Паводле зьвестак парталу «ОВД-Инфо», ня менш за 1000 чалавек былі затрыманыя ў 33 гарадах Расеі 9 верасьня за ўдзел у акцыях пратэсту супраць пэнсійнай рэформы.
Найбольшая колькасьць затрыманых у Санкт-Пецярбургу (452 чалавекі) і Екацярынбургу (183 чалавекі). Пра затрыманьне гэтых людзей «ОВД-Инфо» вядома пэўна, але колькасьць затрыманых можа быць і большай.
Сярод затрыманых былі пэнсіянэры і дзеці, адзначае «Настоящее время». Адзін зь іх — 80-гадовы мужчына, затрыманы ў цэнтры Пецярбургу. Калі пэнсіянэру стала кепска, яго вывелі з аўтазака. Першыя хвіліны супрацоўнікі Расгвардыі не аказвалі мужчыну мэдыцынскую дапамогу. Тады пратэстоўцы вырашылі несьці яго на руках у бальніцу.
Падчас мітынгу ў Маскве некаторыя карыстальнікі сотавага апэратара «Мегафон», якія знаходзіліся на месцы правядзеньня акцыі, паведамлялі пра перабоі ў працы мабільнай сеткі, а таксама скардзіліся на поўную адсутнасьць інтэрнэту. Апэратар растлумачыў гэта «мадэрнізацыяй сеткі».
Па ўсёй Расеі 9 верасьня, у адзіны дзень выбараў, прайшлі акцыі пратэсту прыхільнікаў апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Мітынгоўцы выступалі супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту. Частка пратэставых акцый не была ўзгодненая з уладамі.
Напярэдадні акцый у некалькіх гарадах прайшлі прэвэнтыўныя затрыманьні прыхільнікаў Навальнага і каардынатараў яго штабоў. Паводле зьвестак парталу «ОВД-Инфо», за дзень да акцыі па Расеі затрымалі 48 чалавек, некалькіх зь іх арыштавалі.
Сам Навальны ў дзень акцыі знаходзіўся пад 30-дзённым адміністрацыйным арыштам у справе аб «забастоўцы выбарнікаў» у студзені 2018 году.