Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газы», «пракачка», «пераварот» — усё пра дзедаўшчыну ў Печах


Вайсковы гарадок Печы, архіўнае фота
Вайсковы гарадок Печы, архіўнае фота

Што такое «прапісаць сабаку», колькі каштуе зайсьці ва «Ўкантакце» і што абавязкова прынесьці сяржанту з крамы — салдаты ўголас распавядаюць, як у Печах была наладжаная дзедаўшчына.

Больш за 50 чалавек прызнаныя пацярпелымі па справе аб сьмерці салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Амаль усе яны працягваюць служыць у войску ўжо ў іншых частках. Працэс пачаўся 8 жніўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску.

«Прапісаць сабаку»

Удар наском берца ў галёнку. Прымяняўся сяржантамі ў дачыненьні да падначаленых салдат. Ніхто з апытаных на судзе вайскоўцаў ня змог патлумачыць, чаму такі ўдар мае менавіта гэтую назву. Вынік удару мог быць розны, у залежнасьці ад яго сілы. «Прапісвалі сабак», па словах пацярпелых салдат, усе трое абвінавачаных сяржантаў.

«„Сабаку“ ад сяржанта можна было атрымаць за дробную правіннасьць, — расказаў шараговец Яўген Краскоўскі. — Аднойчы я палаяўся з саслужыўцам, сяржант пачуў і ўдарыў мяне берцам у галёнку. Яшчэ быў выпадак, калі я спатыкнуўся на пляцы, таксама „сабаку“ атрымаў. Кавы сяржанту не прынёс з крамы — яшчэ „сабака“. Тады, калі гэта адбывалася, я перажываў. Цяпер ужо забылася ўсё».

Салдаты расказваюць, што пасьля ўдараў берцам па галёнцы было балюча, часам да крыві расьсякалася скура, заставаліся сінякі. Ніхто з кіраўніцтва часткі не надаваў пашкоджаньням на нагах шарагоўцаў значэньня.

Удар па шыі

Яшчэ адзін папулярны від пакараньня. Выкарыстоўваўся, калі сяржант быў незадаволены выглядам прычоскі падначаленага яму салдата.

«Па шыі я некалькі разоў атрымліваў, — расказаў Андрэй Сівуха. — За тое, што меў неакуратную прычоску. Не зрабіў так званы „канцік“ — два ўдары. Сяржант біў далоньню, аднак адчувальна. Балела галава».

Такія ж паказаньні далі яшчэ некалькі пацярпелых салдат.

«Пераварот»

Сяржант перакульваў ложак салдата падчас сну. Выкарыстоўвалася гэта за непадпарадкаваньне ці сур’ёзную правіну.

«Газы»

Начныя адцісканьні ўсёй роты ў адгазьніках. Прымянялася прыкладна раз на месяц. Усе апытаныя пацярпелыя расказваюць як мінімум пра два разы, калі «Газы» выкарыстоўваў сяржант Бараноўскі. У адным з такіх выпадкаў прычынай пакараньня стала тое, што адзін з шарагоўцаў пасьля вяртаньня роты з палігону не памыў бачкі для ежы.

«Пасьля адбою сяржант Бараноўскі зайшоў у роту, загадаў усім надзець адгазьнікі і адціскацца, — расказаў на допыце Андрэй Сівуха. — Мы пачалі адціскацца. Як доўга гэта працягвалася, я не магу сказаць. Больш за 15 разоў, напэўна. Аднаму з нас стала дрэнна, тады Бараноўскі загадаў спыніцца і адправіў гэтага салдата ў прыбіральню памыцца. Памыць бачкі з-пад ежы павінен быў адзін з нас, адціскацца сяржант Бараноўскі прымусіў усіх».

«Пракачка»

Адцісканьні ад падлогі ці ад зямлі, заміраньне на паўсагнутых руках. Пра «пракачку» расказваюць усе пацярпелыя салдаты. Прымянялася такое пакараньне ня толькі ўначы пасьля адбою, але і ўдзень.

«Камандаваў „пракачкай“ сяржант Бараноўскі, — расказаў на допыце ў сьледчага шараговец Алег Антаневіч. — Загадаў мне прыняць упор лежачы і лічыў адцісканьні. Часам загадваў спыніцца і замерці на сагнутых руках. Затым працягваў лічыць. Падчас такіх прыпынкаў я адчуваў боль у руках. Адціскацца трэба было 10–15 разоў. Гэта былі зьдзекі».

«Пракачку» сяржанты ладзілі проста ад кепскага настрою ці за дробныя парушэньні.

