Гадзіньнік быў прададзены ў суботу аўкцыйным домам Heritage Auctions за 57 500 амэрыканскіх даляраў. Яго купіў Джон Міётэл, кіраўнік Miottel Museum у Каліфорніі. У гэтым музэі сабраная найбагацейшая ў сьвеце калекцыя артэфактаў з «Тытаніка».
Швэйцарскі гадзіньнік са срэбра і латуні належаў 34-гадоваму Сінаю Кантару зь Віцебску. Разам з жонкай Мірыям яны марылі трапіць у Нью-Ёрк.
Вядома, што Сінай быў бізнэсоўцам і гандляваў футрам. Зарабляў каля 2 500 тысяч даляраў у год. І ён, і Мірыям мелі унівэрсытэцкую адукацыю, хацелі займацца мэдыцынай.
Каб споўніць свае мары ў Амэрыцы, Сінай і Мірыям набылі на «Тытанік» квіток другой клясы № 244367. Ён каштаваў 26 фунтаў.
Пасьля таго як «Тытанік» сутыкнуўся з айсбэргам, Мірыям і Сінай згубілі адзін аднаго. Мірыям трапіла ў шлюпку нумар № 12 і выратавалася. Сінай патануў. Ягонае цела ў адной бялізьне вярнулі жонцы праз некаторы час. Яшчэ доўгі час яна дабівалася, каб ёй вярнулі рэчы і грошы, якія сям’я мела пры сабе.
Пасьля сьмерці мужа Мірыям не вярнулася дахаты, а засталася ў Нью-Ёрку ў сваякоў. Яна працягнула мэдычнае навучаньне з дапамогай габрэйскіх арганізацый. Рэчы Сіная захоўваліся ў нашчадкаў. Адзін зь іх ананімна выставіў ягоны гадзіньнік праз аўкцыённы дом Heritage Auctions.
У апісаньні пазначана, што на цыфэрблят нанесеныя літары на іўрыце. На адваротным баку гадзіньнік мае выяву Майсея са скрыжалямі. Гадзіньнік моцна пацярпеў ад салёнай вады і часу.
Сапраўднасьць рэчы пацьвярджаецца дакумэнтамі, якія прадставіў нашчадак Кантараў.
Яшчэ адной пасажыркай «Тытаніку» зь Беларусі была Джэні Дропкін з Магілёва. Яна выжыла, і памерла ў Нью-Ёрку ў 1952 годзе.