Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў працу органаў улады і кіраўніцтва Аршанскага інструмэнтальнага заводу.
Як паведамляе афіцыйнае агенцтва БелТА, Лукашэнка заявіў кіраўніку заводу Ўладзіславу Бардзюкову:
«Ня любіце вы людзей, ня любіце вы завод. Калі ўжо робіце тут нейкую паказуху, зрабіце бардзюр, але навошта ў траву класьці асфальт? Гэта што, культура? Вось за гэта чыноўнікаў і ненавідзіць часам народ — за вашу бесталковасьць і бязладзьдзе».
Далей Лукашэнка згадаў міністра прамысловасьці Віталя Ваўка.
«Хутчэй за ўсё, міністра сюды накіруем да цябе працаваць. У яго выбар адзін: альбо турма, альбо сюды — публічна пра гэта кажу. Пакуль двойка зь мінусам, і да цябе прэтэнзій мора. Ніколі не займайся ашуканствам. Ты малады кіраўнік. Ты тут галоўны. Ня дай бог, я перад новым годам прыеду і маё вока ўчэпіцца недзе за нешта. Ты ведаеш, што будзе», — сказаў Лукашэнка.
Аршанскі інструмэнтальны завод спэцыялізуецца на выпуску рэжучага, дапаможнага і вымяральнага інструмэнту, задавальняе патрэбы машынабудаўнічых прадпрыемстваў.