Група праваслаўных грамадзян дамаглася пераносу прэм’еры опэры «Салямэя» у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры і балета Беларусі, якая павінна была адбыцца 9-10 верасьня.
У адкрытым лісьце на імя кіраўніцтва прэзыдэнцкай адміністрацыі, Генпракурора, чальцоў сьвяшчэннага сыноду Беларускага экзархату і Маскоўскага патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы пастаноўка названая «блюзьнерствам, багахульствам, зьдзекам з памяці Хрысьціцеля Іаана, антыхрысьціянскай, антыцаркоўнай дзеяй».
Паводле заяўнікаў, спэктакль абражае рэлігійныя пачуцьці вернікаў і зьяўляецца крымінальным злачынствам. Таму прэмʼера і далейшы паказ опэры «павінны быць неадкладна забароненыя», бо «Салямэя» — «дзёрзкі выклік хрысьціянам Беларусі і пагроза духоўнай бясьпецы дзяржавы».
Раней пастаноўку «Салямэі» ўхваліла Рэспубліканская экспэртная камісія па прадухіленьні парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці, а таксама мастацкая рада Міністэрства культуры па музычным мастацтве.
Саша і Сірожа, народныя героі мастака Аляксея Хацкевіча, не засталіся раўнадушнымі да канфлікту рэлігіі і культуры.