенны саюз. Калі ж патрыёты Беларусі выступаюць супраць гэтага — намэнклятура пачынае зь імі вайну. Асаблівую нянавісьць антыбеларускіх сілаў выклікае Беларускае Згуртаваньне Вайскоўцаў (БЗВ)… Сапраўдная мэта звальненьня Міколы Статкевіча — запалохаць вайскоўцаў, не пакінуць сумневу ў антыбеларускім курсе вайсковага кіраўніцтва краіны».
Сьпіс падпісантаў адкрывацца імем Васіля Быкава, тут Апазыцыя БНФ практычна ў поўным складзе на чале зь Зянонам Пазьняком, а таксама дэпутаты Інэса Драбышэўская, Генадзь Карпенка Валеры Курдзюкоў, Анатоль Лябедзька, Ніна Салдатава ды іншыя, акадэмікі Станіслаў Астапчык і Ўладзімер Камароў, член-карэспандэнт Акадэміі навук Іван Нікітчанка, прафэсар Уладзімер Кулажанка, навукоўцы гісторыкі Анатоль Грыцкевіч, Генадзь Сагановіч, Міхась Чарняўскі, Генадзь Штыхаў, літаратары Сяргей Законьнікаў і Адам Мальдзіс, празаік Барыс Сачанка акторка Тацяна Мархель. Пад лістом — подпісы старшыні Беларускай сялянскай партыі Яўгена Лугіна, намесьніка старшыні Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі Міхася Пліскі, прадстаўніцы жаночага Хрысьціянска-дэмакратычнага руху Ганны Сурмач.
Аднак адзінае, што маглі зрабіць аўтары звароту, якія ня мелі ні ўлады, ні мэханізмаў рэальнага ўплыву на кіраўніцтва Міністэрства абароны — гэта выказаць маральную падтрымку, выступіць у абарону БЗВ у прэсе і на сэсіі Вярхоўнага Савету. Для афіцэраў гэты было маральнай падтрымкай, для генэралаў — пустым гукам. Усьлед за Статкевічам былі звольненыя ўсе афіцэры, якія стаялі перад трыбунай у верасьні 1992 году ў часе прыняцьця прысягі на вернасьць Беларусі.
У гэтай справе кіраўніцтва Міністэрства абароны знайшло надзейных саюзьнікаў у дэпутацкім корпусе, найперш намесьніка старшыні Камісіі Вярхоўнага Савету па абароне Леаніда Прывалава і намесьніка начальніка ўпраўленьня бясьпекі Саўміну Валерыя Паўлава, дэпутата ад вэтэранскай арганізацыі Валянціна Сарокіна, былога начальніка палітупраўленьня Беларускай вайсковай акругі генэрала Анатоля Новікава.
У інфармацыйным бюлетэні «Служым Айчыне!», які выходзіў на старонках тыднёвіка «Літаратура і мастацтва», у кастрычніку 1993-га вэтэран вайны Ўсяслаў Войніч напісаў, што тыя, хто цкуе актывістаў БЗВ, «страляюць у сьпіну незалежнай Беларусі».
Аўтар артыкулу адзначаў, што «Беларускае Войска па сёньня яшчэ надта далёка ад таго стану, каб стаць нацыянальным», што «сёньняшняя прызыўная моладзь ужо некалькі гадоў жыла пад бел-чырвона-белым сьцягам, пад Пагоняй, сталела ў атмасфэры нацыянальнага Адраджэньня, а яе зноў спрабуюць засунуць у антынацыянальнае асяродзьдзе. Цераз год-другі ў войска пойдзе масавы наплыў выпускнікоў беларускамоўных школ (вынік увядзеньня Закону аб мовах, прынятага ў 1990 годзе — С. Н.), а тут іх сустракаюць “Равняйсь”, “Смирно”, разбаўленыя мацяршчынай, а ўсе праявы нацыянальнай сьвядомасьці нівэлююцца пад адно слова “нацыяналізм”».
…Задоўга да верасьня і Кебіч заявіў, што «яшчэ адно адзначэньне Аршанскай бітвы — і Расея перакрые нам нафту», і Міністэрства абароны ўключылася ў прапагандысцкую кампанію супраць сьвяткаваньня Дня беларускай вайсковай славы. Затое ў лютым у Цэнтральным доме афіцэраў правялі міжнародную навукова-практычную канфэрэнцыю ў гонар 50-годзьдзя сувораўскіх вайсковых вучэльняў. У часе канфэрэнцыі актывісты БНФ прыйшлі да Дому афіцэраў — «был выставлен немногочисленный, но достаточно крикливый пикет оппозиции, расцвеченный бел-чырвона-белыми стягами».
Апошняя цытата з згадаваньнем дзяржаўнага ў той момант сьцяга належыць чалавеку, які пад гэтым самым сьцягам кляўся ў адданасьці незалежнай беларускай дзяржаве, і ўзятая зь ягонай кнігі, пра якую варта сказаць больш падрабязна хаця б каб лепей уяўляць, якія асобы кіравалі Ўзброенымі сіламі Беларусі ў гады іх станаўленьня. ФОТА 17
У кнізе «Дзевяноста другі» я пішу, што пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці «ці не адзіным генэралам, які выказваў бясспрэчную ляяльнасьць да беларускай дзяржавы, быў … Пётра Чавус» (с. 43).
І сапраўды — выказваў. Прызначаны ў сьнежні 1991 году міністрам у справах абароны, а пазьней — як выканаўца абавязкаў міністра абароны, генэрал-палкоўнік Чавус пераконваў дэпутатаў, у тым ліку і дэпутатаў БНФ, у тым, што вітае незалежнасьць Беларусі. І нават даваў інтэрвію газэце «Навіны БНФ», на што не адважваліся іншыя, «цывільныя» міністры. Таму мы актыўна падтрымлівалі Чавуса і дамагаліся менавіта ягонага прызначэньня на пасаду міністра абароны (ім у выніку стаў Павал Казлоўскі). І асабліва адстойвала Чавуса — горача і імпэтна, як умела гэта рабіць толькі яна — Галіна Сямдзянава.
Мая кніга выйшла выйшла ў ліпені 2017-га, а празь месяц у Менску я набыў мэмуары Пётры Чавуса «Жизнь — Отечеству, честь — никому!» (Минск, «Ковчег», 2013).
Кніга ўразіла.
Асобны разьдзел прысьвечаны сувораўскім вучэльням і мае мэтай «защитить доброе имя А. В. Суворова и отстоять родное училище от нападок доморощенных национал-радикалов, дать решительный отпор злопыхателям», паколькі Сувораў «на Белой Руси» «принял непосредственное участие в освобождении белорусского народа от векового и религиозного угнетения со строны шляхетской Речи Посполитой». Генэрал у зьдзеклівым кантэксьце выказваецца пра Вітаўта Вялікага, Канстанціна Астроскага, Тадэвуша Касьцюшку, Кастуся Каліноўскага — і з павагай пра «сталинских маршалов» Будзённага і Цімашэнку.
Пётра Чавус выяўляе поўнае неразуменьне тагачаснай палітычнай сытуацыі ў краіне, міністрам у якой быў (у кнізе Гайдукевіч выконвае даручэньні Пазьняка), у саміх войсках (кіраўніцтва БНФ сустракаюць у дывізіях ганаровай вартай і аркестрам — вышэй я прыгадаў, як сустрэлі мяне ў вайсковай частцы ва Ўруччы). Чавус грэбліва піша пра Гарбачова, пра Шушкевіча, пра Народны Фронт — за развал «великого СССР» («Окна здания выходили в сторону штаба Народного Фронта, и было видно, что по ночам во всех кабинетах горел свет, потому что там усиленно работали. И понятно, над чем…»)
Калі хаця б адной фразай генэрал удакладніў, што ў пачатку 90-х ён меў адну пазыцыю, а потым яе зьмяніў, пад узьдзеяньнем абставінаў або ў выніку пераасэнсаваньня — не было б пытаньняў. Але гэтага няма, і плач па развале «единой страны» ды зьедлівыя рэплікі на адрас «националистов» я чытаў з усьведамленьнем, што і генэралы могуць быць дыпляматамі і па-акторску хаваць свае сапраўдныя думкі за прыгожымі фразамі,
Але ранейшыя свае словы пацьвярджаю: тады Чавус сапраўды выказваў ляяльнасьць да незалежнасьці і павагу да БНФ.
За два гады, якія пасьля ўнівэрсытэту я праслужыў з лейтэнанцкімі пагонамі ў ракетнай вайсковай частцы пад Лепелем, на палігонах у Дрэтуні і ў Капусьціным Яры, у мяне ня ўзьнікла ніводнай нагоды сумнявацца ў вартасьці выразу «слова афіцэра». Зрэшты, генэральскія зоркі часам бяруцца ня толькі ваеннай хітрасьцю, але і проста хітрасьцю.
Так што — па-генэральску.
Апяклі радкі, прысьвечаныя Галіне Сямдзянавай: «дама, которая всё время задавала малозначительные вопросы», « самые дилетантские».
Не па-афіцэрску!