Падсудныя Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч
Падсудныя Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч

Выкуп за мабільнік

Паводле вайсковага статуту ўсе шарагоўцы пры паступленьні на службу павінны здаць свае мабільныя тэлефоны сяржанту. Ён трымае іх у асобнай скрынцы, карыстацца мабільнікамі салдаты могуць толькі зь яго дазволу раз на тыдзень — у нядзелю. Пры гэтым тэлефон не павінен мець выхаду ў інтэрнэт. З паказаньняў пацярпелых салдат відаць, што летам 2017 году ў Печах прымянялася іншая практыка.

«За тэлефоны мы плацілі, — расказаў Раман Аскерка. — Сяржанты адкрыта не патрабавалі грошы, але ўсе ведалі, што можна заплаціць ім і карыстацца тэлефонам неабмежавана. Толькі ад афіцэраў трэба было хаваць. Афіцэры забіралі тэлефоны, калі бачылі іх у нас. Адкупіцца можна было толькі ад сяржантаў. Звычайны кнопкавы тэлефон „каштаваў“ 20 рублёў, смартфон з інтэрнэтам — 40. Я даў 30 рублёў і карыстаўся мабільнікам, звычайна пасьля адбою. У інтэрнэт можна было выходзіць».

Пра тое, што можна было «выкупіць» свой тэлефон у сяржанта, расказваюць усе апытаныя на судзе салдаты. Большасьць зь іх такой магчымасьцю карысталіся. Часам шарагоўцы скідаліся па 10 рублёў і па чарзе карысталіся адным смартфонам на чатырох.

«Падатак» прадуктамі і цыгарэтамі

Паводле вайсковага статуту, хадзіць у крамы на тэрыторыі часткі шарагоўцы могуць у свой вольны час з дазволу камандзіра. На практыцы дазвол схадзіць у «чыпок» (жаргонная назва крамы ў войску) салдаты просяць часьцей за ўсё ў свайго сяржанта.

«За час службы ў Печах я 18 разоў хадзіў у краму, так мы падлічылі са сьледчым на допытах. Кожны раз я павінен быў нешта прынесьці адтуль сяржантам Бараноўскаму і Скуратовічу, — расказаў у судзе шараговец Фёдар Лагвінкоў. — Цыгарэты, каву, вафлі. Часам мы ішлі ў краму разам зь іншымі салдатамі і тады скідаліся, каб набыць сяржантам цыгарэт. Але 13 разоў я хадзіў адзін, тады набываў па два пакецікі распушчальнай кавы. Для мяне гэта было адчувальна. Мы атрымлівалі каля 9 рублёў у месяц на асабістыя патрэбы, бацькі ня мелі магчымасьці дапамагчы. У краму я хадзіў прыкладна двойчы на тыдзень, харчаваньня ў сталоўцы не хапала».

Як расказваюць пацярпелыя салдаты, адкрыта ніхто зь сяржантаў не прымушаў шарагоўцаў набываць ім цыгарэты, каву і печыва ў краме. Аднак калі нехта з салдат гэтага не рабіў, яму альбо «прапісвалі сабаку», альбо нейкі час не дазвалялі схадзіць у краму. Выключэньне рабілася для Аляксандра Коржыча, якога сяржант Бараноўскі мог адправіць у краму тады, калі яму нечага адтуль хацелася.

«Калі ахвотных пайсьці ў краму не было, Бараноўскі клікаў да сябе Коржыча і ставіў яму задачу пайсьці ў краму і набыць яму нешта, — расказаў пацярпелы Яўген Краскоўскі. — Пра гэта ведалі ўсе ў роце. Коржыч хадзіў у краму празь дзень».

«Нестатутныя традыцыі часткі»

Стаўленьне да дзеяньняў сяржантаў у пацярпелых салдат рознае. «Ён дзейнічаў згодна зь нестатутнымі традыцыямі часткі», — апісаў суду сваё стаўленьне да паводзінаў сяржанта пацярпелы Кірыл Штык. — Падчас службы я быў усім задаволены, у мяне не было прэтэнзій".

Удары, вымаганьне і прымусовыя фізычныя практыкаваньні прымяняліся абвінавачанымі сяржантамі штодня, кажуць салдаты ў судзе. На пачатку працэсу судзьдзя заявіў, што толькі ў дачыненьні да Аляксандра Коржыча гвалт і вымаганьне за тры яго апошнія месяцы ў Печах прымяняліся як мінімум 16 разоў. Маці Коржыча Сьвятлана на другі дзень працэсу паведаміла, што дасылала сыну на картку 50 рублёў кожны тыдзень, акрамя гэтага, ён меў на сваім рахунку 600 рублёў, якія атрымаў у якасьці заробку за апошні месяц працы ў аўтасэрвісе.

Справа Аляксандра Коржыча

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG