«Раз цяперашняя прэм'ер-міністарка ня можа забясьпечыць тыя ўмовы разводу з Эўразьвязам, якія мы лічым правільнымі, — у адстаўку яе!» — прыблізна такі настрой мае шэраг брытанскіх эўраскептыкаў.
Прэм'ераў на пераправе не мяняюць? Так ня лічаць адразу некалькі вядомых чальцоў Кансэрватыўнай партыі Вялікай Брытаніі, што сабраліся на сустрэчу Эўрапейскай дасьледчай групы — аб'яднаньня эўраскептыкаў, якое вывучае пэрспэктывы так званага «цьвёрдага Brexit», піша BBC.
Што ня так з Мэй
Размовы пра тое, што Тэрэза Мэй «заседзелася» ў прэм'ерскім крэсьле, гучаць недвухсэнсоўна з таго дня, як былі абвешчаныя вынікі апошніх усеагульных выбараў у чэрвені 2017 году. Выбары былі прызначаныя з ініцыятывы Мэй, павінны былі замацаваць ейнае лідэрства ў партыі, замест гэтага партыя страціла абсалютную большасьць у парлямэнце і была вымушаная шукаць партнэраў па кааліцыі.
Сёлета ўлетку Мэй запрасіла міністраў у сваю рэзыдэнцыю Чэкерс і ў настойлівай форме прапанавала ім падтрымаць яе плян выхаду з Эўразьвязу (Brexit). Пасьля 12-й гадзіны «выкручваньня рук», піша BBC, міністры саступілі і падпісалі калектыўнае пагадненьне. Пагадненьне прадугледжвае стварэньне зоны свабоднага гандлю з ЭЗ для прамысловых і сельскагаспадарчых тавараў на агульных правілах, а таксама стварэньне сумеснай мытнай тэрыторыі — гэта вельмі «мяккі» Brexit.
Найбольш заўзятыя прыхільнікі поўнага разрыву з Эўразьвязам (у прыватнасьці, кіраўнік МЗС Барыс Джонсан) пляну не падтрымалі і на наступны дзень пайшлі ў адстаўку. З гэтага моманту незадаволенасьць палітыкай Тэрэзы Мэй ейнай уласнай партыі перарасла ў артыкуляваны пратэст.
У інтэрвію BBC міністар у справах навакольнага асяродзьдзя Майкл Гоўв (той, хто прайграў у свой час Мэй змаганьне за пасаду лідэра партыі) параўнаў размовы пра зьмену прэм'ер-міністра з размовамі пра надвор'е, сказаўшы, што гэта асаблівасьць палітычнага жыцьця Вялікай Брытаніі. Маўляў, заўсёды ёсьць незадаволеныя працай прэм'ера, ды і ахвочых паспрабаваць сябе ў ролі кіраўніка ўраду таксама хапае.
Тэхнічна ў зьмене прэм'ера няма нічога немагчымага: для гэтага дастаткова, каб 15% сяброў так званага адмысловага камітэту напісалі ліст старшыні партыі з просьбай аб вотуме недаверу лідэру. Сёньня для гэтага дастаткова 48 подпісаў, а такая колькасьць рашуча незадаволеных дзейнасьцю Тэрэзы Мэй кансэрватараў у парлямэнце, безумоўна, знойдзецца. Далей мае быць галасаваньне, якое можа запусьціць працэс выбараў новага лідэра партыі.
Зьмяніць Мэй — не пасьпець у Brexit?
Але на практыцы ўсё крыху больш складана, піша BBC. Па-першае, зьмена кіраўніцтва кіроўнай партыі ў разгар перамоваў па Brexit ня пойдзе гэтаму працэсу на карысьць. Новы прэм'ер зь вялікай верагоднасьцю прызначыць новы кабінэт, які параціць нейкі час на выпрацоўку новага сцэнару Brexit, які потым трэба будзе зноў вырашаць з Бруселем.
Найбольш жорсткую форму Brexit — безь ніякіх дамоваў з Эўразьвязам — падтрымліваюць толькі найбольш крайнія эўраскептыкі; урад усімі сіламі імкнецца пазьбегнуць гэтага сцэнару, хоць і папярэджвае, што ён у прынцыпе магчымы. З самага пачатку перамоў эўрапейскія чыноўнікі ясна давалі зразумець, што ні на якія саступкі Вялікай Брытаніі разьлічваць ня варта.
А чым даўжэй зацягнуцца перамовы з Эўразьвязам (тэрміны падціскаюць — фармальна Brexit адбудзецца ўжо праз 200 дзён), тым вышэйшая верагоднасьць таго, што дамовіцца ня ўдасца.
Другая акалічнасьць — у праціўнікаў спадарыні Мэй няма відавочнага кандыдата на пасаду прэм'ера. У старшыні Эўрапейскай дасьледчай групы Джэйкаба Рыс-Мога толькі 29% падтрымкі сярод чальцоў Кансэрватыўнай партыі, у былога міністра ў справах Brexit Дэвіда Дэвіса і былога лідэра кансэрватараў Ена Данкана Сьміта 20% і 17% адпаведна. Барыс Джонсан мае 11% падтрымкі сярод кансэрватараў.
Многія прыкметныя эўраскептыкі ў шэрагах кансэрватараў падкрэсьліваюць, што цяпер ня самы зручны момант рабіць перапалох у партыі, які, у дадатак, абавязкова адаб'ецца на яе рэйтынгу — а ён і так ня самы высокі. Ды 30 верасьня ў Бірмінгеме пачнецца партыйная канфэрэнцыя кансэрватараў — на думку аналітыкаў, гэта найлепшае месца і час для таго, каб заявіць пра свае лідэрскія амбіцыі.