У лесе на захадзе Беларусі шалёны барсук напаў на мужчыну, піша горадзенская газэта «Пэрспэктыва».
Як расказала вэтэрэнарка-эпізаатоляг Горадзенскай райвэтстанцыі Вольга Трафімава, жыхар вёскі Сыпаная Гара Верцялішкаўскага сельсавету раніцай выправіўся ў лес. Дадому вярнуўся толькі ноччу, ягоныя рукі былі акрываўленыя.
Вясковец растлумачыў, што на яго нечакана напаў барсук і пакусаў. Мужчына спрабаваў ад яго адбіцца. Вярнуўшыся дадому, вясковец зьвярнуўся па мэдычную дапамогу ў траўмапункт.
Барсука, якога знайшлі мёртвым на тым месцы, дзе ён накінуўся на пацярпелага, адправілі на лябараторныя дасьледаваньні. Вынікі паказалі: жывёла хварэла на шаленства.
Цягам двух месяцаў у ачагу будуць праводзіцца проціэпізаатычныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы, у тым ліку пазаплянавы адлоў бадзяжных жывёлаў і вакцынацыя хатніх гадаванцаў.
Чалавека можа пакусаць і здаровы барсук, і іншыя дзікія жывёлы.
У 2013 годзе ў Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці бабёр двойчы ўкусіў за нагу 60-гадовага рыбака, у выніку мужчына памёр ад страты крыві. Пра выпадак тады пісалі ва ўсім сьвеце, ад брытанскага Daily Telegraph да амэрыканскага Time. Ці значыць гэта, што бабры або барсукі небясьпечныя для чалавека?
«Гледзячы што разумець пад „небясьпечнай жывёлай“, — казаў Свабодзе прадстаўнік Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага сьвету Віктар Ждановіч. — Тады пісалі, нібы бабёр сам кінуўся на чалавека. Бабёр сам ня кінецца, толькі калі чалавек яго пакрыўдзіць. Тады можа. Як і любы зьвер, як нават заяц. А мядзьведзя не чапай, то й мядзьведзь не зачэпіць».
Гэта, тым ня меней, ня тычыцца жывёлаў, хворых на шаленства.