Здымкі Натальлі Пяткевіч зь яе мужам, беларускім прадстаўніком у ААН Валянцінам Рыбаковым, у чэрвені разьмясьціў сайт МЗС Беларусі.
Яшчэ некалькі фота Натальлі Пяткевіч у Нью-Ёрку ад 27 ліпеня і 3 жніўня зьмясьціў у сваім твітэры ўласьнік юрыдычнай фірмы зь Нью-Ёрку Раві Батра.
Натальля Пяткевіч як жонка дыплямата, акрэдытаванага ў ААН, можа наведваць Нью-Ёрк як месца разьмяшчэньня міжнароднай арганізацыі, пэрсанальныя візавыя санкцыі ЗША ў гэтым выпадку не прымяняюцца.
Санкцыі ЗША супраць Натальлі Пяткевіч дзейнічаюць з 2006 году, калі яна была намесьніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Санкцыі былі ўведзеныя ўрадам ЗША і Эўразьвязам супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня пасьля масавых рэпрэсій, якімі закончыліся прэзыдэнцкія выбары 2006 году.
9 чэрвеня 2018 году Дональд Трамп падоўжыў санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва, у тым ліку Пяткевіч.