На днях у Віцебску затрымалі намесьніка старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргея Ярмыкіна, паведамляе Tut.by. Дадзеную інфармацыю пацьвердзілі некалькі інфармаваных крыніц.
«Затрымалі Ярмыкіна і яшчэ некалькі ягоных таварышаў. Некаторыя былі раней судзімымі і нідзе не працавалі. Іх падазраюць у махлярскіх дзеяньнях», — сказаў суразмоўца.
Паводле яшчэ адной крыніцы, Ярмыкін і ягоныя таварышы спрабавалі паспрыяць зьмякчэньню пакараньня для былога дырэктара Аршанскага авіярамонтнага і інструмэнтальнага заводаў Уладзімера Троіцкага, якога ў пачатку году асудзілі да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
«Выхваляліся сувязямі і патрабавалі грошы. Завалодалі некалькімі тысячамі даляраў, калекцыяй манэт і ювэлірнымі вырабамі. Але першапачаткова не плянавалі выконваць узятыя абавязацельствы», — сказала крыніца.
Кіраўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч сказаў TUT.BY, што ў гэтай гісторыі «палітыкі дакладна няма».
«Гэта пытаньні камэрцыі і бізнэсу. Але мы пакуль асьцярожныя ў ацэнках. Хай пройдзе праверка, — заявіў Гайдукевіч. — У нашай партыі 50 тысяч чальцоў. Таму ўсялякае бывае. Але я паставіў задачу да 2019 году ачысьціцца і пазбавіцца ад непатрэбных пытаньняў. Каб у партыі былі адны „цнотнікі“ як я», — дадаў палітык.
Сяргей Ярмыкін балятаваўся ў дэпутаты, зьяўляецца старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі Лібэральна-дэмакратычнай партыі (ЛДП).