Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы ў «боінгу», за стырном — маладая кабета


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мы падымаемся па трапу ў «боінг-737», на месцы першага пілёта маладая кабета — два хвосьцікі, прычоска. Яна — полька. Калі шчыра, мне робіцца крышку ніякавата.

Хто часта лятае ды ў Заходняй Эўропе, для таго, мабыць, не навіна. А я звычайны беларус, для мяне кабета за стырном немалога пасажырскага самалёту — гэта ўпершыню.

У мяне пытаюцца: што, гендэрныя забабоны? Ды блізка не, але праца, здаецца мне, калі не фізычна, то псыхалягічна цяжкай, нэрвовай — узьлёт, пасадка, турбулентнасьць, калі самалёт быццам у «траскім» паветры апынаецца. А за сьпінай у цябе мноства людзей. Ну і, зразумела, узьлётны пас мае сваю даўжыню: варта на сэкунду адхіліцца ў думках, і яго можа не хапіць.

Урэшце, у нашым уяўленьні — калі жанчына на борце — то гэта стуардэса. Ня я гэта прыдумаў.

Карані нашых уяўленьняў у папярэдніх часах. Калі жанчын ураўналі ў правах з мужчынамі. Што датычыць любой цяжкай працы. Лячу, і мне міжволі прыгадваецца фільм. СССР амаль дыхае на ладан, лета 1991-га. Маскоўскі рэжысэр здымае ў Горадні сваю «Брунэтку за 30 капеек», кінакамэдыю. Начальствам дазволены першы публічны дом! Праца — лягчэй не прыдумаць. Па кантрасту — на беразе Нёману здаровыя цёткі працягваюць класьці асфальт. Абапершыся на шуфлі, летуценна глядзяць у неба: зьнікнуць бы птушкай прэч ад сваёй мужчынскай працы…

Калі прызямляемся, мне: ну пагадзіся — пасадка была мягчэйшай, чым калі капітанам мужчына? Пагаджаюся. Зразумела: жанчыны, яны больш акуратныя. Але ж праца напэўна нэрвовая. І дачка тады ўспамінае аб сваёй знаёмай Ірыне з Масквы, якая яшчэ не пілёт, але вучыцца на яго. Пачала лятаць тры гады таму, разьлічвае ў будучыні атрымаць працу.

Ірыне трыццаць год. Закончыла лінгвістычны унівэрсытэт, у яе актыве тры замежныя мовы, са славянскіх — чэская. Будзе заканчваць лётную школу ў Празе, краіна ёй вельмі падабаецца. Усе астатнія навучэнцы — мужчыны. Водгукі добрыя, навучаньне каштуе ў паўтара-два разы меней, чым у заходніх краінах. Форма — «модульная», вучысься паэтапна, у свабодны час — звычайна яна прыяжджае на два-тры месяцы ўвосень.

Кожны модуль каштуе ад пяці да дзесяці тысяч эўра, усяго іх бывае пяць-шэсьць. Гэта кошт невялікай кватэры ў Маскве. Калі ёсьць грошы, вучобу можна закончыць за два гады. Але звычайна, напрыклад, на Захадзе бяруць крэдыты.

Мы размаўляем зь Ірынай аб цяжкасьцях прафэсіі. Яна мяркуе, што пілёты авіяліній думаюць перш аб бясьпецы самалёта ў цэлым. Пра пілятажную частку працы. Калі думаць пра людзей — гэта можа нэгатыўна адбіцца на тваіх дзеяньнях. Бо галоўнае: цэлы самалёт, цэлыя пасажыры.

Сёньня паўсюль у сьвеце авіялініі набіраюць пілётаў, і ўдалы час таксама для жанчын. У Расеі і ва Ўсходняй Эўропе сярод лётчыкаў іх яшчэ няшмат. У Расеі, мяркуе Ірына, іх ня болей за паўсотні. У Шарамецеве ўсіх іх ведаюць па імені. А ў Вялікабрытаніі ці Галяндыі нікога гэтым не зьдзівіць. У Штатах каля сямі тысяч жанчын лятаюць.

Раней успрымалі жанчын больш асьцярожна, цяпер на пол ніхто не глядзіць. EasyJet, па зьвестках Ірыны, мае намер падвысіць лічбу жанчын-пілётаў да дванаццаці адсоткаў. Гэта называецца сёньня «станоўчай дыскрымінацыяй», заўважае яна. На эўрапейскіх авіялініях іх цяпер прыблізна пяць адсоткаў. Але рассылаць сваё рэзюмэ яна зьбіраецца па ўсім сьвеце. Звычайна сёньня працу пілёта знаходзяць за паўгода-год, і гэта хутка. Яшчэ два-тры гады таму было значна цяжэй, і пілёты ў Эўропе мусілі ўладкоўвацца інструктарамі ў лётных школах.

Ня так даўно ў нас была сэнсацыя: у «Белавія» другім пілётам уладкавалася маладая кабета. Лятала ў Расеі, даслала рэзюмэ ў Менск, і яе ўзялі. На «боінг». Што, зрэшты, ня густа. Але можна нарэшце канчаткова адвыкнуць ад жанчын, што кладуць асфальт, і пачынаць прывыкаць да лётчыцы, да якой можна аднойчы трапіць на борт.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG