Альгерд Бахарэвіч змагаецца з вышыванкамі нібы Дон Кіхот зь ветракамі. Прычым ілюстраваны артыкул чым страшнейшымі фоткамі аграглямуру, а зусім не інтэр’ерамі крамы symbal.by. Маніпуляцыя дае вялікую прастору для развагаў пра падменную сутнасьць такой нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, маўляў, надзеў вышыванку — ужо беларус. А гэта ня так, глыбей.
На маю думку, аграглямур і symbal.by — зьявы дыямэтральна супрацьлеглыя, як «ташнілаўка» з караоке і антыкафэ 1387 у Бабруйску. І можна глыбока не паглыбляцца ў сутнасьць, бо эстэтычныя якасьці навідавоку. Але можна й паглыбіцца. І symbal.by і антыкафэ — гэта найперш асьветніцкія пляцоўкі, дзе надзець вышымайку якраз мала, бо тут яна надзяваецца разам з кантэкстам. Гэта кантэкст не 40-гадовай даўніны і цалкам эўрапейскі. Мне жыва ўяўляецца ў такой вышымайцы беларускамоўны швэд Стэфан Эрыксан, і гэта ні разу не Расея, якая шле нам якраз аграглямурныя сыгналы. Мода на вышымайкі — гэта насамрэч рух эстэтыкі супраць рабства. Адзінае, што робіць іх падобнымі, — і тое, і тое — шырспажыў і маскульт.
У прынцыпе эстэтычны погляд тут усё і разводзіць па месцах. Нельга супрацьлегласьці аб’ядноўваць у адно. Памятаю, як пасьля першай хвалі вышымаек народ кінуўся расчытваць арнамэнты, зьявіліся публікацыі спэцыялістаў, узьнікла Тэма. Побач з вышымайкамі ў symbal.by — літаратура, мастацкая, гістарычная, густоўныя альбомы.
Згодны, ня трэба фэтышызаваць сваю нацыянальную тоеснасьць, як і што заўгодна, але эстэтычнае і не выклікае фэтышу, яно кліча да сутворчасьці і да абдумваньня.
І яшчэ адно. Пра дзяцей. Калі мне было 6 гадоў, на мяне ў дзіцячым садку надзявалі вышыванку і я разам зь іншымі танчыў «Бульбу». Гэта на маёй памяці быў ці не адзіны маркер, якім пазначылі, што я беларус. Але ён быў. І была мова ад бабулі ў вёсцы, ад чаго адвучвалі ў горадзе — таксама маркер, яшчэ не ўсьвядомлены. Ага, было яшчэ жаданьне вызваліцца ад беларускай мовы ў школе. Мне казалі: ты ж беларус, павінен ведаць родную мову. Яшчэ адзін маркер. Я да таго, наколькі істотныя гэтыя маркеры ў дзяцінстве і наколькі сёньняшнія дзеці «непрамаркіраваныя» імі, калі ў менскай школе на Дзень маці хорам пяюць пра «родные невские мосты» і не гучыць ні слова па-беларуску. Мне далібог хочацца надзець на іх вышыванкі. А ўжо насіць іх ці не, яны вырашаць самі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.